Лех Валэнса апублікаваў дасье на сябе, сабранае камуністычнымі спэцслужбамі. 500 старонак дакумэнтаў паказваюць, як за ім сачылі. Выяўляюць таксама хітрыя мэханізмы распальваньня канфліктаў у апазыцыйных асяродках.

Лех Валэнса апублікаваў у інтэрнэце больш за 500 старонак матэрыялаў з дасье на сябе, якое вялі спэцслужбы камуністычнай Польшчы. Яны былі перададзеныя яму Інстытутам нацыянальнай памяці (IPN). Неўзабаве на сайце зьявяцца яшчэ 100 старонак. Лідэр “Салідарнасьці” заявіў, што не раскрые імёнаў стукачоў і сексотаў, якія за ім сачылі. Хоць сам гэтыя імёны дазнаўся. Гісторыкі IPN іх расшыфроўваюць, і зацікаўленыя асобы маюць магчымасьць азнаёміцца.

Адзін з сакрэтных дакумэнтаў Міністэрства ўнутраных справаў ад 2.09.1985 утрымлівае "плян дзеяньняў па паглыбленьні антаганізму між Г. Валентыновіч і Л. Валэнсам і асобамі, якія групуюцца каля яго".

Былая паплечніца Валэнсы па страйках у Гданьску, кранаўшчыца Ганна Валентыновіч, тады пачала з Валэнсам канфліктаваць. Цікава, што яна дагэтуль абвінавачвае Валэнсу, што ён быў агентам СБ — камуністычнай Службы бясьпекі.

Валэнса прызнаў, што сам не пасьпеў добра перачытаць усе паперы з свайго дасье і апублікаваў іх "без цэнзуры". І паабяцаў, што гатовы вытлумачвацца наконт усяго, што там утрымліваецца.

На думку Валэнсы, у матэрыялах ясна прасочваецца, як некаторыя калегі па падпольлі, тая самая Валентыновіч, а таксама муж і жонка Гвязды, паддаліся маніпуляцыям СБ.

— Я казаў ім: "чулі, вас выкарыстоўваюць, вы дурасьці мелеце", а яны ўсё сваё малолі, і тут відна, як яны далі затлуміць сабе галовы, — заявіў Валэнса ва ўласьцівай яму свойскай манеры. — Цяпер я во пабачыў, як тыя гаўнаробы іх настрапалілі”.

Асабліва сакрэтны дакумэнт Бюро дасьледаваньняў Службы бясьпекі МУС ад 18.10.1985 — "Плян дзеяньняў у рамках апэрацыйнай камбінацыі псэўд. +МЕШКА+" — утрымлівае ў тым ліку такія запісы:

"I. У апошні час Г. Валентыновіч узмацніла дзеяньні, якія дыскрэдытуюць Л. Валэнсу у прасалідарнасьцевых асяродках. Усё часьцей разыходзяцца пагалоскі пра неўласьцівыя паводзіны Л. Валэнсы, яго называюць падманшчыкам, круцялём, кар’ерыстам, якога трэба выкрыць.

II. Мэтай дзеяньняў ёсьць далейшае ўпэўніваньне Г. Валентыновіч у перакананьні, што Л. Валэнса далей супрацоўнічае з СБ".

У беларускім руху таксама здараюцца сытуацыі, якія нагадваюць гісторыю Валэнсы й Валентыновіч. Таму гісторыя суседзяў выклікае жывую цікавасьць.

Цалкам дасье Валэнсы можна знайсьці на адрасе http://www.mojageneracja.pl/1980 http://www.lwarchiwum.home.pl

Фота Wprost

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?