«Нюрнбэрг-2»

З набліжэньнем канца тысячагодзьдзя, робіцца ўсё ясьней тое, што камунізм, як і фашызм, быў адной з найстрашнейшых бедаў чалавецтва. Аднак калі фашызм ацанілі і асудзілі, а галоўныя злачынцы былі пакараныя, дык у дачыненьні да камунізму такога дагэтуль не адбылося.

Ініцыятарамі правядзеньня «Нюрнбэргу-2» выступілі арганізацыя палітычных зьняволеных і ссыльных Літвы і Аб’яднаньне змагароў за свабоду. Дзеля гэтага 12-14 чэрвеня ў Вільню на міжнародны кангрэс «Ацэнка злачынстваў камунізму» сабраліся прадстаўнікі 23 краінаў Эўропы, Азіі і Амэрыкі. Беларусь прадстаўлялі Мая Кляшторная, Радзім Гарэцкі, Зянон Пазьняк, Сямён Шарэцкі. Удзельнікаў віталі старшыня літоўскага Сойму Ландсбэргіс, прэм’ер Кубілюс, былы прэзыдэнт Польшчы Валэнса, расейскі праваабаронца Кавалёў.

Паміж іншым, кангрэс абраў грамадзкі трыбунал, які мусіў даць юрыдычную ацэнку злачынстваў камунізму, заслухаў 60 дакладаў. У выступах прадстаўнікоў Беларусі гучала заклапочанасьць, што калі для большасьці краінаў злачынствы камунізму ацэньваюцца як гістарычная зьява, дык у Беларусі ідзе працэс актыўнага адраджэньня найгоршых традыцыяў таталітарнага грамадзтва.

Кангрэс прыняў рэзалюцыі, у тым ліку і пра сытуацыю ў Беларусі і Чачэніі. Праца кангрэсу працягнецца сёлета ў верасьні, калі будзе абвешчанае абвінаваўчае заключэньне з ацэнкай злачынстваў камунізму.

Ігар Кузьняцоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0