тыдзень нашага жыцьця

Танцы на даху

 

Самай нечаканай падзеяй палітычнага тыдня стала добраахвотная адстаўка шэрага кардынала лукашэнкаўскай законатворчасьці, кіраўніка ягонага ГПУ, дзяржаўна-прававое ўправы, Аляксандра Пласкавіцкага. У інтэрвію журналістам Пласкавіцкі заявіў, што «дзеля шэрагу прычынаў немагчыма было вынікова працаваць». А таксама: «У тым выглядзе, у якім ён цяпер існуе, дзяржапарат ад гары да нізу ўпёрся ў ліміт сваіх магчымасьцяў». Сыход Пласкавіцкага быў па-ўрадніцку карцінны: ён напісаў заяву на звальненьне, яшчэ месяц перакантаваўся ў Чырвоным доме, тады пайшоў зусім і даў інтэрвію «Белорусской Деловой Газете» — максымальна карэктнае і прытым надзвычай халоднае і дзелавое, як для беларускіх традыцыяў патэтыкі і кляцьвеннасьці. Сышоў Пласкавіцкі, як робіцца ясна зь ягоных выказваньняў, бо ў адміністрацыі немагчыма было плённа працаваць і бо мала зараблялася. Як Пласкавіцкі сышоў, у яго забралі й дзяржаўную кватэру, да якой ён быў прыпісаны на час працы. Цяпер Пласкавіцкі «ня мае сталага месца жыхарства». Што называецца, «служы пану верне, ён табе перне». Але бяз працы ён наўрад ці застанецца. Бо «гатовы шукаць сабе месца чалядніка ў людзей, што жадаюць мець нейкія канкрэтныя вынікі».

Гэты сыход супаў зь ператрусам у адміністрацыі Лукашэнкі: замест Русакевіча за ідэалёгію зноў будзе адказваць Замяталін. Ілюзіяў тутака ні ў кога няма. Затое прэс-сакратаром Лукашэнка ўзяў сабе маладога й харошага Барысевіча з МЗС. Кіраўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі Мясьніковіч сустрэўся тымчасам з прэсай, каб пазначыць новыя прыярытэты разьвіцьця краіны. БЕЛТА скончыла сваё паведамленьне пра сустрэчу так: «Адказваючы на пытаньне аб стварэньні саюзу Беларусі й Расеі, ён заявіў, што сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі не падлягаюць абмеркаваньню. Яны будуць захаваныя ў поўнай меры». Хто і што, праўда, разумее пад незалежнасьцю, няясна. Цікава, што Лукашэнка штолета ад 95-га году робіць больш ці менш выразныя рэвэрансы незалежніцтву. То па-беларуску выступіць, то надрукуе інтэрвію са згадкамі пра Сапегу, то зь пісьменьнікамі сустрэнецца, то дазволіць захаваць Беларускі ліцэй, то намякне, то паклянецца. Мабыць любоў да Радзімы мае сваё кліматычнае адценьне — надта Менск улетку зялёны, надта ён узімку паскудны й шэры.

Вось і лібэралу Якубовічу, рэдактару «Советской Белоруссии» надаў званьне Заслужанага дзеяча культуры. І палкоўніку Мялюшку, што біў у звон з прычыны сваіх падазрэньняў, што пасаду міністра абароны займае чалавек, залежны ад алькаголю, і таму быў скінуты ў шарагоўцы, вярнуў палкоўніцкія пагоны. Міністэрства абароны, як стала вядома на гэтым тыдні, падпарадкавалася рашэньню Канстытуцыйнага суда пра неабходнасьць інстытуту альтэрнатыўнай вайсковай службы. А кіраўнік вайсковай катэдры Лінгвістычнага ўнівэрсытэту палкоўнік Кастамараў спрабаваў пагрозай звальненьня загнаць у БПСМ чатырох курсантаў. Тыя зацяліся — ня хочам падпісваць душу д’яблу. Пайшлі да рэктаркі. Рэктарка запатрабавала справядлівага вырашэньня спрэчкі. Рэктарка Н.Баранава мае з БПСМ свае рахункі — некалі першыя паўлік-марозавы яшчэ ў 1997-м спрабавалі адчыняць нагамі дзьверы ў яе кабінэт. Таму ў Лінгвістычным да апошняга часу й было толькі 6 пэсээмаўцаў.

Вінцук Вячорка нанёс чарговы візыт у Вільню, дзе спаткаўся з Шарэцкім. Відаць, у Віленскай выбарчай акрузе будзе балятавацца, што так часта езьдзіць.

Беларускі Гельсынскі Камітэт рыхтуецца да зьмены лідэра. Палітычныя манэўры Тацяны Процькі прыйшліся недаспадобы бацькам-заснавальнікам.

У Гомелі выявіліся некалькі выпадкаў малярыі мясцовага паходжаньня, мусілі прадэзынсэктаваць падвалы у палове гораду. Затое ўжо чацьверты год ў Беларусі меншае колькасьць выпадкаў пранцаў. Цяпер хворых толькі 21 тысяча.

У Львове такі ўвялі афіцыйны мараторы на выкананьне расейскамоўных песень. Трэ было б ім яшчэ Чайкоўскага падвесьці пад гэты пункт — ён таксама досыць папсовы. Стогадовы юбілей Забэйды-Суміцкага ў Менску адзначылі аматарскай вечарынай у Доме дружбы з замежнымі краінамі ў прысутнасьці чэскіх і кітайскіх гасьцёў. Лучанкам і Сасноўскім дзела да ўсялякіх там Забэйдаў няма. Ня тым занятыя. У Беластоку фэстываль беларускай культуры сабраў аж чатыры тысячы гледачоў. У Пхеньяне 600 тыс. чалавек выставілі на вуліцы вітаць паўднёвакарэйскага прэзыдэнта — трэба думаць, канец паўночнакарэйскай дыктатуры блізкі. У блаславёным Дамаску разьвітацца з прэзыдэнтам Асадам, што далучыў да Сырыі Лібан, выйшлі мільёны. 25 чалавек задушылася ў цісканіне. Футбольныя заўзятары, што сабраліся ў Бэльгіі, адцягваюцца ў бойках і дэбошах.

А пацешыў усіх гарадзенскі амонавец Іван Дзянішчык. Ён з калегамі затрымліваў фальшываманэтчыкаў Насыравых. Тыя кінуліся ўцякаць машынаю. Ён пасьпеў заскочыць на дах, трымаўся там, хоць машына ляцела 100 км у гадзіну, разьбіў люк на даху машыны, і, як піша Інтэрфакс, «пранік у салён і прымусіў злачынцаў спыніцца».

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0