Надзея Батурыцкая

Хатні канцэрт

 

Сустрэча праз трыццаць гадоў была сумнай i хвалюючай. Аль-шанскiя могiлкi ў Празе. На сьцiплым помнiку надпiс: MichaL Zabejda 1(14).6.1900--21.12.1981 Belorusky Koncertni a operni pevec a pedagog. Нiжэй: «Мiхась Забэйда, пясьняр беларускi. Жыў песьняй i песьняй даваў людзям радасьць...» Празь дзесяць гадоў зьявiлася прыпiска: Nadezda Kostecka 17.10.1922--10.3.1991.

Гэта яна, Надзея Кастэцкая, вучанiца сп.Мiхала, жонка Лю-бамiра Кастэцкага, кiраўнiка Сметанавага квартэту, на пачатку 1982 году рассылала паве-дамленьнi ў чорных простакут-нiках усiм сябрам i знаёмым.

А здавалася, што ён будзе жыць вечна. Дактары называлi яго фэномэнам, бо й на сёмым, i на восьмым дзясятку ахвотна i прыгожа сьпяваў.

Верыць ня хочацца, i я бягу на Польскую, 12 — гэта зусім недалёка ад таго месца, дзе цяпер знаходзіцца Радыё Свабода. Вось ён, шэры дом ля Рыгровага парку. Забегчы на другi паверх? Мяне сустракае замок з 12 кнопкамi, супраць якiх прозьвiшчы жыхароў. Чытаю i чамусьцi запiсваю. Не, няма сярод iх Забэйды. Павольна iду па Бланiцкай, што вядзе да Iтальянскай. Знаёмай назвы Nad rozhlasem ужо няма, значыць, няма i сталага наведнiка рэстарана...

Пад час гастроляў 1963 году ў Беларусi нам сустрэцца не давялося. Прыйшлося «даганяць» дзядзьку Мiхася ў Празе. Са мной фотаздымак, зроблены ў Менску («дзеля знаёмства», — напiсалi на iм сябры), «Жменя сонечных промняў» Янкi Брыля («беларускаму салаўю, якi пакуль што ў выраi»). Углядаюся ў назвы вулiц, знаходжу патрэбную i нясьпешна падыходжу да пад’езду ягонага дому. Цiсну на кнопку званка побач з шыльдай «Zabejda».

...Маленькi, завалены нотамi, кнiгамi, часопiсамi, лістамі, фотаздымкамi пакойчык нiяк не стасаваўся да пана прафэсара, майстра-вакалiста. Канцэртны раяль, вялiкi прыймач, сэрвант, стол. Замест ложка — канапа. Старое, як Прага, люстра, сьмешная лямпа. I падарункi, узнагароды. Тут i вянкi са стужкамi, i карцiны, i бюст сьпевака, зроблены жонкай яго вучня, i букет пажухлых кветак, i сьвежая лiлея. Стол «засялiлi» беларусы: Нiл Гiлевiч зь сям’ёй, Язэп Семяжон безь сям’i, Максiм Танк, Пiмен Панчанка, Ларыса Александроўская, Рыгор Шырма зь Мiхалам Забэйдам у Карлавых Варах, маладыя Лявон Акаловiч, Вячаслаў Рагойша.

Цяпер у Мiхала Забэйды дзьве «Жменi сонечных промняў»: першую падарыў аўтар. Разгорнуты 10-ы нумар «Полымя» (1965 г.). «Подых навальнiцы» Iвана Мележа чытаў з асаблiвай гордасьцю. «А тыражы нашых часо-пiсаў усё ж растуць», — паведамiў з задавальненьнем.

Напярэдаднi артыст вярнуўся з гастрольнай паездкi ў Польшчу, адкуль прывёз «плыткi» з запiсамi беларускiх i гiшпанскiх песень. Я папрасiла пракруцiць. «З задавальненьнем». Пачаў з «Калы-ханкi», той самай, што прасьпяваў пасьля 20-гадовае разлукi з мацi па звароце з Iталii. Маці Аляксандра тады першы раз слухала сына на канцэрце.

Пазьней сьпявак ня раз вяртаўся да гэтага вечара ў Ружанах. Слухачы захацелi паглядзець на чалавека, якому прысьвячаецца песьня. «Выцягнулi» маму на сцэну», — кажа сп.Мi-хал.

Прозьвiшча мацi — Суміцкая.

Мне цяжка апiсваць яго голас. Але нiколi больш я ня чула столькi душы ў песьнi, нявыказанага смутку i... павагi да слухачоў. Не заўважыла, калi перастала бачыць рэпрадуктар. «Плытка», як кажа Забэйда, спынiлася. «Яшчэ раз?» — правакуе дзядзька Мiхась. «Не, — адказваю, — калi ласка, ня трэба». — «Ты не адна, хто просiць аб гэтым». Я нi пра што не пыталася, проста сядзела. Я нават не глядзела на яго. Я баялася гэта зрабiць.

Мне пара адыходзiць... «Дзякуй за тое, што сарвала мае пляны, у пятнiцу я буду сьпяваць намнога лепш, — неяк вельмi проста сказаў сп.Мiхал i радасна дадаў. — Цяпер я не адзiн! Дзевяць месяцаў не адзiн! Гэта здорава!»

Празь дзень мы iдзем па запрашальным бiлеце на канцэрт баўгарскага хору. «Як жа я?» — запыталася. — «Мне дазволiлi ўзяць з сабой дачку», — адказвае.

Канцэртная заля Жофiн на Славянскiм востраве. Забэйда зьвяртае ўвагу на свой гальштук зь беларускiм арнамэнтам. «Рыгор Шырма падарыў».

Нядзеля, 14 лiстапада 1965 г. Першы выходны, аддадзены сп.Мiхалу. Прапануе: «Хочаш, буду табе братам, дзядзькам?» — «А чаму ня бацькам?» — «Баюся, што забярэш усю маю свабоду». Сьмяемся. Спрабую нешта выпытаць пра яго жыцьцё. Твар робiцца сур’ёзным: «Мая Радзiма, мая мацi, мае сябры — гэта мае песьнi». — «Цi спрабуеце нешта пiсаць?» — «Не, шкадую часу. Пакуль магу, буду выказваць усё песьнямi».

Як жа без Нацыянальнага тэатру? Натуральна, прыняла прапанову дзядзькi «паслухаць маiх былых супрацоўнiкаў з опэры». Давалi «Дзімiтрыя».

На заўтра заплянаваны хат-нi канцэрт. «Благословляю вас, леса» П.Чайкоўскага гучыць моцна i ўрачыста. Круцiм пла-сьцiнку, якая прызнаная лепшай за апошнiя пяць гадоў: Мiхал Забэйда выконвае Моцарта, Глюка.

Чытаю водгукi прэсы на нядаўнiя выступы ў Польшчы.

Мiхалова, Мiлейчыцы, Бельск, Гайнаўка, Саколка, Гарадок, Беласток — там ня проста пабыў Мiхал Забэйда ў часе тыднёвых гастроляў, а «вёў сваiх слухачоў на вяршыню», як пiсала Вера Ляўчук, часам ва ўмовах, калi прыходзiлася сагравацца, расьцiраючы рукi над электрычнай плiткай, што стаяла на сцэне.

I ўсё ж цяжка адразу зразумець, чаму ён адзiн, чаму жыве ў такiм маленькiм пакойчыку, чаму ня едзе ў Менск на сталае жыхарства. Абяцалi, ён казаў, працу ў кансэрваторыi i двухпакаёўку: адзiн пакой для iнструмэнту, другi — для сну. «Ужо i чамаданы падрыхтаваў», — прызнаўся пазьней. «У мяне была вялiкая мэта. Я iшоў да яе ўпарта, ахвяруючы многiм. Хацелася даць людзям як мага больш, бо я бачыў, што iм патрэбнае мастацтва як сродак удасканальваньня сябе, сваёй душы. А жыцьцё ня песьцiла, часта бiла па галаве. Рос адзiн, ня меў нiякай падтрымкi, таму прывык спадзявацца на свае сiлы. Бывалi часы, калi ня верыў у свае здольнасьцi. Так, у Харбiне на два гады закiнуў музычную вучобу. I ўсе ж вярнуўся. Ня мог не вярнуцца, хоць працягваў набываць спэцыяльнасьць юрыста, думаў, спат-рэбiцца, калi нiчога ня выйдзе з артыстычнай кар’еры. Бегаў у Опэрны тэатар на рэпэтыцыi. Марыў і я, як усялякі сьпявак, пра iтальянскую школу. Пачаў зьбiраць грошы. Дзесяць гадоў зьбiраў. I вось Мiлян. Мой настаўнiк — Фэрнанда Карпi, славуты сьпявак i пэдагог. Чатыры гады вучобы зрабiлi мяне самастойным. Канцэртаваў у опэры, выяжджаў у розныя гарады Iталii».

«Мэлёман» (так падпiсаны артыкул у «Беларускай газэце», 1942, № 75) пісаў: «Шэдэўрам вакальнага майстэрства зья-вiлася iтальянская песьня «Spira te pur spirate» («Вейце, вейце») Донаўды, у якой лёгкасьць, успаветранасьць дасягаюць сваёй мяжы, дзе гук сьпевака лунае ў залi, як лягуткi летнi ветрык iтальянскага ўзьбярэжжа, дзе i нарадзiлася гэта цудоўная песьня. Сьпявак выканаў яе так, як можа выканаць толькi чалавек, якi параднiўся з Iталiяй, чалавек, якi запраўды апанаваў усiмi таямнiцамi iтальянскiх ва-калiстаў. I далей: «Што ж сказаць пра родную беларускую песьню? Лепш выканаць яе, здаецца, немагчыма».

Дзядзька Мiхась працягвае.

«Мне прапанавалi застацца ў Мiляне. Але далёка ў Беларусi мяне чакала памiраючая мама. Я ж адзiн у яе застаўся, усе астатнiя шасьцёра дзяцей па-мерлi, хто ад сухотаў, хто яшчэ ад чаго».

Раптам змаўкае i просiць: «Пачытай што-небудзь». I я чытаю, часьцей вершы.

Хатнiя канцэрты сталi звы-клымi, але нiколi не былi звы-чайнымi. Дзядзька Мiхась аднойчы паабяцаў узяць мяне з сабой і на канцэрт, але папярэдзiў: «Перад канцэртам я бываю страшны, табе цяжка будзе ля мяне. Я нiколi нiкога ня браў на свой канцэрт».

Дата прызначаная — 18 лютага (1966 г.). Будзем выступаць у Багданчы, што каля 100 кiлямэтраў ад Прагi. Выяжджаем аўтамабiлем на пачатку пятай вечара. Перад выездам маэстра правярае ноты, яшчэ не-калькi разоў рэпэтуе. Прызнацца, гэта мяне зьдзiўляе, бо песьнi будуць тыя, што сьпяваў дзясяткi, а то й сотнi разоў. Спакаваны канцэртны касьцюм. Едзем. Усю дарогу сп.Мiхал маўчыць, толькi некалькiмi словамi перакiдваецца з акам-панiятарам Губiчкам. Спахмурнелы твар артыста прымушае ўспомнiць пра папярэджаньне i маўчаць. Толькi на наступны дзень высьветлiла, што прычынай, акрамя напружанасьцi, быў акампанiятар, якi не заглянуў у ноты перад канцэртам.

Канцэрт. Дзе дзеўся рахманы, мяккi, дабрадушны дзядзька Мiхась! Строгi маэстра, аказваецца, яшчэ й рэжысэр, i канфэрансье. Кароткiя тлумачэньнi па-чэску, чаргаваньне малазнаёмых мэлёдыяў з папулярнымi, клясыкі й народных песень, на розных мовах. Моцнымi во-плескамi заля патрабуе яшчэ песень на беларускай мове. «Ля-вонiха» павiнна была завяршыць гэты вечар. Яе сьпявала ўся заля.

Мiхал Забэйда гаварыў:

«На кожны канцэрт я iду, як на бой. Мне прыходзiцца змагацца за кожнага слухача. Такiя ўмовы. Мая зброя — мастацтва, а яе трэба чысьцiць i вастрыць рэгулярна. Каб ты ведала, якiя хвiлiны я перажыў у часе гастроляў у Беларусi! Дзяўчаты з Маладачаншчыны кiнулi мне пад ногi ахапак маладога жыта з васiлькамi i сказалi: «Беларускаму салаўю — кветкi нашых палёў». Не, такое не забываецца!»

Менск, Вiцебск, Горадня, Магiлёў, Гомель, Слонiм, Ваўкавыск, Лiда, Баранавiчы...

Нядзеля, 13 сакавiка. Абе-далi ў рэстаране Nad rozhlasem. Чыталi «Жыцьцё Бэтговэна» Рамэна Раляна, «Радыюс дзеяньня» Робэрта Раждзественскага. Глядзелi хакей. Увечары хадзiлi на «Дуэнью» Пракоф’ева.

Празь месяц у Брацiславе цэлы канцэрт беларускай песьнi (i сучаснай лiтаратуры). Акрылены i стомлены вярнуўся з Славаччыны. «Уяўляеш, 24 бе-ларускiя песьнi адсьпяваў!»

14 траўня. Зьдзейсьнiлi экскурсiю на гару Петршын, зь якой вiдаць увесь горад. Праўда, не працаваў фунiкулёр, i мы не паднялiся на самы высокi пункт, але на залатую Прагу ў промнях вечаровага сонца паў-глядалiся з розных бакоў. Доўга разгадвалi, дзе што разьмешчана. Забэйда адразу пазнаў свой Рыгровы парк i мадэрновую агромнiстую будынiну сацыяльнага забесьпячэньня.

Надыхалiся пахамi бэзу, каштанаў, сьвежага сена i даў-нiны. Амаль усё адцьвiтае, але яшчэ вельмi прыгожа. Нiколi ня бачыла такiх гiганцкiх сымэтрычных каштанаў, такога фантастычнага спалучэньня фарбаў у рададэндронаў.

Пасьля вячэры музыка. Слухалi перадачы з «Праскай вясны».

Нечакана прапанаваў: «Давай навучу цябе сьпяваць». Засьмяялася. Але прафэсар глядзеў так сур’ёзна, што я гатовая была паверыць: ён навучыць сьпеву любога.

Чыталi ліст Нiла Гiлевiча: «Замены Вам няма, i ў хуткiм часе не прадбачыцца». Ведаем, што гэта праўда.

Маэстра расказвае з горыччу: «Усюды, дзе бываю, раблю пласьцiнкi, усюды, акрамя Беларусi». Ён усё яшчэ спадзяваўся, што Менская фiлярмонiя, як абяцала, дасьць яму сваю сцэну. На гэтую надзею давалi яму права поўныя захапленьня лісты зь Беларусi ад сяброў, знаёмых i незнаёмых людзей, якiм пашчасьцiла слухаць яго пад час гастроляў вясной 1963-га. Ён верыў моладзi, якая яго моцна тады пацешыла i ўзрушыла.

12 чэрвеня 1966 г. Сёньня дзядзька Мiхась асаблiва добры, прыемны, шчыры, уважлiвы. Абед на Iтальянскай i традыцыйная прагулка па Рыгровым парку. Шукае «сваiх» шпакоў. «Люблю я iх дужа. Яны такiя спрытныя, руплiвыя».

-- Давай зробiм сьвята, — нечакана прапануе.

Выпiлi па кiлiшку чырвонага вiна. Нават сам выпiў (першы раз за восем месяцаў). Потым усё было, як у раi: грэйпфруты, чарэшнi, трускалкi, кампот.

14 чэрвеня. Дзень нараджэньня. Ружы, беларускi ру-чнiк, кнiга Мележа ад Славы Рагойшы i Лявона Акаловiча.

22 чэрвеня. Малая заля Дому мастакоў. Канцэрт песьнi i паэзii Рабiндраната Тагора. Мiхал Забэйда сьпявае па-бэнгальску. «Зьдзiўляесься? — хiтра пытаецца. — Гэта ж 18-я мова, на якой я буду сьпяваць. Нехта адмовiўся, а мне нельга».

Перабіраем паперы. За-трымлiваю ўвагу на дакумэнце, на якім стаіць нумар 18: заключны замежны канцэрт сэзону 1962—63. Мiхал Забэйда — тэнар (народжаны: Беларуская ССР), госьць Мiлянскай i Варшаўскай опэры i Нацыянальнага тэатру, з праграмай песень майстэрскiх i народных усяго сьвету на мовах карэннага насельнiцтва. Нiмбурц, вялiкая заля, пятнiца, 25 красавiка 1963 г. у 19.30.

У праграме 6 цыкляў. Першы прадстаўлены прозьвiш-чамi: Кальдара, Джарданi, Моцарт, Бэтговэн, другi: Сметана, Дворжак, Фiбiх, Чайкоўскi, трэцi: Аладаў, Туранкоў, Траян, Марцiнi, Гурнiк. Пасьля паўзы яшчэ тры цыклі. Перадапошнi ўключае песьню сiбiрскiх вязьняў Каратыгiна, украiнскую Лысенкi, польскую Нававенскага i «Калыханку» ў апрацоўцы Пека.

Натрапiла на брашуру Бакача i Лiсеца «Беларускi сьпявак Забэйда-Сумiцкi i яго радзiма», выдадзеную ў Празе беларускiм культурным таварыствам у 1940 годзе. «Калi ў Кепуры стыхiя голасу забiвае душу, зводзiць усё да нямецкае халоднасьцi, то ў Забэйды-Сумiцкага наадварот — голас разам са словам служыць для выяўленьня ўсiх тых адценьняў, нават самых далi-катных i тонкiх у перажываньнях i настроях, якiя захаваны ў песьнях», — пiсаў Рыгор Шырма («Калосьсе», 1937, № 2(11)).

31 лiпеня. Апошнi тыдзень майго побыту ў Празе. Надвор’е цудоўнае. Апошнi раз глядзiм на панараму гораду. Пады-ходзiм да кiёску з марожаным. «Нiколi ня еў, — прызнаецца Мiхал Iванавiч, — але чаго ня зробiш дзеля зямлячкi».

Сядаем на лаўку. Птушкi ўскокваюць на каленi, на рукi. Заплюшчыўшы вочы, маэстра слухае шэпт лiсьця (быў вялiкi вецер). «Я ў Менску, бачу яго вулiцы, бачу Танка, Шырму, Брыля, Скрыгана, Мележа, Гiлевiча, Лойку, Семяжона, Панчанку...» I раптам: «Добры дзень, мае шпакi».

...Жменя роднай зямлi цяпер ляжыць на месцы яго апошняга прыстанiшча. А можа не апошняга? Ён так хацеў у Беларусь...

Любамiр Кастэцкi апавядае пра апошнiя днi майстра. «Мы прасiлi яго не выходзiць з дому без суправаджэньня. Пась-лiзнуўся. Каб ня гэты пералом, мог бы яшчэ пажыць».


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0