Каляндар

 

10 чэрвеня 1925 г. пастановай Савету народных камісараў БССР Янку Купалу прысвоілі званьне народнага паэта Беларусі ў сувязі з 20-годзьдзем ягонай творчай дзейнасьці. У 1925 г. Купала працягваў свабодна выказваць свае думкі. На антыбеларускія тэндэнцыі ў газэце «Савецкая Беларусь» ён адгукнуўся вершам «Акоў паломаных жандар…»

 

13 чэрвеня 1825 г. нарадзіўся Ўолтэр Гант, які вынайшаў бясьпечную шпільку. Містэр Гант мусіў тэрмінова аддаць пазыку — 15 даляраў, аднак грошай да тэрміну не знайшоў. Ягонае становішча было больш чым катастрафічнае. У апошні дзень тэрміну Ўолтэр Гант сеў, добра падумаў і праз тры гадзіны вынайшаў неабходную кожнаму чалавеку драбязу. Ён прадаў патэнт на шпільку за 400 даляраў (па тых часах шалёныя грошы).

 

14 чэрвеня 1800 г. францускія войскі пад кіраўніцтвам Напалеона разграмілі значна большае аўстрыйскае войска пад Марэнга, што ў Паўночнай Італіі. У выніку паразы аўстрыйцы вымушаныя былі пакінуць Паўночную Італію. Тры гады раней з ініцыятывы генэрала Рэчы Паспалітай Яна Дамброўскага былі створаныя польскія легіёны пры францускай напалеонаўскай арміі. Легіёны Дамброўскага ўдзельнічалі ў баях з аўстрыйскай і расейскай арміяй у Італіі. У бітве пры Марэнга легіёны ўдзелу ня бралі. А ў хуткім часе іх перакінулі на Гаіці змагацца з паўстанцамі-тубыльцамі.

 

17 чэрвеня 1900 г. нарадзіўся райхсляйтэр Марцін Борман, адзін з кіраўнікоў нацысцкай Нямеччыны, «цень Гітлера», кіраўнік партыйнай канцылярыі нацыянал-сацыялістаў. У траўні 1945 г., калі савецкія войскі ўжо стаялі ў Бэрліне, Марцін Борман… патаемна зьнік. Куды ён падзеўся, да гэтага часу невядома. Паводле адной з вэрсіяў, ён шчасьліва дажываў свае гады на адной з фэрмаў у Паўднёвай Амэрыцы. У канцы 80-х у савецкай прэсе зьявілася гіпотэза, што Борман быў савецкім разьведчыкам і пасьля капітуляцыі Нямеччыны вярнуўся ў Савецкі Саюз, дзе жыў да сьмерці на лецішчы пад Масквою.

 

Каля 1450 г. памёр Рыгор Цамблак, рэлігійны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Цамблак, выхадзец са знатнага баўгарскага роду і выхаванец канстантынопальскага патрыярха Яўхімія, у 1409 г. пасяліўся ў Кіеве, што быў у складзе Вялікага Княства Літоўскага. Тут у Кіеве ён пазнаёміўся зь вялікім князем Літоўскім Вітаўтам, прыхільнікам стварэньня ў Вялікім Княстве незалежнай праваслаўнай мітраполіі. У 1414 г. з ініцыятывы Вітаўта быў скліканы сабор праваслаўных япіскапаў ВКЛ, які вылучыў Цамблака на пасаду мітрапаліта. Цамблак паехаў у Канстантынопаль, каб там юрыдычна пацьвердзіць прызначэньне, але патрыярх катэгарычна адмовіўся прызнаць яго мітрапалітам. Тады сабор заходнярускіх япіскапаў зацьвердзіў Рыгора Цамблака мітрапалітам кіеўскім і літоўскім. У 1416 г. Цамблак заснаваў у Вільні катэдру, а сваёй рэзыдэнцыяй зрабіў Наваградак. Праз два гады на чале дэлегацыі з трохсот ярархаў выехаў на Канстанцкі сабор, дзе выступіў з прывітальнымі прамовамі ў гонар новага папы Марціна V. Частка вялікакняскіх япіскапаў, як і маскоўскіх праваслаўных дзеячоў адмоўна ўспрынялі стварэньне літоўскай мітраполіі, да таго ж Цамблака абвінавацілі ў хаўрусе з папам рымскім. Пасьля 1419 г. зьвесткі пра яго губляюцца. Паводле адной з вэрсіяў ён пакінуў у тым жа годзе літоўскую катэдру і зьехаў у Малдову, дзе жыў самотна ў манастыры аж да сьмерці ў 1450 г.

 

У 1750 г. у в.Пяцеўшчына ля Менску нарадзіўся Ігнацы Быкоўскі. Ігнацы рана страціў бацьку, і брат аддаў яго ў менскую езуіцкую школу. У 1765 г. Ігнацы Быкоўскі паступіў у піярскую школу ў Віцебску, але скончыць яе не ўдалося. У 1766 г. пасьля сьмерці маці Быкоўскі пераехаў у спадчынны маёнтак на Падольле і заняўся гаспадарчымі справамі. Пасьля паўстаньня Барскай канфэдэрацыі Ігнацы далучыўся да яе, але пасьля некалькіх паразаў у баях з расейскімі войскамі і раненьня Ігнацы Быкоўскі прыходзіць да высновы, што зусім ня ўмее ваяваць і мае патрэбу ў навучаньні. І ён паступае... ў расейскую армію, дзе пад камандаваньнем Суворава і Румянцава бярэ ўдзел у турэцкіх войнах. Пасьля кантузіі ў 1775 г. ён вярнуўся ў Рэч Паспалітую, займаўся перакладамі, перакладаў на польскую мову Вальтэра, Сумарокава, пісаў сэнтымэнталісцкія вершы, паэмы. Ігнацы Быкоўскі пакінуў нам таксама філязофскія творы, дзёньнікі, мэмуары, эпісталярную спадчыну.

Алег Гардзіенка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0