ЛЮСТРА ДЗЁН
Футбольны турнір у Барысаве
З 19 да 21 чэрвеня, на тле Чэмпіянату Эўропы і няўдалых выступаў нацыянальнай зборнай, у Барысаве адбылося сьвята футболу. Пад бел-чырвона-белымi сьцягамi сабралося 10 дваравых камандаў з розных раёнаў гораду. З камандаў было складзена дзьве падгрупы: з 13 да 16 i з 16 да 18 гадоў. Пераможцы атрымалi ў якасьцi прызоў вiдэакасэты з клiпамi беларускiх рок-гуртоў. Лепшая каманда будзе баранiць гонар свайго гораду ў агульнакраёвым футбольным турнiры на «Кубак Незалежнасьцi», якi адбудзецца тут жа, на берагох Бярэзiны 21—22 лiпеня.
Турнiр быў арганiзаваны спартова-турыстычным клюбам «Волат».
Зьмiцер Бародка, Барысаў
Летнік на месцы зьезду
Нясьвіскія ТБМ, МФ і аб’яднаньне моладзі «Вытокі» зладзілі летнік каля вёскі Мікалаеўшчына, дзе 9 ліпеня 1906 году праходзіў першы нелегальны зьезд беларускіх настаўнікаў. На летнік (для чужых — турзьлёт) сабраліся школьнікі зь Нясьвіжу, Гарадзеі, Койданава, Салтанаўшчыны, Сейлавічаў, Астровак. У 30 намётах разьмясьціліся пад сотню шкаляроў і іхных выхавальнікаў. Тры дні луналі над Нёманам бел-чырвона-белыя беларускія і сінія эўрапейскія сьцягі. Праграма была насычаная: вечарына аўтарскай песьні й паэзіі, канцэрт Зьмітра Бартосіка, віктарына «Шоў Беларушчыны», спартовыя спаборніцтвы — навясная пераправа церазь Нёман, праходжаньне пад вадой па нацягнутых вяроўках, валейбол, заплыў на байдарках і эстафэта на роварах. У якасьці прызоў уручалі відэа- і аўдыёкасэты, кнігі (настаўнікі журыліся на недахват сучасных кніг), а таксама камплекты «НН» за 1992—1997 гады.
Янка Цітовіч
Штурм Наваградку
400 удзельнiкаў ваенна-гiстарычных клюбаў зь Беларусi i пяці замежных краінаў сабралiся ў Наваградку, каб на два дні вярнуць яго ў 1314 год. У суботу, нягледзячы на навальніцу, прайшлі конныя турнiры i рыцарскiя бойкі, а тэатар беларускай драматургii «Вольная сцэна» прадставіў свае мініятуры. Вечарам адбылася групавая бойка (бугурт) i вялiкі паказ.
У нядзелю гледачы ўбачылі рыцарскi парад i iнсцэнiзацыю падзеяў 1314 году, калi войска крыжакоў на чале з магiстрам Тэўтонскага ордэну Генрыхам фон Плоцке аблажыла Наваградзкi замак i штурмавала яго з дапамогай камнямётаў. Для гiстарычнага падабенства на Замкавай гары збудавалі частку драўлянай замкавай сьцяны, якая злучыла надбудаваную вежу «Дазорац» з руiнамi вежаў «Шчытаўкі» i «Касцёльнай». Арганiзавала фэстываль створаная цяпер рэспублiканская ваенна-гiстарычная канфэдэрацыя Lithvania et Ruthenia i Наваградзкi гiсторыка-краязнаўчы музэй пры падтрымцы сталiчнага салёну-магазыну Kettler sport, кампанii «Трэвелiнк-iнвэст», ЗАТ «Офiсныя тэхналёгii» i Лiдзкае фiлiі АТ «Прыорбанк». Застрахавала байцоў менская кампанiя «Бролi».
На фэст сабралася каля дзесяці тысячаў наваградцаў і некалькі тысячаў гасьцёў зь Менску.
Б.Т.
У Серабранцы будзе новы касьцёл
У суботу, на Яна, у Серабранцы высьвяцілі пляц пад новы касьцёл. На асьвячэньні прысутнічалі паслы каталіцкiх дзяржаваў у Беларусі. Дагэтуль вернікі серабранскай парафіі зьбіраліся ў прыстасаваных капліцах.
Тымчасам гарвыканкам не дазволіў сёлета каталікам традыцыйнага крыжовага ходу на сьвята Божага Цела.
Б.Т.
«Птушыны рай» у Полацку
Полацкая габэленшчыца Тацяна Козік рыхтуе вялікую канцэптуальную акцыю «Птушыны рай». Адбудзецца яна 7 ліпеня ў Полацкім музэі кнігадрукаваньня. Акрамя ўласна выставы габэлену, акцыя ўключае паказ мадэлек, адмыслова падрыхтаваных да «Птушынага раю» мясцовымі мадэльерамі, і паэтычны выступ. Мадэлек рыхтуе полацкае мадэльнае агенцтва «Сафія».
Васіль Кроква, Полацак
Клімавічы ў лічбах
Ёсьць выслоўе: «Адзін памерлы — трагедыя, тысячы памерлых — статыстыка». Лічбы самі сабою нічога ня кажуць. Але параўнаньне іх паміж сабой нечакана надае матэматычным вылічэньням іншую якасьць, а зьмест статыстычных табліцаў прачыняе незаўважныя раней тэндэнцыі. Пра гэта сьведчаць зьвесткі перапісаў насельніцтва Клімавіцкага раёну. Калі ў 1979 годзе ў раёне налічвалі 40,7 тыс. чалавек, дык у 1989 годзе — 36,4 тыс., а ў 1999 годзе — 34,1 тыс. Калі ў 1979 годзе ў Клімавічах жыло 36,5% жыхароў раёну, дык у 1989 годзе — 45,4, а ў 1999-м — 51%.
У 1999 годзе ў Клімавічах засталося ўсяго 55 габрэяў. А некалі ж, кажуць, бязь іх было як бяз солі. У 30-х у горадзе працавалі дзьве габрэйскія школы. А ў 1912 годзе з амаль 200 гандлёвых прадпрыемстваў Клімаўшчыны, толькі адно не належала габрэю...
Іншая статыстыка больш аптымістычная: Клімавічы займаюць другое месца ў вобласьці пасьля Магілёва па карыстаньні паслугамі экспрэс-пошты. Гэта, мабыць, з-за лікёра-гарэлачнага заводу такі прагрэс!
Сяржук Аржанцаў, Клімавічы