З усёй краіны

 

І ў Пінску — лядовы палац

Будаваць лядовы палац вырашылі на паседжаньні рады дырэктараў Нацыянальнага банку Беларусі ў рамках рэканструкцыі банкаўскага каледжу ў Пінску. Плянуецца, што лядовы палац стане часткай вялікага спарткомплексу, які пабудуе Нацбанк на базе каледжу. Ужо вызначанае месца будоўлі — плянуецца зьнесьці частку дамоў на набярэжнай Піны ў гістарычным цэнтры гораду. На стварэньне праекту пойдзе, кажуць, недзе з год, будоўля зойме яшчэ два гады.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

 

Хлебны бунт у Клімавічах

212 жыхароў Клімавічаў на пачатку чэрвеня падпісалі зварот да старшыні Магілёўскага аблвыканкаму М.Дражына з прашэньнем «вырашыць пытаньне аб зніжэньні цэнаў на хлеб і булкі» ў Клімавіцкім раёне. Бо сапраўды, чаму амаль усё ў крамах Клімавічаў даражэйшае, чым у суседніх раёнах? Мы што, багацейшыя? Ці мо хто лічыць, што кожны клімавец мае кран зь мяцовай вінакурні і з таго — шалёныя грошы? «У Магілёве хлеб таньнейшы на 40%, у Менску — на 50%, у суседнім Крычаве — на 35%», — пішуць жыхары Клімавічаў. Ды пры тым якасьць таго хлебчыка абы-якая. У каго ёсьць магчымасьць, набывае хлеб у Крычаве, Магілёве, Горках, Амсьціславе. Дарэчы, у апошні горад муку завозяць быццам бы з Клімавіцкага камбінату хлебапрадуктаў. І тым большае неўразуменьне выклікала тлумачэньне эканаміста хлебазаводу на мясцовым радыё: маўляў, большы кошт хлеба выкліканы вялікімі энэргавыдаткамі на заводзе. Ці дастаўка мукі за 70 км у Мсьці-слаў робіць выдаткі ніжэйшымі?

М.Шпакаў, Клімавічы

 

Падножны корм мсьціслаўцаў

Кожны бачыў жывёлу, якая пасьвіцца на лузе. Ходзяць сабе кароўкі, шчыплюць пыльную траўку, цешацца сонейкам… Жыхарам усходняй Магілёўшчыны таксама дазваляюць карміць сябе «падножным» кормам. Ахвотныя да бульбы ды цыбулі мсьціслаўцы, напрыклад, могуць атрымаць дзялачку зямлі ў горадзе ці за яго межамі для задавальненьня сваіх фізіялягічных патрэбаў (наталеньня голаду). На сёньня супольная плошча толькі тых сельгаснадзелаў, што знаходзяцца на тэрыторыі гораду, складае 172 гектары. Значыць, пераважная большасьць мсьціслаўцаў харчам забясьпечваюць сябе самі.

 

Касіў Ясь край гасьцінца

Стала ўжо добрай традыцыяй кожнае лета ганяць работнікаў усіх прадпрыемстваў і ўстановаў Чэрыкава і іншых гарадоў усходу Магілёўшчыны з косамі ў руках на лугі і ўзбочыны дарог. Робіцца гэта з мэтай «аказаньня пэўнай дапамогі вяскоўцам», а таксама на дабро саміх жыхароў гарадоў. Мяркуйце самі, гараджане, што за зіму наседзеліся за сталамі й кампутарамі, настаяліся за станкамі й канвэерамі, намахаліся дубіналамі і апэрацыйнымі скальпэлямі, зараз зноў могуць развалёхацца, памахаць косамі і грабелькамі. Спэцрашэньнем Чэрыкаўскага райвыканкаму «да кожнай арганізацыі, установы, прадпрыемства раёну даведзена канкрэтнае заданьне па нарыхтоўцы корму для грамадзкай жывёлагадоўлі з разьліку 100 кг сена альбо 400 кг зялёнай масы на аднаго працуючага».

Андрэй Кузьмін, Крычаў

 

Берасьцейшчына самая матарызаваная

Па колькасьці аўтатранспарту сярод вобласьцяў Беларусі лідэрам Берасьцейшчына. На пачатак году там было 360 тысяч машын і матацыклетаў, а ў Менску — 298 тыс. Праўда, калі на Берасьцейшчыне шмат матацыклетаў, дык аўтамабіляў усё ж найбольш у менчукоў (19,2% ад агулу ў Беларусі), далей па машынах ідзе Берасьцейская вобласьць (16,1%), пасьля Меншчына й Гомельшчына (па 13,8%), Віцебшчына (13,5%), найменшая па колькасьці жыхароў вобласьць Беларусі, Гарадзенская — 12,7% і заўжды адстаючая Магілёўшчына (10,9%).

БАРС

 

Тралейбусам да Рыгі

Беларускі завод «Белкамунмаш» перамог у тэндэры на пастаўку ў Рыгу 10 падвойных тралейбусаў. У тэндэры таксама бралi ўдзел кампанii з Чэхii, Польшчы й Расеi. Але нашы «тралікі» аказаліся найтаньнейшыя.

 

Тэлефон падаражэў на 15%

Цяпер міжгародная размова па Беларусі каштуе 9,4 рублі за хвіліну, па горадзе з хатняга тэлефону — 1,72 рублі. Кошт тэлефоннай магнiтнай карткi на 120 хвiлiн вырас да 765 рублёў. За хвіліну размовы па мабільным тэлефоне цяпер трэ будзе плаціць 76 рублёў.

Між тым падлічылі, што ўсяго за першы тыдзень цэны ў краiне вырасьлі на 3,2%. Значыць неўзабаве даляр, што ўжо доўга трымаецца, скокне. З пачатку ж 2000 году спажывецкiя цэны ў Беларусi ўзраслi на 49,6%. Летась за той самы час цэны ўзрасьлi на 79,5% (у тым за першы тыдзень чэрвеня — на 3,3%).

Б.Т.

 

Царква на праспэкце Рэвалюцыі

У Барысаве з блаславеньня Фiларэта вырашылі ўзьвесьцi яшчэ адну праваслаўную царкву — ў гонар жаўнераў, што загiнулi пад час войнаў, у якiх удзель-нiчала Расея. Пад будаўнiцтва царквы гарадзкія ўлады адвялі пляц на пр.Рэвалюцыi, той самай рэвалюцыi, якая гэтыя цэрквы й разбурала.

Сяржук Салаш, Барысаў

 

Моўная праблема

Студэнта V курсу геаграфічнага факультэту БДУ, лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца, які сёлета мусіў скончыць навучаньне на спэцыяльнасьці «геалёгія», 15 чэрвеня не дапусьцілі да абароны сваёй дыплёмнай працы «Бурштын Беларусі». Дэкан факультэту, Іван Пірожнік, не дазволіў абараняць дыплём, напісаны беларускай мовай у клясычным (тарашкевіцкім) правапісе.

Усе спэцыялісты-геолягі, якія ўваходзілі ў камісію, у тым ліку і акадэмік Р.Гарэцкі, дыплём да абароны былі дапускалі. Яшчэ сьвежая гісторыя з газэтай «Наша Ніва», якая выйграла суд у Дзяржкамдруку за права выдавацца клясычным правапісам. Але Міністэрства адукацыі — іншая парафія. Цяпер Паўлу Севярынцу, які мае амаль усе выдатныя экзамэнацыйныя адзнакі за 5 гадоў навучаньня, пагражае адлічэньне з унівэрсытэту.

Б.Т.

 

Пачаліся летнікі

Асацыяцыя дэмакратычных настаўнікаў «Сонца маладзіковае» з Жодзіна, якая дзейнічае ў межах тамтэйшага аддзяленьня ТБМ-ТБШ, правяла 18-19 чэрвеня скаўцка-фальклёрны летнік для жодзінскай і барысаўскай моладзі. У першы дзень адбыліся скаўцкія спаборніцтвы ў лесе, на другі дзень фальклёрныя калектывы рэстаўравалі сьвята «Троіца» паводле старадаўняга звычаю на пляцоўцы школьнага летніку.

БАРС


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0