Новы доктар-музыколяг

28 красавіка пры Ўнівэрсытэце Мічыган, у Энн Арбор, ЗША, сп-ня Марыя Паўля Сурвіла пасьля пасьпяховае абароны дысэртацыі "Аб русалках і рок-сьпевакох: акрэсьленьне сябе й здэфініяваньне нацыі празь беларускую цяперашнюю музыку" атрымала навуковую ступень Доктара Музыкі ў галіне музыкалёгіі.

Каб апрацаваць такую тэму, Марыі Паўлі Сурвіле трэба было правесьці дасьледчую навуковую працу ў Беларусі, у якой яна зроду не была, бо нарадзілася ў Гішпаніі, жыла ў Канадзе, вучылася ў ЗША. Вось жа яна паехала ў Беларусь амаль на цэлы год – 11 месяцаў. У Беларусі яна знаёмілася зь беларускім фальклёрам і сучаснаю беларускаю рок-музыкаю. Гэта было ў 1993 г.

Цяпер Марыя Паўля Сурвіла працуе прафэсарам у Каледжы Вартбург, ЗША. Выкладае музыкалёгію – тэорыю музыкі й падобнае. Яна сябра Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку й Канадзе.

Доктар Марыя Паўля Сурвіла, дачка старшыні рады БНР сп-ні Івонкі Сурвілы й сьветлай памяці Янкі Сурвілы, замужам за Эрыкам Вахманам, таксама доктарам "Performing Arts" – музыкі. Яны маюць паўтарагадовага сынка Антона, які разам з усёй сям'ёй прысутнічаў на ўрачыстай падзеі ўручэньня ягонай маме навуковай ступені доктара.

Вітаем!

Раіса Жук-Грышкевіч, Таронта

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0