Пяць відаў апазыцыі

 

Нашая апазыцыйная эліта (ці элітная апазыцыя), калі жадае паскардзіцца на свой цяжкі апазыцыйны лёс, зазвычай нагадвае, што «народ варты той улады, якую мае». Якасьць улады (і апазыцыі таксама) сапраўды залежыць ад грамадзтва, ягонае палітычнае (і ня толькі) культуры. Той жа народ, што дамінуючым тыпам культуры мае фізычную, мае адпаведных палітыкаў і палітыканаў.

Макс Вэбэр, даючы клясыфікацыю палітыкаў, залучаў іх да наступных відаў: выпадковыя, па сумяшчальніцтве ды прафэсійныя. Да выпадковых ён прылучаў тых, хто бярэ ўдзел у палітычным жыцьці ад выпадку да выпадку, напрыклад, выбарцаў (хацелася б, каб некаторыя з гэтай катэгорыі рабілі гэта як мага радзей). Палітык па сумяшчальніцтве — гэта сябар палітычнае партыі, дэпутат прадстаўнічых (і ня вельмі) органаў, які мае адрозную ад палітычнай прафэсію й займаецца палітыкай у вольны ад працы ці беспрацоўя час. Прафэсійныя ж палітыкі робяць свой занятак сродкам атрыманьня матэрыяльных і нематэрыяльных дабротаў.

З нашай уладай усё зразумела: тыя месцы, якія ў ідэале мусяць займаць прафэсіяналы, насамрэч укамплектаваныя нават і не выпадковымі палітыкамі, а выпадковымі людзьмі і людзьмі па сумяшчальніцтве (але гэта далёка невыпадкова). Таму мне ня хочацца камэнтаваць пададзенае вышэй выслоўе, разважаючы пра ўладу ўвогуле і пра беларускую (антыбеларускую) уладу ў прыватнасьці.

Нашмат больш блізкай і роднай ёсьць для мяне беларуская апазыцыя (зрэшты, не заўсёды такая ўжо й беларуская). Датычна апазыцыі вэбэраўская клясыфікацыя набывае наступны выгляд: апазыцыянэр(-ка) выпадковы(-ая), апазыцыянэр(-ка) па сумяшчальніцтве і апазыцыянэр(-ка) прафэсійны(-ая). Народ жа варты той апазыцыі, якую мае.

Клясыфікацыю апазыцыянэраў варта пачаць зь людзей з прыступамі апазыцыйнасьці (патэнцыйных, але часьцей за ўсё імпатэнцыйных апазыцыянэраў).

Гэты від найбольш распаўсюджаны, але ідэеняўстойлівы. Апазыцыйнасьць для яго ёсьць псыхічным адхіленьнем, якое праяўляецца час ад часу ў выглядзе ўпадзеньня ў апазыцыйнасьць. Хвароба гэтая настолькі небясьпечная, што ейнае папярэджаньне й лекаваньне праводзіцца на вышэйшым дзяржаўным узроўні і нават не празь міністэрства аховы здароўя, а праз МУС, КГБ і МНС. Яны ажыцьцяўляюць вакцынацыю насельніцтва, ізаляцыю распаўсюднікаў вірусу. Але часам гэтыя «санітары» беларускага грамадзтва не пасьпяваюць абясшкодзіць кропкі захворваньня (часьцей за ўсё ў раёнах блышыных рынкаў і славянскіх базараў), а праз тое, што галоўным носьбітам інфэкцыі ёсьць «блыха вашывая звычайная», што перасоўваецца чаўночным шляхам, узьнікае эпідэмія. Для ейнае ліквідацыі спэцслужбы санітарнага кантролю пры ППРБ уводзяць каранцін, ужываючы ў дачыненьні да хворых дэзынфэктанты.

Пры недастатковым наглядзе прыступы апазыцыйнасьці пераходзяць у невылечную чуму эры Лукашэнкі — сындром набытай апазыцыйнасьці чалавека. З паглыбленьнем хваробы апазыцыянэр пераходзіць у наступную катэгорыю нашае клясыфікацыі.

«Адмарозак» — такі цёплы паэтычна-ўзьнёслы назоў даў гэтай катэгорыі рэзанатар Зімоўскі. Гэтыя таварышы (у тым ліку і мае) актывізуюцца з надыходам цяпла (т.зв. «гарачае» вясны), набліжэньнем нацыянальных сьвятаў, чарговымі падпісаньнямі чарговых саюзных дамоваў. Цяпер яны сабе й новую забаўку прыдумалі, абы па горадзе пашвэндацца — Марш Свабоды: была б нагода, а месца знойдзецца (Бангалор не прапаноўваць).

У моманты найбольшай сонечнай і радыёактыўнасьці «адмарозкі» робяцца агрэсіўнымі й небясьпечнымі для ППРБ, таму апошні хаваецца дзе-небудзь у мірных і спакойных Іраку ці Савудаўскай Аравіі. Для астуджэньня найбольш палымяных і гарачых «адмарозкаў» (гэта не аксюмаран) выкарыстоўваецца халодная вада з вадамётаў ці проста ізь Сьвіслачы ці ГУМу. У пэрыяды найбольшай крызы ў жыцьці «адмарозкаў» нашая гуманная, клапатлівая сацыяльна-праўная дзяржава забясьпечвае іх, змагароў з рэжымам, рэжымам пасьцельным, прымусова зьмяшчаючы іх на ўтульныя нары прыёмнікаў-разьмеркавальнікаў санаторна-антысанітарнага тыпу.

«Адмарозкі» — сталыя спажыўцы і распаўсюднікі прадукцыі друкарскага станка (не грашовага). Прадметам іхнага асаблівага гонару ёсьць фотаздымкі ў прэсе, асобныя («Вось гэта — я», іх асабліва любяць лібэралы) або групавыя («Я з групай таварышаў», большым попытам яны карыстаюцца між сацыял-дэмакратаў) і «Мая сям’я» (папулярныя ў кансэрватараў).

Гэтая групоўка апазыцыянэраў валодае найбольшай ідэйнай устойлівасьцю пры няўстойлівасьці псыхічнай, што мае праявы ў асаблівасьцях як грамадзкага, так і асабістага жыцьця. Адным з найбольш інтымных дзеяньняў ёсьць у адмарозкаў праслухоўваньне радыё «Свабода». Пэрыяды асаблівай узбуджанасьці прыпадаюць акурат на час разгону масавых (ці нямасавых) акцыяў і пасьля іх. Рэляксацыя надыходзіць пасьля шматразовага прагляду інфармацыйных праграмаў з чаканьнем: пакажуць ці не? Энэргетычна падсілкоўваюцца адмарозкі творамі айчыннага кінамастацтва. Бэстсэлерам сярод іх стаўся фільм «Як гэта было: бойка на Сьвіслачы» (вытворчасьць кампаніі БТ).

Як бачым, «адмарозкі» схільныя да мазахізму, што праяўляецца яшчэ і ў рэгулярным праглядзе «Рэзанансу» ды іншых забаўляльна-парнаграфічных праграмаў. Небясьпечным адхіленьнем псыхікі стаўся для іх т.зв. «сындром рэзыдэнта» (манія перасьледу). Таму яны вельмі падазрона ставяцца да ўсіх, у тым ліку і да сябе.

«Адмарозьніцтва» характарызуецца яшчэ й прагай вылучыцца, што выклікае такія захворваньні, як «сындром блукаючага форварда» і «сындром Мірона», які характарызуецца жаданьнем вывесіць дзе-небудзь бел-чырвона-белы сьцяг, хаця б у сябе ж на бальконе.

Апроч адмарозкаў, у апазыцыі ёсьць «сэмінарысты» (ня блытаць з навучэнцамі духовае сэмінарыі). На першы позірк папуляцыя гэтага віду даволі шматлікая, а арэал распаўсюджваньня бязьмежны. Але пры больш пільным вывучэньні высьвятляецца, што гэтая тусоўка абмяжоўваецца «трэцім» сэктарам, а найбольшай канцэнтрацыі «сэмінарысты» дасягаюць каля розных NGO, рэсурсавых цэнтраў ды г.д. Пры надыходзе халадоў «сэмінарысты» вылятаюць у вырай (на замежныя сэмінары), бо на тэрыторыі нашае сінявокае Бацькаўшчыны халяўнае харчаваньне робіцца цяжкадаступным, на тэрыторыі ІВВ разгортваюцца цэлыя бойкі за дадатковую порцыю дэсэрту (дзейнічае закон палітычных джунгляў: выжывае самы нахабны, памірае таксама самы нахабны). Разбэшчаныя халяўнай ежай (праз парушэньне правіла: «Сэмінарыстаў» з рук не карміць»), яны амаль цалкам страчваюць здольнасьць самастойна здабываць харчаваньне, таму часьцяком галадаюць. Мэцэнаты, спонсары, грантадаўцы! Вы адказныя за тых, каго прыручылі. Не пакідайце ж «сэмінарыстаў» нашых беларускіх, каб ня ўмёрлі!

На «грантасосах» жа, яшчэ адным тыпе апазыцыянэраў, што здабываюць усе гэтыя гранты, зь якіх жывуць сэмінарысты, трымаецца ўся гэтая халява. Да іх трэба ставіцца вельмі ашчадна, тады яны менш ашчадна будуць ставіцца да грошай. Але я ўжо нешта занадта шмат пра іх нагаварыла — так можна і безь бясплатнага абеду застацца.

Нарэшце, апошні падвід нашых апазыцыянэраў — «лідэры нацыі». Іх ведаюць усе, акрамя той нацыі, лідэрамі якой яны сябе лічаць. Яны любяць патусавацца сярод якіх замежнікаў, хаця б расейцаў, пафатаграфавацца зь імі, папрасіць грошай на разьвіцьцё дэмакратыі і абарону незалежнасьці. Іхныя прозьвішчы заносяць у апытаньні розныя сацыялягічныя службы, каб пасьля вызначыць паводле іх індэкс недаверу да апазыцыі.

Для часткі зь пералічаных катэгорыяў прафэсійных апазыцыянэраў (самі здагадайцеся, якіх) ППРБ выконвае свае канстытуцыйныя абавязкі, зьяўляючыся гарантам існаваньня і забясьпечваючы ім або годнае жыцьцё, або магчымасьць і патрэбу з сабой змагацца. Бо формула дабрабыту простая: чым менш дэмакратыі, тым больш грошай на ейнае разьвіцьцё.

Наталька Базылевіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0