Другі Ўсебеларускі кангрэс: пад нямецкім кантролем

 

Адзін зь мітаў беларускай гістарыяграфіі — пра значнасьць Другога Ўсебеларускага Кангрэсу, пра ягоную ўнікальнасьць і гістарычнасьць тагачаснага моманту. 27 чэрвеня мы адзначым чарговыя ўгодкі Кангрэсу, які адбыўся ў 1944 г. Перад чарговым Трэцім (а можа Чацьвертым?), што мае адбыцца ў хуткім часе, нашу цікавасьць зноў прыцягвае Другі.

Ягоны пратакол зьмяшчаецца ў кнізе «Другі Ўсебеларускі Кангрэс», якая была выдадзеная ў 1954 г. ў Мюнхене Беларускай Цэнтральнай Радай. Матар’ялам, што беспасярэдне распавядаюць пра зьезд, папярэднічаюць такія словы: «Распачынаць вайну за незалежнасьць на два франты — супраць бальшавікоў і немцаў — раўназначна было самагубству. Такі крок зрабіць было немагчыма. Бальшавікоў усе добра ведалі і зь імі змагаліся, а што да немцаў — дык былі ўпэўненыя, што захад зьвяжа ім рукі. У такой сытуацыі трэба было дасягнуць найбольшага і пры тым у легальны спосаб.

Падчас агульнага адступленьня нямецкіх арміяў з захаду вытварыліся абставіны, якія давалі магчымасьці склікаць агульнанацыянальнае беларускае прадстаўніцтва — Кангрэс — для выяўленьня волі беларускага народу аб сваім лёсе. З гэтай мэтай БЦР склікала 2-гі Ўсебеларускі Кангрэс».

Фраза «распачынаць вайну за незалежнасьць на два франты» — вельмі ўдалая маска, за якую лёгка схавацца і тым самым растлумачыць сваё супрацоўніцтва зь немцамі.

Што папярэднічала Кангрэсу і каму належала ініцыятыва ягонага правядзеньня?

21 сьнежня 1943 г. новы гаўляйтэр Беларусі Курт фон Готбэрг падпісаў загад пра стварэньне Беларускай Цэнтральнай Рады (БЦР), марыянэткавага ўраду пад прэзыдэнцтвам Радаслава Астроўскага, які быў прызначаны на гэтую пасаду фон Готбэргам. Стварэньне Цэнтральнай Рады было важным этапам у беларускім нацыянальным руху, нягледзячы на выразную пранямецкую накіраванасьць. У Статуце БЦР казалася:

…2. Беларуская Цэнтральная Рада мае заданьне мабілізаваць усе сілы беларускага народу для зьнішчэньня бальшавізму і прычыніцца да канчальнага вызваленьня беларускага народу з-пад ярма крывавага бальшавіцкага панаваньня.

3. БЦР мае права і абавязак складаць дзеля гэтага нямецкаму кіраўніцтву ўсе адпаведныя і неабходныя прапановы.

У межах пастаўленых ёй заданьняў яна будзе самастойна вырашаць і праводзіць усе неабходныя мерапрыемствы ў галінах сацыяльнага, культурнага і школьнага жыцьця.

Было вырашана стварыць 12 аддзелаў, якія ахоплівалі розныя праявы жыцьця. Сярод іх: аддзелы асьветы, навукі, культуры; аддзел прапаганды і прэсы; аддзел моладзі; аддзел веравызнаньняў; аддзел сацыяльнага забясьпечаньня.

БЦР дасягнула пэўных посьпехаў у некаторых галінах грамадзкага жыцьця: школьніцтва, культурная і сацыяльная сфэра… Але кіраўнікоў БЦР непакоіла найперш галоўнае пытаньне: іхная нелегітымнасьць перад беларускім народам (яны ж былі пакліканыя немцамі!). Дый сам Астроўскі цудоўна разумеў гэта. Таму, як заўлялі беларускія нацыянальныя дзеячы, Другі Ўсебеларускі Кангрэс мусіў быць скліканы па праблеме самавызначэньня Беларусі.

Немцы да апошняга цягнулі з адкрыцьцём зьезду, бо напачатку досыць упэўнена пачуваліся на Ўсходнім Фронце, толькі пад канец вясны, калі стала зразумела, што Чырвонае войска рыхтуецца да шырокамаштабнага наступу, было вырашана ў чарговы раз згуляць зь беларусамі ў незалежнасьць. Дазвол на правядзеньне Кангрэсу быў дадзены, зьезд прызначаны на 27 чэрвеня 1944 г. (Дзень, калі ўжо ў самым разгары была апэрацыя «Багратыён»). На Кангрэс зьехалася 1039 дэлегатаў (прынамсі, столькі было зарэгістравана мандатнай камісіяй). Выбараў на кангрэс ніхто не праводзіў, а дэлегатамі станавіліся проста прадстаўнікі беларускай грамадзкасьці, працаўнікі беларускай адміністрацыі, настаўнікі беларускіх школаў, інтэлігенцыя, вайскоўцы беларускіх нацыянальных фармаваньняў.

Найбольш дэлегатаў было ад Менску і Менскай акругі (201 і 115 адпаведна), былі дэлегаты ад усіх беларускіх акруг. Былі прадстаўнікі-беларусы нават ад Арлоўшчыны, Смаленшчыны, Браншчыны, а таксама беларусы Бэрліна, Лодзі, Вены, Кёнігсбэрга. Што тычыцца адукацыйнага цэнзу, дык дэлегатаў з вышэйшай адукацыяй было 217 чалавек, зь сярэдняй – 496, зь ніжэйшай і пачатковай – 326 чалавек. Настаўнікаў было сярод дэлегатаў 276 чалавек, земляробаў – 245, работнікаў – 142, службоўцаў – 234 чалавекі, лекараў – 20, інжынэраў – 31, юрыстаў – 25, журналістаў – 14, аграномаў – 13, астатніх прафэсіяў — 34.

Кангрэс адчыніўся а дзясятай хвіліне на дзявятую раніцы ў будынку менскага гарадзкога тэатру (сёньняшні тэатар Янкі Купалы), расквечанага бел-чырвона-белымі сьцягамі, менавіта там, дзе праходзіў першы Ўсебеларускі Кангрэс 1917 году. Гэтая акалічнасьць мусіла сымбалізаваць пераемнасьць.

У 8.10 на трыбуну выйшаў прэзыдэнт Радаслаў Астроўскі, які зьвярнуўся да прысутных: «Грамадзяне! Другі Ўсебеларускі Кангрэс абвяшчаецца адчыненым. Вітаю Вас, дэлегаты і дэлегаткі, як прадстаўнікоў беларускага народу, якія сабраліся тут, у сталіцы Беларусі, для вырашэньня важных праблемаў будучыні нашага народу і Бацькаўшчыны!»

Прэзыдэнтам Кангрэсу быў абраны навуковец Яўхім Кіпель, шматгадовы вязень сталінскіх лягераў; віцэ-прэзыдэнтамі — Іван Касяк, намесьнік прэзыдэнта БЦР па Глыбоцкай акрузе, і Васіль Рагуля, колішні сэнатар польскага парлямэнту. Першым выступоўцам быў Яўхім Кіпель. Ён у сваёй прамове адзначыў: «Мы сабраліся ў надзвычайна адказны гістарычны мамэнт: па ўсім сьвеце ідзе вайна, вырашаецца лёс народаў на доўгія гады. Беларусь цяпер ня можа заставацца бязьдзейнай. Мы мусім самі ўзяцца за будаўніцтва сваёй будучыні. Ад нашага імя дазваляюць сабе гаварыць крамлёўскія заправілы, якія там вызначаюць апекуноў, якія ўжо рыхтуюць шыбеніцы нашаму народу. На нашыя землі прэтэндуюць польскія паны. І вось таму ў гэты час мы павінны сказаць усяму сьвету: хто мы, і чаго мы хочам». Ніводнага слова супраць немцаў Я.Кіпель не сказаў.

Далей ішла справаздача Радаслава Астроўскага, які паінфармаваў пра дасягненьні Беларускай Цэнтральнай Рады за паўгода: у школьнай справе, у галіне культуры. Але найбольшым дасягненьнем Беларускай Цэнтральнай Рады было стварэньне правобразу беларускага нацыянальнага войска — Беларускай Краёвай Абароны. Загад пра стварэньне БКА пад нямецкім кантролем быў аддадзены Генэральным камісарам Беларусі Куртам фон Готбэргам 23 лютага 1944 г. (што, між іншым, вельмі сымбалічна). Створана было каля 40 батальёнаў Краёвай Абароны агульнай колькасьцю каля 27 тыс. чалавек. Праўда, яны былі дрэнна забясьпечаныя зброяй і амуніцыяй, і нямецкая адміністрацыя ўсяляк сабатавала стварэньне батальёнаў, бо баялася, што беларускія жаўнеры павернуць зброю супраць немцаў. Але нягледзячы на гэта, стварэньне БКА, на думку Астроўскага, мела пазытыўнае значэньне. Паколькі прэзыдэнта БЦР непакоіла таксама ўласная нелегітымнасьць і поўная залежнасьць ад немцаў, па сканчэньні дакладу ён урачыста склаў зь сябе паўнамоцтвы і перадаў далейшы разгляд справы Кангрэсу.

Але дэлегаты Кангрэсу вырашылі, што БЦР выканала сваю задачу станоўча і Радаслаў Астроўскі даў рады сваім абавязкам, таму прапанавалі пераабраць яго на другі тэрмін.

«— Хто за гэтую прапанову? Прашу падняць мандаты.

— Прашу апусьціць. Хто супраць?

— Супраць няма!

— Хто ўстрымаўся ад галасаваньня?

— Такіх няма!

— Прапанова прынятая аднагалосна! (Доўгатрываючыя воплескі)

У гэты час дэлегат зь Вільні др.Франук Грышкевіч (дырэктар Віленскай беларускай гімназіі) выгаласіў зь месца: «Няхай жыве сучасны Прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады і будучы дажывотны Прэзыдэнт Беларускай Народнай Рэспублікі — прафэсар Радаслаў Астроўскі!» (Дэлегаты адказваюць бурнаю авацыяй).

Далей былі прывітаньні ўдзельнікам Кангрэсу. Адным з прывітаньняў была тэлеграма Курта фон Готбэрга: «Вітаю гэтым 2-гі Ўсебеларускі Кангрэс і веру, што беларускі народ рашуча, супольна з народам нямецкім будзе змагацца супраць бальшавіцкай небясьпекі за вызваленьне Эўропы і што ён узмоцніць і аддасьць для гэтай мэты ўсе свае сілы. Тады гэтае цяжкае змаганьне дасьць перамогу, каторая і беларускаму народу прынясе шчасьлівую будучыню».

Другая палова Кангрэсу была адведзеная пад рэфэраты. Першы — магістра Міколы Шкялёнка пра расейска-польскі гвалт над беларусамі. Рэфэрат віцэ-прэзыдэнта БЦР Шкялёнка тычыўся адрэзку гісторыі Беларусі ад Першага Ўсебеларускага Кангрэсу. Зноўку, як і ў дакладзе Астроўскага, былі акрэсьленыя галоўныя ворагі беларусаў — палякі і расейцы, і галоўныя сябры беларусаў — немцы. Мікола Шкялёнак скончыў выступ наступнымі словамі: «Сьмерць бальшавіцкай Маскве! Мы верым, што гэтая вайна кончыцца перамогаю сьветлых сілаў над чорнымі, і за гэта наш народ змагаецца побач іншых эўрапейскіх народаў. Мы цьвёрда верым таксама, што на руінах старога праўнага парадку, які прынёс народам Эўропы, а перадусім нашаму беларускаму столькі зла, будзе збудаваны новы міжнародны парадак, у якім нашая бацькаўшчына будзе ўжо не аб’ектам, а суб’ектам».

Аўген Калубовіч у сваім рэфэраце, які быў прысьвечаны выкрыцьцю злачыннай палітыкі бальшавіцкай Масквы, сьцьвердзіў: «Адначасна мы сьцьвярджаем, што ўсякі голас Масквы ў беларускіх справах павінен уважацца за ня маючы ніякай праўнай сілы. Да гэтага канчальнага разрыву з Масквою клічуць нас косьці загубленых ёю 1 800 000 найлепшых сыноў нашага народу. Да гэтага клічуць нас пралітыя рэкі сьлёзаў і крыві нашага народу. Кожная кропля гэтай нявіннай крыві пякучым агнём гарыць у нашых сэрцах і кліча да помсты. Гэтага патрабуюць ад нас нават каменьні ад разбураных бальшавікамі нашых сьвятыняў і помнікаў. Няхай жа памяць крывавага бальшавіцкага панаваньня ў нашым краі зарасьце перапалохам і крапіваю. Слава вольнай Беларусі і яе гордаму і вольналюбнаму народу». Дэлегаты Кангрэсу на аснове рэфэратаў Шкялёнка і Калубовіча прынялі рэзалюцыю:

1. Вызнаць правільнай і зноў пацьвердзіць гістарычную пастанову Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, якая, маючы паўнамоцтвы Першага Ўсебеларускага Кангрэсу 1917 г., на сваім сходзе 25 сакавіка 1918 г. урачыстай 3-й Устаўнай Граматай вырашыла аб канчальным разрыве Беларусі з Бальшавіцкаю Масквою і расейскай дзяржавай ува ўсіх яе формах.

2. Пацьвердзіць, што Беларускі народ ніколі не прызнаваў, не прызнае цяпер і ніколі не прызнае ў будучыні за форму сваёй беларускай дзяржаўнасьці накіненыя яму маскоўскімі захопнікамі формы БССР.

3. Паведаміць усе ўрады і народы сьвету, што голас Масквы і СССР у беларускіх справах ня мае ніякай праўнай сілы, а ўсе твораныя Масквою нібыта беларускія ўрады ня маюць ніякіх праўных кампэтэнцыяў, бо не вызнаюцца Беларускім народам.

Таму ўсе ўмовы, ці аднабаковыя пастановы ўрадаў: СССР, былой Польшчы і сучаснага гэтак званага эміграцыйнага ўраду Польшчы, якія датычаць тэрыторыі Беларусі і Беларускага народу і якія былі зробленыя раней або будуць зробленыя ў будучыні, Другі Ўсебеларускі Кангрэс абвяшчае ня маючымі ніякай праўнай сілы, як ня будуць мець сілы і ўсялякія іншыя магчымыя спробы падзелу Беларусі з боку іншых дзяржаваў і народаў.

Адзіным праўным прадстаўніком Беларускага народу і ягонага краю зьяўляецца сягоньня Беларуская Цэнтральная Рада з Прэзыдэнтам Радаславам Астроўскім на чале».

Па першым патрабаваньні нямецкага кіраўніцтва, што знаходзілася ў залі, была пасланая прывітальная тэлеграма Адольфу Гітлеру. «Рашучыя» беларускія дзеячы ў кожнай прамове дзячылі немцам за шчасьлівую сучаснасьць. І ні слова ні ў адным дакладзе ні пра зьнішчаныя беларускія вёскі, ні пра паўмільёна забітых беларускіх габрэяў.

Дэлегаты баяліся за сваё жыцьцё. Гэта зразумела. Але чаму ж раней не баяўся пратэставаць супраць паленьня беларускіх вёсак бурмістар Менску Вацлаў Іваноўскі? Не пабаяўся, ахвяраваў сваім жыцьцём. Заяўляць жа пра ворагаў-палякаў і ворагаў-расейцаў пад аховай нямецкай зброі было вельмі лёгка. Але міт пра Другі Ўсебеларускі Кангрэс, пра ягоныя гістарычныя рашэньні, ягоную дэмакратычнасьць, жыве і па сёньня.

Нашым дэмакратычным сілам варта некалькі разоў падумаць, перш чым называць Кангрэс, што мае адбыцца, спадкаемцам Другога Ўсебеларускага Кангрэсу.

Алег Гардзіенка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0