Крок у бездань у "краiне, дзе ўсё рэальна"
Дарагi дружа, прабач, што табе давялося чакаць, пакуль ня скончыўся мой працоўны тыдзень. Я разумею, што проста сядзець дома некалькi дзён – гэта непрыемна, але...
Вось жа сёньня, у выходны, прапаную табе файны маскоўскi мужчынскi адпачынак. Не, у начны клюб мы пойдзем iншым разам. Сёньня мы паедзем на лётнае поле. Навошта? Пазьней усё растлумачу, але адразу магу запэўнiць – не пашкадуеш! Трэба толькi ўзяць з сабою нешта паесьцi i вопратку, якую не шкада трохi запэцкаць.
Вось мы i на Рыскiм вакзале, набываем квiткi да Валакаламску, дзе знаходзiцца сакрэтная вайсковая база (гэта, канечне, жарт). Празь некалькi гадзiн на лётным полi нас ужо сустракае мой знаёмы iнструктар парашутнага спорту! Вось мой сюрпрыз!
Няўжо ты ня рады?! А неяк жа казаў, што вось калi б была магчымасьць паспрабаваць нечага экстрэмальнага, напрыклад, з парашутам сiгануць... Не, браце, словы свае назад ужо позна браць – вось яна – тая самая магчымасьць! Ну, пачалося: "Я не магу, я ня ўмею..." Зараз цябе вывучаць неабходнаму мiнiмуму парашутыста, а калi потым не захочаш выйсьцi з самалёту, дык і дапамогуць!
Што ж, ты ўжо ведаеш, як выглядае парашут, як яго надзяваюць, як трэба выходзiць з самалёту, што рабiць у палёце, як кiраваць парашутам, навошта "запаска" i як ёй карыстацца, i – галоўнае, як прызямлiцца так, каб не паламаць сабе ногi. Усё гэта адбылося за гадзiну. Тэорыя скончылася, хаця... Ці ня трэба расказаць пра пару няшчасных выпадкаў, каб дадаць адрэналiну... А, бачу, што ў цябе яго ўжо хапае. Нiчога, я яшчэ не сустракаў нiкога, хто б на першы скачок iшоў "як у бой".
Адрэналiн i мандраж адначасова – гэта вельмi прыемна!
Нам дапамаглi апрануцца, разьмясьцiлi ў залежнасьцi ад вагi. Трохі непрыемна, ведаю – "сыстэма" (падвеска) ня вельмi зручная рэч, каб у ёй хадзiць па зямлi – яна ж не для гэтага, дый парашут важыць ажно 20 кг. Доўгачаканы момант – пагрузка ў самалёт. Самалёт – АН-2, узору 1949 г. (дарэчы, выпуску – таксама!) з рухавiком ад вайсковага Ла-7. Ты сумняваесься, што ён увогуле зварухнецца зь месца, ня тое што ўзьляцiць? А дарма. Парохкваючы, наш "Кукурузьнiк" паволi пачынае свой разьбег. Твары ўсiх напоўнiлiся трывожным чаканьнем, сьмех ператварыўся ў гiстэрычны, усьмешка "для фота" стала, напэўна, самай iдыёцкай за ўсё жыцьцё. Ну, нiчога – пазьней (але яшчэ не ў наступны раз!) будзе лягчэй.
Пакуль мы так спрабавалi размаўляць, бо з-за рухавiка i каскi гэта даволi цяжка, наш самалёт набраў патрэбную вышыню ў 600 м. Хутка мы ўжо пачнем даваць кругi над "кропкай" – месцам, адкуль па тры-чатыры чалавекi нас пачнуць выпускаць з самалёту. Знаёмая сырэна – сыгнал таго, што трэба падрыхтавацца. Iнструктар адчыняе дзьверы, i ў салён залятае вецер – за бортам 140 км/г. Яшчэ сырэна – першыя чацьвёра становяцца ў чаргу, адзін ужо заняў сваё месца ля выхаду i, гледзячы iнструктару ў вочы, чакае слова-каманды-крыку "Пайшоў!" Дачакаўся. Лёгкi штуршок, i, адпiхнуўшыся нагою ад борту, чалавек зьнiк! А за iм хуценька зьнiклi астатнiя. Iх паглынула глыбокае, бяздоннае i неабсяжнае неба.
А мы паляцелi далей – на другi заход, якi для нас з табою сёньня будзе апошнiм. Iнструктар выбiрае фалы з чахламi ад парашутаў i зачыняе дзьверы. Усё паўтараецца зноў – сырэна i г.д., толькi цяпер перад люкам стаiм мы. Позiрк унiз – на геаграфiчную карту, што пад намi – i зноў на iнструктара. Вiзуальны кантакт, калi сiгаеш з прымусовым раскрыцьцём парашута Д1-5-У (дэсантны, кiраваны), проста неабходны. "Пайшоў!", штуршок. I вось мы ўжо сталi часьцiнкаю неба. Гледзячы на iнструктара i самалёт, якiя хутка аддаляюцца, чакаеш, пакуль раскрыецца парашут. Хаця "чакаеш" – ня той выраз для першага разу – усё настолькi хутка, што нiчога не пасьпяваеш заўважыць, пакуль проста ляцiш у бездань.
Прыемны хлапок – вiсiш у сыстэме – у галаве эўфарыя, "запаска" не спатрэбiлася, хаця гэта яшчэ пытаньне. Не, купал раскрыўся нармалёва i працуе файна. Цяпер можна трошкi адпачыць i пагуляцца, ў межах разумнага, канечне, каб не паляцець куды-небудзь у лес з гэтым файным ветразем, пахiстацца трохi на гэтых незвычайных арэлях. Але не пасьпееш нагуляцца, як ужо трэба рыхтавацца да вяртаньня на "грэшную зямлю". Ёсьць некалькi варыянтаў, але, хутчэй за ўсё, першая пасадка мяккаю ня будзе – зямля, як высьвятляецца, даволi цьвёрдая.
Сустрэча пасьля пасадкi. Нас падабрала спэцыяльная машына ("трупавозка"). А ты, я бачу, не пасьпеў пагасiць купал – вопратка ўся ў траве, працягнула цябе па полi. Але ў гэтым таксама ёсьць кайф. Ну што ж, усе жывыя, трохi падрапаныя, але вясёлыя й поўныя новых уражаньняў. Пачынаецца звыклае – хто што адчуваў, як ляцеў. Можна, вядома, абмежавацца адным словам – эўфарыя! Але ж ты разумееш, што гэтага замала. Дома, заўтра ты зразумееш, што я падбiў цябе на жудаснае глупства, непатрэбную рызыку, але будзеш упэўнены, што гэта таго каштавала.
Твой погляд на жыцьцё трохi зьменiцца, ня кажучы ўжо пра просты позiрк у неба. Неба, якое з гэтага моманту стала для цябе значна большым, чым ранейшае неба. Ты прачынiў таямнiцу яго неабсяжнасьцi i глыбiнi, зьведаў вольную волю i глынуў зь яго кубку.
Гэта наркотык, але не атрута, хутка пачнецца ломка, будзе неабходная чарговая "доза". Вiншую, заўтра ты станеш парашутыстам, а сёньня ў цябе сапраўдны Дзень нараджэньня!
Хаця, трапляюцца й такiя, для каго аднаго разу досыць – з розных прычынаў, але большасьць проста ня можа больш супрацьстаяць магii Неба. Вiншую!
Дзядзька Антось