Як лячыць заразу?

Канец вясны – пачатак лета – час студэнцкіх сэсіяў. Ці ёсьць нешта новае ў гэтай справе? – запыталіся мы ў аднаго з студэнтаў тэхналягічнага інстытуту. І пачулі нечаканае:

– Ёсьць. Выкладчыкі ўжо адкрыта называюць суму, якую ім трэба выплаціць за залік.

– І колькі разоў такое было ў вашай групе?

– У нашай пакуль адзін.

– Колькі ж захацеў зарабіць ваш настаўнік?

– З кожнага па тры тысячы. У групе 23 студэнты.

– І вы ўсе аддалі?

– Аддалі, бо дысцыпліна другасная і ніхто яе як трэба не вучыў.

– Але ж такога хапугу лёгка злавіць за руку. Заява ў міліцыю, пазначаныя банкноты, суд...

– Ну, звольняць аднаго, хаця наўрад ці... А дзе гарантыя, што другі будзе не такі і ня стане помсьціць? Нам жа спачатку трэба ВНУ закончыць, дыплёмы атрымаць.

– Дык вы што, так і даруеце яму? Дурны прыклад заразьлівы!

– Не, не даруем. Але спачатку атрымаем дыплёмы. Потым і разьбярэмся. Самі, безь міліцыі.

– Гэта як? Прычакаеце ў цёмным месцы?..

Хлопец усьміхаецца і разьвітваецца.

А мы, крыху зьбянтэжаныя, задумаліся над гэтай незвычайнай сытуацыяй. Відавочна, што студэнты праваахоўным органам не давяраюць. І пачынаюць думаць пра самаабарону ад гэткага нахабства ("выратаваньне тапельцаў – справа рук саміх тапельцаў"). І калі вы пачуеце, што нейкаму выкладчыку ВНУ хуліганы зламалі пару рабрынаў, запыніўшы ў цёмным завулку, дык, магчыма, падумаеце, што хуліганы маюць вышэйшую адукацыю, а пара зламаных рабрынаў – можа й не такая ўжо вялікая кара для злачынцы-ахвяры.

Натуральна, што мы не за самасуд. Але як лячыць хваробу, калі яна набыла ўжо такі пачварны выгляд? Ёсьць шляхі натуральныя: падвысіць прэстыж выкладчыцкай працы адпаведным заробкам, каб у небаракі-выкладчыка не зьяўлялася думкі пра неабходнасьць знайсьці дадатковыя грошы на пракорм сям'і (як бачым, нават з рызыкай для здароўя), ачысьціць праграмы ВНУ ад другасных дысцыплінаў, ня вельмі патрэбных у дадзенай прафэсіі і да т.п. Але гэта ўсё як бы "пакуль не пра нас". Што ж рабіць тут сёньня студэнту звычайнаму і ягоным бацькам? Прапануем чытачам выказаць свае меркаваньні.

Міхась Булавацкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0