УВАСКРАШЭНЬНЕ РАГНЕДЫ

 

Сёлета спаўняецца тысяча гадоў, як заснула вечным сном князёўна Рагнеда. Гэтая дата магла б мінуць амаль незаўважанай, каб не паўстала ідэя адзначыць яе нетрадыцыйным чынам – скульптурным пленэрам “Легенда зь пяску”. Пленэр мог бы стацца чарговым зборам мастакоў, каб не найграндыёзьнейшая ідэя, што апанавала выкладніка Рэспубліканскага каледжу мастацтваў (г.зв. Парнату), колішняга “майстроўца” Генадзя Лойку. Пра ідэю ён з ахвотаю распавёў у інтэрвію нашаму карэспандэнту.

 

— Гісторыя праекту сягае таго часу, калі я працаваў мастаком у гістарычна-археалягічным запаведніку “Заслаўе”. Менавіта тады я захапіўся заслаўскімі легендамі й паданьнямі, у прыватнасьці, паданьнем пра тое, што наша першая вядомая князёўна пахаваная ў ваколіцах Заслаўя. У 1991-93 гады я быў у “азгурантуры” – гэтак называліся сярод мастакоў, якія там вучыліся, Творчыя акадэмічныя майстэрні Міністэрства культуры, ачольваныя Заірам Азгурам, гэта было нешта кшталту асьпірантуры. Дык жа там трэба было абавязкова па сканчэньні навучаньня пакінуць сваю працу. Я спачатку абраў тэму Рагнеды й Ізяслава, дзеля таго каб зрабіць помнік для Заслаўя. Але чамусьці ў мяне нічога не выходзіла. Тады аднойчы зайшоў Азгур і, убачыўшы мае нікчэмныя патугі, сказаў: “Рагнеда – гэта жанчына, яе трэба палюбіць, тады атрымаецца”. А праз пэўны час я ўбачыў, як на камбінаце робіць помнік Рагнеды Анатоль Арцімовіч. “Ну, як робіць, дык і паставіць”, – памеркаваў я. І праўда, яго паставілі ля кінатэатру “Сьвітанак”, на самай ускраіне Заслаўя, пры канцы вуліцы Савецкай, куды амаль ніхто з прыезных ня ходзіць. А я тады пакінуў ідэю стварэньня помніка Рагнеды. Да пары.

І вось залетась я ладзіў сваім вучням практыку на пяску. У часе тэй практыкі заданьнем было “адкапаць” зь пяску волатаў – даць магчымасьць дзецям паспрабаваць сябе ў манумэнтальнай скульптуры. Мы знайшлі сьцяну кар’еру ў Заслаўі й “адкапалі” Рагнеду, Сьфінкса ды Сьвінкса – беларускага сваяка славутай эгіпэцкай міталягічнай істоты. Тады ж пастанавілі штогод “адкопваць” розных гістарычных ды міталягічных асобаў, а гэтаксама шторазу “новую” Рагнеду.

 

— А чаму менавіта Рагнеду?

— Бо Заслаўе поўніцца гэтай легендай. Летась нічога не ўдалося зрабіць, а сёлета, у тысячагодзьдзе ад моманту сьмерці славутае палачанкі, трэба зрабіць абавязкова! Гісторыкі ж ня ведаюць, дзе ляжыць Рагнеда, а мы возьмем ды “адшукаем” тое месца, і “адкапаем” князёўну. Кашкурэвіч Тодар сказаў на гэта: “Навошта?! Як ты сьмееш?! То ж князёўна пахавана, ляжыць спакойна, як ты можаш раскопваць?!”, пакуль я не патлумачыў яму, што ўсё мае быць “віртуальна”, зь пяску.

 

— Калі мяркуеце зладзіць гэтае “адкопваньне”?

— 29 чэрвеня група скульптараў выедзе ў Заслаўе для ўладкаваньня, а 30 пачнём капаць. “Адкапаем” 2 ліпеня а трэцяй гадзіне ўдзень. Сотні пакаленьняў даносілі да нас адно легенду пра Рагнеду, і толькі 2 ліпеня надарыцца магчымасьць убачыць яе на свае вочы. Запрашаюцца ўсе. Гэта будзе ўнікальная падзея, бо неўзабаве пясчаная постаць князёўны разьвеецца й зьнікне зноў на тысячу гадоў.

 

— А ці ня будзе перашкодаў з боку заслаўскіх уладаў?

— Што да выкарыстаньня пяску з кар’еру, дык пра гэта дамоўлена з дырэктарам Заслаўскага драбільна-сартавальнага заводу, што ссыпае для сябе пясок у кар’ер. Але пакуль ён ім не патрэбны, дык мы можам вольна з гэтае магчымасьці карыстацца. Дасланыя паперы на Беларускую тэлевізію – спадзяёмся, што й яны прыедуць. Адзінае, што мы з свайго боку патрабуем, гэта каб вялася перадача па-беларуску. Калі будуць знойдзеныя грошы, дык плянуецца арандаваць самалёт, што даў бы магчымасьць усім ахвочым (праўда, за грошы) аглядаць скульптуры з вышыні; для журналістаў гэта мае быць бясплатна. Па ўрачыстым “адкопваньні” постаці Рагнеды будзе зладжаны бардаўскі канцэрт, і, калі на тое будзе ласкавая згода Ларысы Сімаковіч, дык быў бы й выступ ейнага ансамблю “Гось-ціца”.

 

— А як патрапяць ахвочыя наведаць пленэр на ка-р’еры?

— Кар’ер месьціцца ля Заслаўя, за вёскаю Кладачкі. Можна прыяжджаць у Заслаўе цягніком зь Менску, разам зь дзецьмі й сябрамі. Адмыслова запрашаю ўсіх сяброў з «Майстроўні» і “Талакі”. Пэўна, нехта будзе сустракаць усіх прыезных на заслаўскай чыгуначнай станцыі “Беларусь”, гэтаксама пра месца пленэру інфармавацьмуць паказьнікі.

Гутарыў Віктар Мухін

 

P.S. Генадзь Лойка просіць патэнцыйных фундатараў і ўсіх, хто чым-кольвечы мог бы дапамагчы ў ажыцьцяўленьні праекту, зьвяртацца на тэлефон Гістарычна-культурнага музэя-запаведніка “Заслаўе”: 544-11-70.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0