Зьміцер Падбярэзскі

Песьні аб’яднанай Эўропы

 

Гэта быў найбольш дзіўны з усіх фэстываляў, на якіх мне даводзілася бываць. І рэч нават ня ў тым, што Ірына Дарафеева, якая прадстаўляла на ім Беларусь, засталася бяз звыклага для сябе ляўрэацкага месца. Проста Фэстываль песьні аб’яднанай Эўропы ў Зялёнай Гуры суправаджаўся шэрагам не заўсёды зразумелых абставінаў, якія здаваліся дзіўнымі, нягледзячы нават на тое, што фэстываль быў першы.

 

Зрэжысэраваны фэстываль

Гэта быў дзіўны фестываль ужо таму, што канкурсанты-выканаўцы з эўрапейскіх краінаў не прайшлі праз традыцыйны абрад лёсаваньня. Чарговасьць зьяўленьня на сцэне дыктавала воля рэжысэра — знанага пастаноўшчыка і актора Анджэя Стшэлецкага, які, пры ўсёй павазе да ягонага майстэрства і такту, рабіў на сцэне ня конкурс, а тэлешоў. З задачай ён справіўся выдатна: конкурс прайшоў на адным дыханьні, але жэрабя, упэўнены, унесла б у ягоныя вынікі свае карэктывы.

Гэта быў дзіўны фэстываль таму, што за ўсе тры ягоныя дні адбылася толькі адна прэс-канфэрэнцыя, на якой прысутнічалі шасьцёра сяброў журы і... два журналісты. Праўда, прэса высьветліла ўсё адразу пасьля конкурсу і разьехалася, але зноў жа традыцыйнага прадстаўленьня ўдзельнікаў конкурсу і журы не было і на пачатку.

Гэта быў дзіўны фэстываль яшчэ й таму, што на ўсіх трох ягоных фуршэтах не было, прабачце, ані кроплі сьпіртнога. Вы не спрабавалі закусваць апэльсынавы сок фаршаваным шчупаком? Вельмі цікавы эфэкт. Нарэшце, гэта быў дзіўны фэстываль эўрапейскай песьні, на якім увесь кантынэнт быў прадстаўлены ўсягусенька 9 краінамі: па адным канкурсанце ад Беларусі, Югаславіі, Славаччыны, Нямеччыны, Англіі і Галяндыі, па два — ад Украіны і Літвы, трох чалавек выставіла Польшча. Таму было сваё тлумачэньне, якое можна прыняць, але пры ўмове, калі б фэстываль называўся проста міжнародным. У эўрапейскім жа маштабе ён выглядаў занадта сьціпла.

 

Пройгрыш Дарафеевай

Са мной у Зялёнай Гуры мала хто пагадзіўся, але я асабіста ацаніў агульны ўзровень конкурсу як дастаткова нізкі. Часам было такое ўражаньне, што праз папярэдні адбор прайшлі далёка ня лепшыя выканаўцы, а сьпевакоў з Украіны і Беларусі запрасілі толькі дзеля таго, каб маштаб прадстаўніцтва выглядаў хоць бы ня ўбога.

Так, сваю ролю сыграў і той факт, што пасьля вялікага перапынку былая сталіца савецкай песьні пачала адраджаць фэстывальныя традыцыі ледзь не з нуля. Фэстываль яшчэ не набыў аўтарытэту, у яго пакуль мала хто верыць, ён проста не «раскручаны» ў прэсе і не зьяўляецца прэстыжным. Адсюль — шмат у чым выпадковы характар прадстаўніцтва, некаторыя арганізацыйныя накладкі. А яшчэ — наўрад ці тое было сакрэтам — загадзя вызначаны вынік конкурсу. Выйграць павінен быў паляк. Але тое, што здарылася з Ірынай Дарафеевай, іначай як казусам я назваць не магу: нехта нечага не зразумеў ці ня здолеў растлумачыць.

Мы прыехалі ў Зялёну Гуру раней за ўсіх, яшчэ 6 чэрвеня. Днём пазьней была прызначана першая рэпэтыцыя са славутым аркестрам Big Warsaw Band пад кіраўніцтвам маэстра Станіслава Фіялкоўскага, які суправаджаў конкурс. Прад’юсэр Ірыны Юры Саваш разьлічваў убачыць поўны склад канцэртнага аркестру са струннай групай, якая іграе вызначальную ролю ў партытуры песьні, што выконвала Ірына. Замест гэтага быў няпоўны джазавы бэнд адно з чатырма струннымі. Да таго ж, партытура найскладанейшай песьні «Рэдкi госьць» Ігара Паліводы і Леаніда Пранчака да аркестру чамусьці не дайшла, і калі пан Фіялкоўскі здымаў з фанаграмы партытуру, ён, як сам прызнаўся, нешта наблытаў, у выніку чаго ў першы рэпэтыцыйны дзень аркестар так і ня здолеў нічога сыграць.

Пазьней аказалася, што па складанасьці мэлёдыі і аранжаваньня да гэтай песьні і блізка нічога не было! Гучалі або вельмі звычайныя, зайграныя па аранжаваньнях песьні, або канкурсанты наагул абыходзіліся без аркестру. У падобную сытуацыю, дарэчы, патрапіла і ўкраінка Эльзара Баталава: зь яе словаў, аранжаваньне аркестру змусіла яе сьпяваць зусім ня так, як яна плянавала.

Пан Фіялкоўскі, разумеючы сваю памылку, менш працаваў з Ірынай, групы інструмэнтаў самі рэпэтавалі свае партыі і называлі тую песьню «ўлюбёнай». Дзіўна, але гітарыст так і ня здолеў ні разу выканаць сола па нотах, не заблытаўшыся! Уявіць такое ў нашым канцэртным аркестры немагчыма. І Ірына Дарафеева апынулася ў складанай сытуацыі: на фоне іншых конкурсных песень «Рэдкi госьць» выглядаў ледзь не сымфанічным опусам, які наўрад ці была здольная выканаць рэшта канкурсантаў, дай ім на рэпэтыцыі хоць тыдзень!

Напрыклад, галяндка Акда Шантал, якая зрабілася дыплямантам, чысьценька прасьпявала пад гітарку нешта з трох акордаў і даказала тым самым, што студэнцкая песьня ў яе краіне жыве. Другая дыплямантка, Яна Кіршнер са Славаччыны, працуе ў манеры Земфіры, але бяз пошласьці, сьпявае нямоцным голасам і бярэ публіку хіба што рэхам удзелу ў конкурсе «Міс Славаччыны». Нямецкае рок-трыа Stux наагул абышлося без рэпэтыцыяў і іграла без аркестру класную музыку, у якой, аднак, вакалу як такому месца не было.

Ну, і растлумачце мне тады, як можна адшукаць агульны падыход да ацэнкі выступленьня Дарафеевай і рок-н-рольнай каманды?

Журналіст Марэк Гашыньскі, сябар журы, растлумачыў так:

— Перш за ўсё ацэнцы падлягала выкананьне, а не сама песьня. Мы зьвярталі ўвагу на тое, як канкурсант сьпявае, як трымаецца на сцэне, што ён наагул уяўляе як артыст. Інакш кажучы, браліся ў разьлік голас, стыль, інтэрпрэтацыя, рух — усё тое, з чаго і нараджаецца індывідуальнасьць.

Згодны: голас дык голас. Паляк Самбар Дудзіньскі, які заняў першае месца, багатым голасам не адораны. Ён плястычны, умела кіруе няскладнай фігурай, а для выкананьня выбраў выдатна пастаўлены нумар, які быў бы дарэчы ў кабарэ, але ня ў конкурсе эстрадных вакалістаў. Уладальнікі другой прэміі — літоўская чацьверка B’avaria — выканалі цалкам стандартную MTV-песьню, увесь час пры гэтым разыходзячыся то з аркестрам, то з самімі сабой унутры вакальнай «пачкі». Нарэшце, ляўрэат трэцяй прэміі англічанка Аіда Хэстан, прасьпяваўшы першы куплет, у другім пайшла ў такі вакальны фарсаж, што ацэньваць яго можна было адно як дэманстрацыю моцы голасу, але ня сьпевы. Дый мастацтва рухацца яна не паказала, бо стаяла на месцы. Індывідуальнасьць? Так, ды толькі таму, што яна англічанка, якая ўжо два гады выступае з польскім гітарыстам. Калі б яна была ўкраінкай, напрыклад, прэмія ёй толькі б падміргнула...

Вось і атрымалася, што на тым фоне выступ, скажам, вядомых зь Віцебску югаслаўкі Сьвятланы Слаўкавіч ці ўкраінкі Русланы Лыжэчкі быў бы ў Зялёнай Гуры ўспрыняты як зьява маштабу Ўітні Хьюстан. Бо сьпявалі, па вялікім рахунку, Дарафеева, Баталава ды, зь вялікімі агаворкамі, ляўрэаты. І калі сыходзіць толькі з эстраднай песьні, Эўропа паўстала перад намі практычна пазбаўленым прыгожых галасоў кантынэнтам, на якім шануецца шаблён і цалкам адмятаецца нацыянальная своеасаблівасьць.

Цікава, што на падвядзеньне вынікаў у журы пайшло хвілінаў зь дзесяць. Дарыюш Фрэйман, дырэктар фэстывалю, тое пацьвердзіў:

— Рашэньне журы, мяркуючы па рэакцыі публікі, ідэальна адказвала густам гледачоў.

А я вось думаў, што журы конкурсу эўрапейскай песьні будзе складацца не з адных толькі палякаў. Леграна б сюды, Лучанка якога... Ну, пасядзелі б з паўночы, абсмакталі б косткі канкурсантам. А там, можа, і да ацэнкі вакалу дабраліся пад раніцу...

 

Частыя госьці

Вось жа дзіўная рэч: за ўсе гады існаваньня «Славянскага базару» ў Віцебску чамусьці найбольш яркімі зоркамі эстраднага небасхілу былі расейскія выканаўцы. Зоркі з Захаду зьявіліся ў Віцебску толькі летась, дый то пабляклыя: Сі-Сі-Кэтч па ўзроўні — патрыманая дыскатэчная мадэлька, ня больш.

У Зялёнай Гуры зоркі былі розныя. Мужчынская вакальная група «Пікардыйская тэрцыя» з Украіны ў цэлым менш цікавая за нашу «Камэрату», хоць і выступіла з наагул пацяшальнай праграмай, не спрабуючы ўразіць высокім мастацтвам. Польская група Brathanki карыстаецца надзвычайнай папулярнасьцю ў Польшчы, выконваючы нешта падобнае да нашых «Лепрыконсаў», толькі значна лепш і на фальклёрнай аснове. Польскі квартэт Rampa паказаўся неяк малавыразна. Затое Крысьціна Пронька, якая сьпявае ў джазавай манэры, лёгка прымусіла залю падпяваць у няпростых па мэлёдыях песьнях. Выступіў у Зялёнай Гуры і славуты Крыс дэ Бург. Сьпяваў як звычайна: ня дужа чыста, не заўсёды ўласныя песьні, але ж музыканты ягонай групы — гэта нештачкі! Сапраўдная школа ангельскага року, уражальная сьцяна гучаньня і неверагодная ансамблевасьць!

Ды найбольшае ўражаньне зрабілі «дыназаўры» польскага року — група Budka Suflera, апошні альбом якой прададзены накладам больш за мільён штук! Дзяды, трэба сказаць, без заўважных намаганьняў зрабілі такое шоў, што мала не падалося. Заля дружна скакала на лаўках і падпявала, часам перакрываючы гучаньне кіляват з трыццаць апаратуры. Клясычны гард-рок з прыгожымі мэлёдыямі, якія яшчэ раз засьведчылі, што й сёньня шануецца ня мода на музыку, а яе якасьць. Калі я пагутарыў з мэнэджэрам групы адносна магчымасьці канцэрту «Будкі» ў Менску, ён коратка адказаў: «Няма праблемаў! Дваццаць тысячаў — і мы ў вас». Дык колькі гэта тут каштуюць расейскія рок-зоркі?

 

Выйгрыш Дарафеевай

На «закуску» пара цікавых назіраньняў. Разьвітваючыся з Ірынай, пан Фіялкоўскі выказаў нязгоду з журы і цалкам сур’ёзна сказаў, што яны напэўна яшчэ будуць працаваць разам. Музыканты аркестру ўсе фэстывальныя дні насьвіствалі толькі тэму песьні Ігара Паліводы, жартам называючы яе «Нязваны госьць». Гітарыст «Будкі» за кулісамі ўсіх падводзіў да Ірыны і казаў: «Ты — найлепшая». А пасьля таго як Ірына прасьпявала некалькі песень спачатку на заключным фуршэце, а потым пад час гарадзкога сьвята, ёй зрабілі прапанову прыехаць у Зялёну Гуру восеньню на сьвята «Вінабране» ўжо з камэрцыйнымі канцэртамі.

Пад час фэстывальных канцэртаў заля ўмяшчальнасьцю каля 2,5 тысячаў гледачоў не была запоўненая ані разу, нягледзячы на грандыёзную рэкляму фэстывалю.

У адрозьненьне ад «Славянскага базару», дзе аргкамітэт плаціць тэлебачаньню, у Зялёнай Гуры першы канал польскай тэлевізіі выкупіў правы на запіс канцэрту ляўрэатаў. Гэта гаворыць пра тое, што нейкая цікавасьць да фэстывалю ўжо ёсьць.

Крыўдна, што менавіта Дарафеева патрапіла пад першы фэстывальны блін. А паколькі цэнз веку на конкурсе абмежаваны 26 гадамі, атрымліваецца, што на другі фэстываль Беларусі і прапанаваць практычна няма каго: з «фанерай» туды ня сунесься, а яркіх сьпевакоў з аркестравым рэпэртуарам амаль няма. Што ж, давядзецца пасылаць няяркіх, каб яны і выйгралі запаветную статуэтку, у якой афіцыйнага імя пакуль няма. Адно чытачы «Газэты выборчай» прагаласавалі за «Эўратрэль», адштурхнуўшыся ад вакальнага майстэрства пярнатых. Калі я ўпершыню пачуў назоў галоўнага прызу, мне падалося, што статуэтка тая завецца «Эўрадрыль»...


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0