ЭНЦЫКЛЯПЭДЫЯ ПАПУЛЯРНЫХ ПАМЫЛАК

ЖЫВЁЛЫ

БУСЕЛ – ВЕРНЫ МУЖ

Бальшыня буслоў жывуць стабільнымі парамі, але наш беларускі белы (Ciconia ciconia ciconia – бяз жартаў, гэта ягоны лацінскі назоў) не заўсёды захоўвае сужэнскую вернасьць да сьмерці. Ён вяртаецца з выраю на тыдзень-два раней за леташнюю жонку, займае старое гняздо ды ахоўвае сваю тэрыторыю. Бусьліха, якую ён крыху пазьней вітае ўсхваляваным клёкатам, не абавязкова тая самая, што й год таму, а папросту першая, што патрапіла. Здараецца, што новую гаспадыню застае леташняя, тады бусел роўна й спакойна назірае за іхнай бойкай, а потым робіць і гадуе дзетак разам зь пераможцай. Гэткія акалічнасьці былі даказаныя праз акальцоўку й назіраньне за вялікай колькасьцю птушак. Памылкова й тое, што пакуль бусьліха наседжвае яйкі, будучы бацька здабывае ежу. Насамрэч, яйкі грэе менавіта ён.

ДЗІК – АГРЭСАР

Сюжэт, калі дзік (Sus scrofa) з налітымі крывёю вачыма пільнуе пад дрэвам небараку-паляўнічага пакуль той зьняможацца, можна сустрэць хіба што ў гумарыстычных часопісах ды мультфільмах. Варта крытычна ставіцца й да "праўдзівых" расповядаў грыбнікоў, якіх ці не гадзінамі ганяў па лесе "жахлівы зьвер". Дзік уцякае ад чалавека пры любых абставінах, за скрайне рэдкім выключэньнем, калі сам паранены, абкружаны ці загнаны. Нават дзічыха-маці робіць адно дэманстрацыйныя захады, забясьпечваючы сваім малым некалькі сэкундаў часу для адыходу. Перабольшаная небясьпека й афрыканскага барадавістага дзіка (Pсhacochoerus aethiopicus). У параўнаньні зь беларускім ён, вядома, сапраўдны монстар, але фактаў каб ягоныя аграмадныя іклы прынесьлі якуюсь шкоду людзям не зафіксавана: іхнае прызначэньне – рыць зямлю ды рваць перапляценьні каранёў у дзірване.

ВОЎК – ЛЮДАЖЭР

Гэты зьвер (Canic lupus) у зграі ці адзінаасобна ніколі не нападаў ні на пешых путнікаў ні на экіпажы. Ён ня зжэр ніводнае хворае бабулькі ці дзяўчынкі ў чырвоным каптурку, гэтаксама як і ніводнага сьвятара, што сьпяшаўся скрозь ноч на апошнюю споведзь да кагосьці ў суседнюю вёску. І беларускія параўнальна малыя ваўкі, і сыбірскія ці канадзкія, вагою на паўцэнтнэры, пазьбягаюць чалавека, пры сустрэчы кідаюцца ва ўцёкі, нават калі надзвычай галодныя. Адзіны выпадак, калі воўк можа пагрызьці людзіну (ня толькі воўк, а й ліса ды іншыя зь сямейства псовых, прыкладам дынга, каёт ці собскі сабачка) – гэта захворваньне на інфэкцыйнае шаленства. Але й гэта не напад у простым сэнсе. Бедная жывёліна бяжыць ды кусае ўсё на сваім шляху, ці то камень, ці кол, ці чалавечая нага. Шкода, што наносіцца ваўкамі сельскай гаспадарцы, таксама пераацэненая: часьцей за ўсё на драпежніка сьпісваюць банальныя калгасныя крадзяжы. Дарэчы, ваўкі можа толькі аднойчы-двойчы на год палююць на буйную жывёлу (узімку); астатні час іхны рацыён – грызуны, птушкі ды іншая драбяза.

МЯДЗЬВЕДЗЬ – НЯЎКЛЮДА

Буры мядзьведзь (Ursus arctos), дарэчы, у бальшыні разоў ён чорны, сьветла-жоўты, шэры, рэдка калі буры – жвавы бягун (разьвівае хуткасьць да 55 km/h), выдатны плывец (пераплывае самыя шырокія рэкі), можа пераскочыць паўтарамэтровую перашкоду, прайсьці дзясяткі кілямэтраў густым лесам. Цікавая дэталь: згодна з найноўшымі дасьледаваньнямі археолягаў, мядзьведзь, а не сабака, быў першы прыручаны чалавекам. Старажытныя малюнкі, казкі, сагі сьведчаць пра тое ад Ляпоніі да Чукоткі й далей да Паўночнай Японіі, дзе жыве племя айнаў. Жанчыны айнаў нават давалі цыцку прыручаным мядзьведзянятам нароўні з роднымі дзецьмі. У Аўстрыі, у аднэй зь пячораў быў знойдзены старажытны мядзьвежы загон, дзе ўзрост костак, драпінаў на сьценах сягае каменнага веку. Мядзьведзяў трымалі дзеля трывалых скураў, мяса, лекавых тлушчу й жоўці.

КАЛІБРЫ – КАЛЯРОВЫ КАРЛІК, ШТО СІЛКУЕЦЦА НЭКТАРАМ

Па-першае, усе калібры (сямейства Trochilidae), а іх каля трохсот відаў – чорныя. Тонкі слой празрыстага тлушчу, якім пакрытыя пёры птушкі, у гарачым вільготным паветры трапічнага поясу Паўднёвае Амэрыкі растапляецца, робіцца празрыстым і пры частых махах крылаў пераламляе сонечныя прамяні, расклаўшы іх на сем колераў (прынцып вясёлкі). Па-другое, бальшыня калібры зусім не маленькіх памераў; некаторыя віды сягаюць 21 cm ў даўжыню (бязь дзюбы й хваста). Калібры рухаюць крыламі не як іншыя птушкі, па эліпсе, а робяць імі ў паветры "васьмеркі", прыкладна 200 разоў за сэкунду. Выдаткі энэргіі пры гэтым прапарцыйныя колькасьці энэргіі, якую чалавек мог бы траціць, спажываючы штодзень 140 kg мяса ці 180 kg бульбы. Натуральна, што й абмен рэчываў у калібры ў сотні разоў шпарчэйшы. Хуткае узнаўленьне клетак немагчымае бяз моцнай бялковай падтрымкі, таму ўсе калібры – драпежнікі; нэктар – нешта накшталт дэсэрту ў іхным мэню.

Вадзім КАРЦАЎ,
трактоўны пераклад паводле Людвіга СОЎЧАКА


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0