Лісты ў рэдакцыю

 

Вучыце нас працы зь людзьмі

Я ведаю «НН» толькі апошні год. Разам зь ёю я прайшоў усе Маршы, Шляхі, выбары, разам вучыўся, сьвяткаваў і сумаваў. Разам з чытачамі «Нашай Нівы», з усімі тымі, хто ведае пра яе. Засмучае толькі тое, што ведае даволі маленькая суполка, якая калі чаго і намагаецца, дык гэта зусім не пасьпяховага пашырэньня сьветапогляду «НН». Колькі нас, чытачоў? Дзесяць? Дваццаць тысячаў? Гэта людзі, якім ўжо ня трэба ў кожным нумары казаць, што яны беларусы, між тым гэта робіцца паўсюдна. Гэта павінны ведаць не чытачы «НН», чытачы павінны несьці гэтыя веды ўсім! Іншымі словамі, «Наша Ніва» павінна вучыць нас таму, як пашыраць ідэю... Я ведаю, што ў вашым адказе мне будуць такія словы: «Рэдакцыя нікому не навязвае свае думкі. Усе людзі маюць пэўную свабоду выбару сваіх дзеяньняў. Кожны павінен рабіць сваю справу. І што калі вы не беларус (не асэнсоўваеце гэтага ўсімі фібрамі), гэта вашыя праблемы»...

І ўсё ж людзям трэба несьці асьвету, што б Вы ні казалі.

Максім Шыбека, Менск

 

Ад рэдакцыі. Самы просты і даступны спосаб пашырэньня — вазьміце дый падпішэце на «НН» свайго сябра, суседа, сваяка. Хай гэта будзе Ваш падарунак да дня нараджэньня ці зь якой іншай нагоды альбо й без нагоды. Зрабеце сюрпрыз. Калі ж кожны сьведамы наш чытач прыцягне да чытаньня «НН» яшчэ, скажам, 10 чалавек, тады й маленькая наша суполка стане большаю, і ідэя пашырыцца.

 

Пра кампанію Solid і рэальнае дзвьюхмоўе

Мяне завуць Сьвятлана, я жыву ў Менску і працую ў Беларускім Гельсынскім камітэце. Праўда, у мяне зьявіліся сумневы, ці магу я кагосьці абараніць, калі не магу аднавіць сваіх уласных правоў? Вось у чым справа. Апошнім часам мяне адмаўляюцца абслугоўваць, калі я чагосьці папрашу па-беларуску. Праўда, далёка ня ўсюль. Але цярпеньне скончылася, калі ўсе апэратары пэйджынгавай кампаніі Solid адмовіліся прыняць паведамленьне. Раней са скрыпам прымалі, але вось сёньня, 23 чэрвеня, ўзялі ды адмовілі. І такімі некультурнымі, халоднымі галасамі, з такімі некультурнымі выразамі! Не хацелася б падаваць у суд ці пікетаваць кампанію, у мяне мала часу. Магчыма, гэтыя паненкі ўсё-ткі чытаюць прэсу, хаця я й сумняюся. Прашу Вас надрукаваць ліст. Можа, ім зробіцца сорамна, што яны абражалі мяне й кідалі слухаўку.

Гэта важна, бо ў мяне расьце 9-месячны сын. Як уяўлю, што людзі расейскай культуры і яго будуць дзяўбсьці за тое, што ён чалавек беларускай культуры, мне робіцца моташна. І яшчэ. Мы з мужам касуем дамову з Solid. Магчыма, у Беларусі ёсьць іншая пэйджынгавая кампанія, дзе працуе больш кваліфікаваны пэрсанал, хаця б зь сярэдняй адукацыяй? Мы з мужам хацелі б арандаваць два пэйджэры тэрмінам на год. Мой тэлефон – 256 71 05.

Сьвятлана Курс, Менск

 

Ад рэдакцыі. У такіх выпадках мы раім найперш зьвяртацца да беспасярэдняга начальства непісьменных апэратарак, патрабуючы прабачэньняў або звальненьня апошніх. У скрайніх выпадках варта было б цягнуць іх і ў суд, хоць на гэта беларусам часта не стае ні часу, ні сілы, ні грошай. Дзяржава, на жаль, ніякай моўнай інспэкцыі не стварыла і правоў беларускамоўнага насельніцтва зусім не абараняе, абмяжоўваючыся душэньнем любога крыку паратунку, што прадэманстравала зноў і нядаўнімі папярэджаньнямі «НН». Значыць, поўным вырашэньнем праблемы «паненак» будзе толькі зьмена ўлады з «панскай» на беларускую. Вучыце ж сына, каб ён карка ня гнуў нікому.

 

Вы самі ня ведаеце

Каханенькія, даражэнькія нашаніўцы, дзе ж лёгіка ў вашай унутрырэдакцыйнай дыскусіі наконт удзелу апазыцыі ў выбарах у мінулым нумары? Мяркуйце самі.

Сапраўды, «ідучы на выбары, апазыцыя легітымізуе рэжым, аддае яму легітымнасьць – адзіную на сёньняшні дзень сваю моцную карту – і застаецца ні з чым. Міжнароднае прызнаньне выбараў «у палатку» пацягне за сабою легітымнасьць наступных прэзыдэнцкіх выбараў. Зразумела, што апазыцыя ў палатку не пападзе і, у выніку, яшчэ больш маргіналізуецца. Зразумела таксама, што прэзыдэнцкія выбары зноў выйграе Лукашэнка. Такім чынам, рэжым умацуецца, а апазыцыя лясьне», — як вы пішаце. Ну, думае чытач, які крыху знаёмы з падставамі лёгікі – гэты аналіз падводзіць да думкі пра няўдзел апазыцыі ў выбарах. Карацей кажучы: усе на байкот выбараў!

Ён чытае далей і праз абзац даведваецца, што апазыцыя «мусіць удзельнічаць у выбарах – як у працэсе» (паводле, так бы мовіць, алімпійскага прынцыпу – галоўнае не перамога, а ўдзел; адно дрэнна, што старшыня Алімпійскага камітэту гэтым не прасякнецца, бо ў палітыцы алімпійскія прынцыпы ня надта прыдатныя). Як гэта – ня можа ўцяміць чытач – толькі што быў аналіз, які паказаў, што, «ідучы на выбары, апазыцыя лясьне», а праз абзац яна «мусіць удзельнічаць у выбарах – як працэсе». Абгрунтоўваецца гэты даволі раптоўны паварот наадварот акурат тымі ж аргумэнтамі, якія на карысьць байкоту. «Досьвед паказвае, што ў нас ня кожны студэнт ведае і разумее сэнс слова «мажарытарны». Апроч таго, няма сумневу, што падзелены на два БНФ мае сёньня нашмат меншыя шанцы прайсьці сьпісам, чым асобныя кандыдаты, якія стаяць на пазыцыях БНФ. Няшмат спадзеву і на допуск да СМІ, улічваючы каварства БТ» (і цемрашальства электарату). «…Словам, нельга сказаць, што пералічаныя ўмовы апазыцыі былі б зразумелыя і блізкія народу». Між іншым, нешта ня памятаю, калі штокольвечы дэмакратычнае было блізкае і зразумелае гэтаму, выбачайце, «народу».

У наступным абзацы вы прапануеце пакінуць «толькі адну ўмову ўдзелу-няўдзелу – вызваленьне палітычных вязьняў, дэпутатаў Вярхоўнага Савету». Няўжо вы, дарослыя людзі, верыце, што гэта рэальна? Хіба вам ніхто не казаў, што ў Беларусі няма ніякіх палітвязьняў, а дэмакратыі болей, «чым у Францыі і Англіі ўмесьце ўзятых».

На вашу думку, «новаабраная «палатка», будзе, зразумела, зусім іншай, чым цяперашняя – безгалосая і кішэнная». Цікава, чаму б гэта ёй стаць іншай? Як на маю думку, дык будзе яна такой самай, як цяперашняя. Зрэшты, вы й самі ў першым абзацы пра тое самае кажаце: «апазыцыя ў палатку не пападзе і, у выніку, яшчэ больш маргіналізуецца».

А так бы мовіць «апазыцыя» – хто яны? Лябедзька – «малады прагматык» лукашэнкаўскага разьліву, Шарэцкі – «змагар супраць лукашызму», які падпісваў у Маскве дамову пра супольнасьць у 1996 годзе, Пазьняк – «пасіянарны барацьбіт за незалежнасьць», які праяўляе сваю пасіянарнасьць у Варшаве і Нью-Ёрку «факсамі здалёку», замест у Менску.

Падсумаваць гэты тэатар абсурду можна толькі Купалавымі словамі з 1907 г.:

Куды ні глянеш – людзі, людзі,
Куды ні глянеш – шэльмы, шэльмы,
Куды ні глянеш – б’юцца ў грудзі,
Што значыць: правільныя вельмі.

Валянцін Цітарэнка, Менск

 

Ад рэдакцыі. Праблема ў тым, што й Вы, спадар Цітарэнка, не прапануеце ніякага рашэньня. Ясна, што не анёлы нашы палітыкі, ясна, што мы так і ня ведаем, да якога моманту гатовыя цяперашнія беларускія ўлады гандляваць бацькаўшчынай, ясна, што ўсе іхныя перадвыбарчыя абяцанкі – цацанкі і ня будзе ніякіх СМІ, ніякіх роўных правоў, ніякай чэснасьці. Але што рабіць? Сядзець склаўшы рукі нельга. Палітычная бязьдзейнасьць размывае папулярнасьць ідэяў і палітыкаў. Чакаць – апошні з варыянтаў. Манэўраваць мусова. Мы намацваем, якім можа быць поле гэтага манэўру. Так, каб ні ў якім разе не паставіць пад пагрозу наш апошні набытак – фармальны сувэрэнітэт (ад 1995 году Рэспубліка Беларусь страціла свой беларускі характар і рэальны сувэрэнітэт разам зь ім). Намацваем, якімі могуць быць дзеяньні незалежнага беларускага грамадзтва з тым, каб, з аднаго боку, не аказаўся легітымным орган улады, які б мог ратыфікаваць антыбеларускія акты, а з другога, каб у Лукашэнкі і незалежніцкага крыла ў ягоным атачэньні было таксама як мага шырэйшае поле для манэўру і дрэйфу ў бок абароны беларускіх інтарэсаў, нягледзячы на ўсе раней падпісаныя ім антыпатрыятычныя, мамэнтальныя, шкурныя пагадненьні. Мы ўпэўненыя, што апазыцыі трэба ісьці ў народ, мяняючы, асучасьніваючы палітычную плятформу. Іншага спосабу ўплываць на хаду беларускай гісторыі ўва ўмовах, калі толькі 40% насельніцтва чытае хоць якую – дзяржаўную ці незалежную – беларускую прэсу і толькі 20% глядзіць БТ, а астатнія абмяжоўваюцца маскоўскім тэлебачаньнем і фільмамі, мы ня бачым. Не забывайцеся таксама, што палітык мусіць казаць тое, што ад яго чакаюць выбарцы, а рабіць другое – тое, што яму дыктуюць нацыянальныя інтарэсы. Таму не чапляйцеся да палітыкаў, што манэўруюць, гэтак моцна. Бо маем ужо аднаго «чэснага і прамога», у якога што на ўме, тое і на языку, і паглядзіце, у які балаган ён ператварыў дзяржаўнае жыцьцё і ў які бамжатнік – краіну.

 

У ІМЯ АЙЦА, СЫНА І СЬВЯТОГА ДУХА

У гэтым лісьце хацеў бы закрануць тэму, якая мяне, як праваслаўнага беларуса, вельмі хвалюе разам са шматлікімі маімі аднадумцамі. Не сакрэт, што зараз у Беларусі пануе Расейская Праваслаўная Царква. Маскоўская Патрыярхія пры відавочнай падтрымцы сьвецкіх уладаў Беларусі ўзяла на сябе адказнасьць клапаціцца пра душы праваслаўных беларусаў. Заўважым, што такі «клопат» прыйшоў больш за 200 гадоў таму на штыхах тады царскага войска пад выглядам «вызваленьня» праваслаўных. Аднак, паглядзеўшы на вынік такога духоўнага кіраваньня РПЦ, бачым, што духоўнасьць беларусаў ня толькі не павялічылася, а нават панізілася амаль да нуля. Давайце глянем праўдзе ў вочы, якая б яна горкая ні была: у пераважнай большасьці беларусаў няма ўвогуле аніякай веры. Беларусаў нават паганцамі няможна назваць, бо і паганства прадугледжвае рытуалы і правілы, якіх трэба прытрымлівацца.

Аскудненьне веры і сэкулярызацыя Царквы яскрава выяўляюцца ў адступленьні ад кананічнага ўпарадкаваньня Царквы і формаў царкоўнага жыцьця. РПЦ сёньня ня мае выразнай арыентацыі на непахісную аснову ўсяго зямнога быцьця Царквы — Апостальскія правілы, Сем Усяленскіх і Дзевяць Памесных Сабораў і вучэньне Сьвятых Айцоў. Пры ўсёй тэарэтычнай прысутнасьці вышэйпазначанага, за прыкладам таго, як усё адбываецца на практыцы, далёка хадзіць ня трэба. Возьмем Тайну Хросту.

Чалавек прыходзіць у Храм, плаціць грошы па таксе, слухае кароткую лекцыю «про Православие», яму паліваюць галаву вадой над купельлю і ён — хрышчаны. Але ж ён, на жаль, не становіцца хрысьціянінам, 99% такіх хрышчаных нават у Храм хадзіць ня лічаць патрэбным. Што ж прадугледжана Сьвятымі Айцамі? Спачатку той, хто хоча хрысьціцца, прыходзіць у Храм, над ім прачытваюцца агалашальныя малітвы, затым зьдзяйсьняецца споведзь (без адпушчэньня грахоў) і з гэтае пары чалавек прымае на сябе ўсе абавязкі хрысьціяніна. Як міне 3-5 гадоў, калі агалошаны пройдзе навучаньне асновам праваслаўнага веравучэньня ў спэцыяльнай навучальнай установе, калі відавочна, што Бога ён шукае, жыве па-хрысьціянску, дастакова навучаны асновам веры — над ім учыняецца Тайна Хросту — поўным пагружэньнем у вялікай купелі ці вадаёме. Вынік пагоні не за якасьцю, а за колькасьцю, вынік сучаснага адступніцтва — прафанацыя таемства, людзі не становяцца хрысьціянамі.

Возьмем яшчэ прыклад: Тайна Пакаяньня, так званы другі Хрост, які суправаджае хрысьціяніна на працягу ўсяго жыцьця. Зноў глянем на сучасную практыку. Чалавек прыходзіць першы раз у Храм, спавядаецца і адразу падыходзіць да Прычасьця, не ўсьведамляючы велічы Таемства, ня маючы страху і не разумеючы, што прыходзіць у Царкву трэба ня некалькі разоў на год, а цалкам і назаўсёды. Сьвятар ня ведае нават — ці вернікі перад ім, ці не. А што можна сказаць аб так званай «агульнай споведзі», пры якой сьвятар пералічвае грахі, а людзі ў думках у іх каюцца, пасьля чаго адзін за адным падыходзяць пад эпітрахілі і бяз споведзі атрымліваюць дазваляльную малітву? Нічога, акрамя таго, што Тайна пры гэтым не зьдзяйсьняецца, яе ўвогуле няма. А ж адным з галоўных момантаў Пакаяньня зьяўляецца вусная споведзь грахоў перад сьвятаром. Важным момантам ёсьць таксама і пакута, якая накладваецца ў тым выпадку, калі грэх глыбока ўкараніўся ў душы таго, хто каецца, і пра якую, на жаль, многія і ня чулі з-за цьмянага ўяўленьня аб духоўным жыцьці ў многіх сьвятароў.

Абмежаванасьць газэтнай публікацыі не дазваляе шырока напісаць пра адкрытую камэрцыялізацыю РПЦ. Крануся яе толькі трохі. Хрыстос двойчы выганяў бізуном гандляроў нават ня з Храму, а з прытвору. Нягледзячы на 76-е правіла VІ Усяленскага Сабору, якое забараняе гандаль у царкоўнай агароджы, нягледзячы на 23-е правіла VІ Усяленскага Сабору, якое называе назначэньне пэўнай платы за зьдзяйсьненьне Таемстваў і Богаслужэньняў сымоніяй, Маскоўская Патрыярхія ніяк не спрабуе зьмяніць заганную практыку, ня хоча вярнуцца да кананічнай пабудовы Царквы.

І такіх прыкладаў зашмат. Якую ж выснову можа зрабіць ісьцінна веруючы праваслаўны беларус? Толькі Беларуская Аўтакефальная Царква можа зьмяніць да лепшага сытуацыю з праваслаўем у Беларусі. Сынтэз паганства і хрысьціянства, пагоня за грашовым даходам, рабалепства перад любой уладай высокага царкоўнага сьвятарства, таптаньне ісьціннага праваслаўнага веравучэньня, калі нават у Расеі РПЦ не зьяўляецца цэнтралізаванай і з аб’ектыўных прычынаў развальваецца, а Маскоўская Патрыярхія ўяўляе дэструкцыйную арганізацыю, якая разбурае расейскую нацыю — не дазваляюць РПЦ Маскоўскай Патрыярхіі, калі б яна нават хацела, станоўча ўзьдзейнічаць на духоўнае разьвіцьцё насельніцтва.

Цяпер Маскоўская Патрыярхія цераз сьвецкія ўлады прыціскае на тэрыторыі Беларусі Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву, не разумеючы, што па аб’ектыўных гістарычных і дагматычных памылках самой Маскоўскай Патрыярхіі яна ня здольная спыніць працэс развалу РПЦ.

Многія сучасныя апазыцыянэры лічаць беларусаў эўрапейскім народам. Але ж ці можа народ быць эўрапейскім, ня маючы нацыянальнай ісьцінна хрысьціянскай Царквы? Гісторыя паказвае, што Эўропа стала Эўропай перадусім дзякуючы Хрысьціянству. Перш чым стаць эўрапейскай нацыяй, давядзецца стаць па сапраўднаму хрысьціянскай.

На жаль, за пяць гадоў рэстаўрацыі галоўнага Храму БАПЦ, Царквы Нараджэньня Найсьвяцейшай Багародзіцы ў вёсцы Сёмкаў Гарадок Менскага раёну, на аб’ект не зьявіўся аніводзін карэспандэнт незалежнай прэсы. Нягледзячы ні на якія цяжкасьці, ісьцінна праваслаўныя беларускія патрыёты працягваюць сваю працу на славу Бога і роднай Беларусі, укладваючы ўсе свае сродкі і час.

Праваслаўны дыякан
Антон Вахрамееў,
Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0