ЭНЦЫКЛЯПЭДЫЯ ПАПУЛЯРНЫХ ПАМЫЛАК

АСОБЫ

 

ДЫЯГЕН ЖЫЎ У БОЧЦЫ

Дыяген (404-325 да н.э.) ніколі ня жыў у бочцы дзеля таго хаця б, што быў філёзафам, а не вар’ятам. Гэтая байка пра папулярнага й аўтарытэтнага ўжо пры жыцьці грэцкага мысьляра, можа мець адну з наступных крыніцаў: 1) Дыяген меў комплекс віны за зьдзейсьненае ў юнацтве злачынства — падробку грошай і таму жыў у неадэкватна ягоным даходам сьціплым дамку, які багатыя атэнцы насьмешліва называлі «піфас» (бочка); 2) Дыяген меў удосталь зайздросьнікаў і ворагаў — адзін зь іх, вядомы філёзаф-апанэнт, аднойчы сказаў: «Чалавек нагэтулькі ліхадумны мусіць жыць у бочцы, бы пёс». Адтуль і пайшло; 3) Калі Дыяген памёр (апошнія гады ён жыў на Крыце), удзячныя тубыльцы паставілі яму помнік — фігуру сабакі з каштоўнага парскага мармуру. А ў тадышняй Грэцыі жытлом для сабак якраз і служылі старыя бочкі. Дыяген наўрад ці здолеў бы, жывучы ў бочцы, прыдумляць і запісваць свае дыялёгі й навучаць ім сваіх славутых вучняў — Кратэса Фэбскага й Міроклеса.

 

АРХІМЭД СПАЛІЎ РЫМСКІ ФЛЁТ

Старажытны вынаходнік не падпаліў рымскі флёт, які асаджаў у 215-212 гадах да н.э. Сыракузы ні аграмаднай лінзай, ні якім іншым шкляным прадметам, бо на той час не існавала сродкаў і тэхналёгіі вырабу такіх прыстасава-ньняў. Але сучаснае мадэляваньне, праведзенае ў 1973 г. грэцкімі вучонымі, прадэманстравала, што з дапамогаю 50 бронзавых люстраў памерам 1 m на 1,5 m, разьмешчаных на вышыні 25 m, скіраваўшы сонечныя прамяні ў адну кропку, можна за дзьве хвіліны падпаліць драўляную лодку, якая знаходзіцца на адлегласьці 40 m. Такім чынам, калі таемная зброя сапраўды існавала, дык магла быць ужытая хіба што супраць аднае-дзьвюх з сотняў рымскіх трыер — лёгкіх трохвёсельных лодак, што падплылі блізка й пачакалі на месцы пакуль іх падпаляць.

 

ВІЛЬГЕЛЬМ ТЭЛЬ ПАЦЭЛІЎ У ЯБЛЫК

Герой не прастрэліў на загад злога старосты Гесьлера яблык, што ляжаў на сынавай галаве, і не сышоў з роднага Бюрглена ў горы, каб ахоўваць сьвятасьць народнай прысягі. Вільгельм Тэль — шкада! — не існаваў наогул нідзе, акрамя народнае легенды XVI стагодзьдзя, як сымбаль барацьбы супраць ненавісных Габзбургаў. Ён не існаваў ні пад сваім імем, ні пад імем Вэрні Штоўфахера з Швіцу, Вальтэра Фюрста з Уры альбо Арнальда з Мэлхата, як яго назвалі ў кантоне Унтэрвальдэне. Не існаваў, але ўсёткі жывы дасюль як легендарны герой у шматлікіх раманах і апавяданьнях (напрыклад, П’ера Маэля), драмах (Фрыдрыха Шылера) і нават опэрах (Джоакіна Расіні). І, вядома, у сьвядомасьці свабодалюбівага швэйцарскага народу.

 

ГАЛІЛЕА ГАЛІЛЕЙ ВЫНАЙШАЎ ТЭЛЕСКОП

Тэлескоп ня быў вынаходніцтвам Галілея (1564-1642). Ён прадаваўся ўжо на зломе XVI і XVII ст. на галяндзкіх кірмашах пад назваю «галяндзкая трубка», а ягонымі вынаходнікамі, хутчэй за ўсё, былі невядомыя вэнэцыянскія шліфоўшчыкі шкла, выгнаныя ў выніку ўнутрыпалітычнага разладу з сваёй краіны. Прафэсар Галілей даведаўся пра навінку, атрымаў ад сяброў ейнае падрабязнае канструкцыйнае апісаньне ды ўласнаручна зрабіў штуку. Галілей, ягоная мужнасьць па-за сумневам, усё ж не казаў у твар інквізыцыі вядомае «Eppur si muove» («Аж яна круціцца»), іначай быў бы неадкладна пакараны сьмерцю. Пратаколы скандальнага працэсу да сяньня захоўваюцца ў ватыканскіх архівах, але вядомы выраз быў знойдзены ня ў іх, а толькі ў 1911 годзе па-мастацку схаваным пад рамаю партрэта вучонага, што быў намаляваны ў 1646 годзе адным з вучняў вядомага тагачаснага мастака Мурылья на замову біскупа Асканья Пікаламіні — сябрука Галілея. Пікаламіні — і ёсьць, гледзячы па ўсім, аўтарам знакамітага выслоўя.

 

ЖУЛЬ ВЭРН — ПАЛЯК

Жуль Вэрн (1828-1905) ніколі ня меў польскіх каранёў, хаця так лічылі некаторыя ягоныя біёграфы. Яны даводзілі, што «вэрн» са старафранцускай перакладаецца як «альха», і сапраўднае ягонае прозьвішча — Аляшкевіч. Гэтая легенда распаўсюдзілася яшчэ пры жыцьці славутасьці зь ягонай жа падачы. У пэрыяд найвышэйшае папулярнасьці маладога аўтара звычайна акалялі журналісты, ахвочыя, як вядома, да сэнсацыяў. Жуль Вэрн, які ня супраць быў пажартаваць, закінуў «качку» ды не абвяргаў яе потым. А ў размовах зь сябрамі ўсялякімі намёкамі культываваў няпраўду; карыстаючыся багатай фантазіяй, прыдумляў гісторыі пра пекных польскіх паненак ды пра свае рамантычныя дачыненьні зь імі. Насамрэч Жуль Вэрн паходзіў са старажытнага брэтонскага роду; ягоны бацька быў юрыстам у горадзе Нант, дзе ў 1828 годзе будучы клясык і нарадзіўся.

 

Вадзім КАРЦАЎ,
трактоўны пераклад паводле Людвіга СОЎЧАКА


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0