ДЫСКАГРАФІЯ

 

“ЦІК-ТАК, ХОДЗІКІ. Песьні для маленькіх беларусаў”. Леанід Пранчак і розныя выканаўцы. “Ковчег”, 1999.

Памятаецца, зьедлівы і з такім дужа індывідуальным пачуцьцём гумару Джагер з групы “Рублёвая зона” неяк перайначыў словы загалоўнай песьні гэтага альбому, прысьвяціўшы тое Тамары Віньнікавай. У выніку песьня пачыналася так: “Цік-так, ходзікі, далі ёй тры годзікі”. Тое, што песьня сталася аб'ектам своеасаблівай пародыі, сьведчыла пра яе безумоўны посьпех у слухачоў у цэлым і ў Джагера ў прыватнасьці. Ня кажучы ўжо пра маленькіх беларусаў, але й пра дарослых, цяпер нават бэльгійцаў, жыхароў краіны, якую асабіста ашчасьлівіў Джагер, пакінуўшы абрыдлую яму рублёвую зону.

Леанід Пранчак – паэт. І нават настаўнік. Кажуць, Міхася Фінберга беларускай мове навучаў, хоць і зь пераменным посьпехам. А яшчэ напісаў тэксты для многіх сапраўды ўдалых песень. А яшчэ яму пашэнціла ў тым сэнсе, што тэксты тыя збольшага трапілі да здольных кампазытараў, у выніку чаго Пранчак, так бы мовіць, уласнымі рукамі ў садружнасьці з Эдуардам Ханком, Зьмітрам Яўтуховічам адліў сабе пры жыцьці колькі ладных бронзавых бюстаў у выглядзе хоць бы той самай песьні пра ходзікі ці “Калыханкі” (“Сьпіць над лесам аблачынка”).

Удалая касэта. Тут і казка табе ёсьць, і песьні ў выкананьні Валер'я Дайнекі, Надзеі Мікуліч, дзетак розных таленавітых і дзядзек-прафэсіяналаў. А пра тое, што такія выданьні для маленькіх беларусаў надзвычай патрэбныя і жаданыя, сьведчыць адзін дарослы факт. Неяк сустрэў у шынку кампанію дзецюкоў па добрым ужо піве. Адухоўленасьць твараў сьведчыла пра тое, што ані Джагера яны ня ведаюць, ані Пранчака і тым больш – Эдуарда Сямёнавіча. Але дзецюкі тыя старанна выводзілі: “Цік-так, ходзікі…” І далей нешта пра “ўродзікаў” і розныя, зьвязаныя зь імі, цёплыя пачуцьці. “Ага! – падумаў я. – І гэтых праняло сапраўднае музычнае мастацтва”.

Вось і мне хочацца, паслухаўшы калі такую касэту, вярнуцца ў дзяцінства і пераканацца, што навокал – суцэльныя маленькія беларусы і няма аніводнага дарослага савецкага пудзілы. Ды, на жаль, сёньня маю магчымасьць адно зьдзяцініцца. Што й раблю.

Цік-так Слухач.

 

I GOTTA MOVE. Група Mojo Blues. “Ковчег”, 1999.

Значыць, так… Пра густы спрачацца ня будзем. Правядзем параўнальны аналіз на прадмет адпаведнасьці блюзавых напояў запатрабаваньням шырокае публікі.

Наліваем шклянку простай гарэлкі і столькі ж – “бакштанкі”. Ці слыннай старадароскай. Не на продаж выгнанай, а для сябе. “Тры бульбінкі”, як вызначаў якасьць напою вялікі знаўца Генадзь Цітовіч. Выпіваем. Пакуль схопіць галаву, думаем, аналізуем.

Напой I Gotta Move, безумоўна, якасны атрымаўся. Усе дзесяць нумароў, зь якіх толькі тры належаць сябрам заходніх саюзаў кампазытараў, гучаць прыстойна і стылёва. Як на закусь – гожы дызайн вокладкі. З Аляксеем Казлоўскім, Ільлём Шэўчыкам ды Андрусём “Філам” Філатавым альбом запісвалі Алена ды Натальля – цукерачкі з дуэту LIN's, а таксама “крамаўцы” – Андрэй Лявончык на клявішных ды Ігар Варашкевіч на губным гармоніку.

Работа прад'юсэра – дык наагул рэдкая для Беларусі па адчуваньні гуку, дынамікі. You Are The Boss – гэта, як мне здалося, менавіта пра Аляксандра Юрчанку Бі Бі Кінг песьню напісаў. Карацей, лепшую праграму ў гісторыі беларускага блюзу і прыгадаць неяк цяжка.

Не, канечне, нешта асобнае такое было… Фрагмэнтамі. Неяк у галаве ўжо круціцца, але ня згадваецца адразу. Ці то ўжо сама галава пасьля дзьвюх шклянак закруцілася, нейкай вінілавай раптам зрабіўшыся. Дык гэта мы пра што? Блюз-шмуз, бяз газу няма джазу…

Ага, I Gotta Move! Вось і пытаюся: якая з тых дзьвюх шклянак лепш прайшла? Безаблічная гарэлка фабрычная ці для сябе зробленая з-падкарчоўка? Вось! А гэта ж я не прапагандай алькаголю займаюся, да ведама Дзяржкамдруку, а параўнальным блюзавым аналізам.

“Можа блюз” – памятаю, гэтак нехта спрабаваў кпіць з назвы групы. Каб аўтар таго жарту мог гэтак іграць, я б прапусьціў той жарт між вушэй. Ведаю, дарэчы, аднаго дзеяча мясцовага шоў-бізнэсу, які ўсіх нашых музыкаў увесь час абражае словамі “усялякія там…” Ён таксама блюз спрабаваў іграць, між іншым. На выхадзе атрымалася нешта такое, што ў вёсках нават на продаж, чужым, не даюць. Кшталту ласьёну “Васілёк”. Непітное, адным словам. Дык Mojo Blues стылем валодае. Адно што гэтая менавіта праграма атрымалася нейкая… як бы гэта… ну, яшчэ па адной!

Во! Я й кажу: фабрычная гарэлка – яна бяз смаку, бяз водару. Вада, адным словам, у сумесі з рэктыфікатам. Свойская ж – на зёлках, праз сэрца прапушчаная, праз душу, смак яе – на ўсё жыцьцё ўспамін! Я, пакуль здольны яшчэ сёе-тое кеміць, прызнаюся: блюз лічу за лепшае слухаць жыўцом, а ня той, што вылізаны ў студыі да апошняе ноткі. Гучаньне I Gotta Move настолькі чыстае, дасканалае, майстэрскае, што так і хочацца запусьціць у яго, гучаньне, якім салёным агурком. Хіба што закусі шкада. Ну не стае мне ў тых запісах душы – і ўсё! Мабыць, усё ж нейкая памылка здарылася: або спадар прад'юсэр мусіў студыйнае стэрыльнае паветра скарэктаваць у дачыненьні да блюзу, або падкруціць на пульце якія гузікі, каб паветра тое напоўнілася чадам гораду, пахамі, галасамі. Або, урэшце, зымітаваць запіс пад жывое ў студыі граньне.

Вось тое быў бы стрэл у “дзясятку”! Ну, тады яшчэ па адной… Хто што жадае. Я асабіста заміж фабрычнай – свойскую, блюзавую. Аўтэнтычную, як той казаў. Як там народ за сталом звычайна сьпявае? It Don't Means Nothing But The Blues. Оў, е-е! За яго! Альбом усё ж дужа добры атрымаўся.

Блюзануты Слухач

 

“УЛЫБКА ЛУНЫ”. Зоя Гарына. “Ковчег”, 1999.

Ведаеце, хто такая Зоя Гарына? Не?! Тады гуляйце, пытаньняў да вас больш няма.

Я – ведаю. Не дзяўчо пісклявае якое. Жанчына! Тых, дарэчы, узросту і досьведу, зь якімі ў “іх” запрашаюць на цырымонію ГРЭМІ прызы ўручаць. Спадзяюся, неўзабаве і Гарына хоць бы нешта айчыннае атрымае. Дарэчы, хто не прачуў: яна намінавалася на “Рок-князёўну” за 1999 год. Хоць па сутнасьці яна блюзавая князёўна, якая сьпявае правільныя песьні няхай сабе і па-расейску, але так, як мала хто і з расейцаў здольны. Сама музыку піша, сама – тэксты. Выступала пару разоў у Менску ў “Стар-клюбе” – супэр! Акампанэмэнт – усяго адна гітара. Альбом жа запісвала з дапамогай розных бразготак ды пішчалак. І голас – вельмі своеасаблівы, манера выкананьня – адметная і непаўторная. Цуд гомельскі, адным словам!

Прычым блюзы яе – гэта зусім ня стогн расчараванай у жыцьці жанчыны, якая ня дала пляну на заводзе, мужык якой п'е, а дзеткі з БПСМ зьвязаліся. Не! Усё і прасьцей, і мудрэй. Ведаеце гэтую мадэмуазэль францускую, якая сьпявае блюз? Не, ня Бэсі Сьміт, а ейную вучаніцу ў дзясятым калене. Дык вось, у яе ў Францыі можа рэальна канкурэнтка зьявіцца, бо, паводле чутак, усюдыісны Аўген Калмыкоў збагрыў Зою Гарыну “пранцузам”, якія надумаліся цэлы тур па краіне зрабіць пад назовам “Зоя і французы”. Між іншым, з блюзамі Гарынай ды на расейскай мове. Во як!

Будзе тое ці не, ужо й ня так істотна. Дастаткова ўжо, што ёсьцека ў Гомелі жанчына, якая марыла “стать ангелом, чтоб научиться летать”. І ў яе тое атрымалася.

Яе музыка ўзьдзейнічае, быццам той прыбор, які выдуманы яе сваяком, інжынэрам Гарыным. Яе блюзы літаральна разразаюць душу на асобныя часткі. У міліцыі тое называюць “расчлянёнка”. У блюзе тое называецца “кайф”. А тое, што яна на “Славянский базар” ня трапіць, – гарантыя! Туды ж наагул добрае ды вартаснае рэдка трапляе. Зоя, між тым, па чутках, другі альбом запісвае. Гэтым разам з групай. Зноў блюзы. Во дасьць, адчуваю, во ўмажа!

Яна – жанчына, якая можа. Прывітаньне Патрыцыі Каас!

Анёльскі Слухач

 

“ТОЛЬКО С ТОБОЙ”. Група “Белорусские Песняры”.

Пасьля скандальнага развалу славутых, клясычных “Песьняроў” на дзьве самастойныя творчыя адзінкі прайшло даволі шмат часу, каб можна было і па бойцы кулакамі памахаць, і на справе паказаць, які з калектываў чаго варты. Новыя “Песьняры” Ўладзімера Мулявіна да гэтага часу ня здолелі стварыць чарговую праграму, спадзеючыся больш на былых удзельнікаў калектыву, “Белорусские Песняры” нядаўна далі нарэшце ў Менску вялікі сольны канцэрт, на якім прэзэнтаваўся гэты самы альбом. Улічваючы, што цяперака за акіянам жывуць чалавек восем з тых, хто некалі выступаў у групе – з-за вялікай цякучкі кадраў – застаецца спадзявацца, што і “Амэрыканскія Singers” што-небудзь удумаюць выдаць на дыску альбо са сцэны.

І гэта будзе нагодай беларускаму шоў-бізнэсу нарэшце патрапіць у кнігу сусьветных рэкордаў! Ажно тры групы з амаль адной назваю ды шмат у чым агульным рэпэртуарам. Гэта ж ня “Ласковый май” з агульнай для ўсіх дваццаці “чосавых” брыгадаў фанаграмай!

Дыск “Белорусских Песняров”, дарэчы, не расчараваў. У асноўным ён зьмяшчае новыя, народжаныя менавіта ў гэтым калектыве творы. Са старой спадчыны – клясыка, якая ў аранжаваньнях стаіць дужа блізка да таго, што рабілі “Песьняры”. Ня дзіва: у гэтых песьнях найчасьцей саліравалі менавіта тыя вакалісты, якія і разьвіталіся з Уладзімерам Мулявіным. Але калі “Алеся” ды “Зачараваная” ў альбоме на месцы ў якасьці пэўнага знаку пераемнасьці традыцыяў, дык “Наши любимыя” сапраўды неяк страціліся ў часе, хоць фанаткі Валер'я Дайнекі бальзакаўскага веку на канцэрце-прэзэнтацыі напэўна не адну насовачку сьлязьмі наталілі.

Ёсьць у альбоме безумоўна ўдалыя песенькі. Найперш загалоўная з узорнай распрацоўкаю вакальных партыяў. Большасьць новых песень напісана Алегам Казловічам, гэткім маленькім пакуль Лучаночкам, які свайму ценю ў таленце, дальбог, не саступае. “Цветок любви”, “Белая черемуха” – годныя і гожыя творы, а апрацоўка народнай песьні пра рэкрута – як з той нізкі даўніх яшчэ апрацовак рытмічных народных твораў, якія здабылі папулярнасьць на тэрыторыі ўсяго былога Саюзу. Адной усяго песьняю адзначыўся ў альбоме басіст Аляксандар Кацікаў, але якой! Гады тры-чатыры таму ён яшчэ ў рамках першасных “Песьняроў” напісаў цэлую праграму на вершы Ларысы Геніюш і нават зрабіў яе запіс. Уладзімер Мулявін, па чутках, нібыта даў згоду на паказ праграмы са сцэны, але толькі як сольнага праекту Кацікава. А ў таго грошай якраз і не было!

Во й ляжыць чарговы ўклад у скарбонку беларускае культуры незапатрабаваны. І толькі цяпер адна песьня, пардон, “На ночлеге” (так на ўкладцы ў альбом, зразумела, выкананай з разьлікам на ўсходні рынак) выйшла на шырокі слухацкі прастор. Такія песьні дадаюць гонару і аўтарам, і выканаўцам.

Мы робімся сьведкамі завочнага спаборніцтва двух калектываў, кожны зь якіх, зразумела, будзе рабіць усе захады, каб паказаць, што менавіта ён зьяўляецца найлепшым носьбітам традыцыяў. “Белорусские Песняры” зрабілі першы ход альбомам “Только с тобой”. Ход у цэлым пераканаўчы. Пра адказ “Песьняроў” нешта нічога не чутно: сакратарка Мулявіна спадарыня Сьвятлана дагэтуль нібыта ходзіць “па пакутах” і ня надта любіць радаваць прэсу навінамі. Анатоль Кашапараў у Штатах любіць Радзіму і ўласную піцэрыю. Леанід Барткевіч, кажуць чуткі, разьвёўся з Вольгай Корбут. Алекс Растопчын у Нью-Ёрку пасьпяхова вучыць амэрыканцаў, як іграць блюз.

Карацей, справа ідзе, што й цешыць. Будзем чакаць навінаў пра ўсіх, без вынятку, песьняроў, незалежна ад іх пашпартнае прыналежнасьці. Бо, па вялікім рахунку, яны ўсе нам дарагія аднолькава.

Беларускі Слухач


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0