МФ патрэбныя зьмены
Любая арганізацыя, калі доўга не зьмяняецца, ня рухаецца наперад, пачынае адставаць ад свайго часу. І ў гэтым сэнсе зьмены ў Маладым Фронце насьпелі. Рашыцца на іх няпроста, ламаць звыклы лад ніколі не бывае проста.
Прыхільнікі абнаўленьня Маладога Фронту ня маюць на мэце «скідаць Паўла Севярынца». Але нельга больш заплюшчваць вочы на тое, што ён аб’ектыўна няздольны быць аб’яднаўчай фігурай у нашым хаўрусе.
Што адбылося ў суполцы, што яшчэ некалькі гадоў таму валодала бясспрэчным аўтарытэтам сярод усякай моладзі, сябры якой былі ў першых шэрагах змаганьня за незалежнасьць, сярод першых палітычных вязьняў? У ідэалёгіі Маладога Фронту зьявіўся безумоўны перакос ад сьвецкасьці й дэмакратычнасьці да рэлігійнай артадаксальнасьці. Пачалася бясконцая «цякучка кадраў», навічкі прыходзяць да Маладога Фронту, поўныя гарэньня і парываньняў, і неўзабаве сыходзяць, незадаволеныя бракам рэальных справаў, адсутнасьцю героікі й рамантыкі, навязваньнем ідэйных догмаў. Добра, калі ў арганізацыі затрымліваецца адзін зь пяцідзесяці, што прыходзяць у пошуках беларушчыны, сяброў, справы, самаспазнаньня. Малады Фронт губляе свой аўтарытэт арганізацыі нумар адзін, першай сярод роўных у маладзёвай палітычнай сфэры.
У той жа час Паўлу Севярынцу, які зачаста выдае свае перакананьні за ідэалёгію ўсяго згуртаваньня, не стае рашучасьці наводзіць парадак у шэрагах арганізацыі, і Малады Фронт губляе свой аўтарытэт у грамадзкасьці з-за неразважлівай, дзіцячай фанабэрыі сяброў арганізацыі, што мы назіралі за апошні год на сумных прыкладах В.Карцава, Я.Скочкі.
Ёсьць каманда, якая хоча зрабіць МФ тым, чым ён задумляўся – задзіночаньнем, адкрытым для ўсіх, чые сэрцы палаюць любоўю да сваёй зямлі. Гэта Аляксей Янукевіч, Андрэй Пятроў, Алесь Стральцоў, Вольга Анцыповіч, Вадзім Канапацкі, Уладзімір Лабковіч, калі называць самыя вядомыя прозьвішчы.
Нашы апанэнты палохаюць, што калі нехта з гэтай каманды стане старшынём МФ, арганізацыя набудзе крайне радыкальныя рысы. Лухта! Так, мы гатовыя быць жорсткімі, калі спатрэбіцца абараняць сябе, арганізацыю, яе сяброў, або, калі такая будзе воля Божая, самую Беларусь. Так, мы без ваганьняў ухвалілі дзеяньні дэманстрантаў 17 кастрычніка 1999 году пад час «Маршу Свабоды-1». Але радыкалізм – гэта звычайна мішура, гулі ў геройства, забаўкі з уніформамі і ўсё такое. Далібог, не для гэтага мы жывем. Але для дзеяньня! Мала, мала дзеяньня – вось што не падабаецца нам у сёньняшнім МФ. Калі для вас больш дзеяньня — гэта радыкалізм, называйце мяне радыкалам, халера з вамі. Але я пэўны, што дзеяньня мусіць быць болей, прычым не такога, якое не выплёскваецца за сьцены сядзібы на Варвашэні, а таго, якое б мяняла аблічча нашых гарадоў і вёсачак, адмяняла краіну, перамяняла нас саміх. Хай мае словы гучаць высакапарна, але я ня ведаю, як інакш выказаць тое кіпеньне, што даўно мяне перапаўняе. Дзяўчаты, хлопцы, ці для таго я праседзеў паўтара гады ў астрозе, каб цяпер назіраць, як яшчэ адна беларуская арганізацыя ператвараецца з прыцягальнай і сучаснай у сэкту, абмежаваную ў самой сабе?
У нас яшчэ ёсьць пара дзён да зьезду. Давайце падумаем пра тое, што мы тамака вырашым.
Аляксей ШЫДЛОЎСКІ