Ды-джэй Адраджэньня: другі выпуск

Дзень 1 чэрвеня стаў выпускным для 12 новых Ды-джэяў Адраджэньня, падрыхтаваных на фірмовых маладафронтаўскіх сэмінарах на працягу трох веснавых месяцаў. На ўрачыстым сходзе МФ разам з уручэньнем імянных сэртыфікатаў і прызоў адбылося й паказальнае шоў "духовага спэцназу".

Праграма сэмінараў улучала адмысловыя тэставаньні Ды-джэяў, асновы сыстэмнае працы па ўсім спэктры інтарэсаў моладзі, азы індывідуальнае й масавае псыхалёгіі, тэхналёгіі шоў і public relations, тэле- й радыёэфэкты. Сэмінарыстам давялося прайсьці празь няспынны інтэрактыўны трэнінг, мазгавыя штурмы й выпрабаваньні ў жывой аўдыторыі – кожны зь іх мусіў арганізаваць і правесьці дыскатэку й Шоў Беларушчыны, а таксама выступіць перад поўнай заляй з падрыхтаванай прамовай. Зрэшты, галоўны фокус курсаў заключаўся нават не ў тэхналягічнай падрыхтоўцы: задачай Ды-джэяў Адраджэньня ёсьць пашырэньне нацыянальнай ідэі, спалучэньне беларускае формы з духовым, хрысьціянскім зьместам.

12 пераможцаў курсаў вызначаныя паводле асабістага рэйтынгу. Дарэчы, трэба нагадаць, што першы выпуск Ды-джэяў, што адбыўся год таму, аказаўся надзвычай пасьпяховым: палова зь іх сталі сябрамі Ўправы МФ, некалькі чалавек узначалілі грамадзкія аб'яднаньні й зрабіліся журналістамі, сярод іх і Міс МФ-99.

У сёньняшнім дэсанце пэрспэктыўных хлопцаў і дзяўчат, напэўна, ня менш. Лідэрам курсаў сталіся 17-гадовая Вольга Данішэвіч – кіраўніца маладафронтаўскае прэс-службы й 20-гадовы студэнт юрфаку БДУ Сяржук Лісічонак, які да гэтага 6 гадоў (!) займаўся практычнай псыхалёгіяй. Сярод выпускнікоў – 15-гадовы ліцэіст Сяржук Хадаркевіч, WEB-дызайнэр Андрусь Бандаровіч, пераможца рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі Павал Космач, шахматыст Андрусь Дзенісевіч. Лішне казаць, што кожны з Ды-джэяў валодае кампутарам, адной-двума замежнымі мовамі, займаецца асабістай творчасьцю, і, натуральна, хуткастрэльна размаўляе па-беларуску.

Апроч Ды-джэйскіх курсаў у рамках маладафронтаўскае ініцыятывы "Маладое Адраджэньне" ў менскіх школах і вучэльнях праходзяць шматлікія віктарыны й брэйн-рынгі, дыскатэкі й канцэрты.

Прэс-служба Маладога Фронту


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0