Алесь Аркуш

Сярод халодных аблокаў

 

Я баюся адзіноты. Звычайна са мной побач бывае блізкі мне чалавек. Гэтаксама я баюся вялікіх, асабліва чужых, кампаніяў. Надакучлівых, занудлівых або проста паганых людей няцяжка пазбыцца — сысьці, абмінуць, праігнараваць. Складаней з адзінотай. Часам уцячы ад яе немагчыма.

Аднойчы, калі я ехаў аўтобусам у Менск, у маёй галаве паўстаў вобраз скрутнай адзіноты. Мне прымроіўся лётчык, які ляціць на сучасным самалёце. Раптам у лётчыка зьнікае сувязь з дыспэтчарам. Ніякай іншай сувязі ён ня можа ўсталяваць. Высьвятляецца, што ў яго няма й парашуту. Лётчыка ахоплівае роспач. Бяз сувязі пасадзіць самалёт ён ня зможа. Застаецца бязмэтна ляцець, пакуль хопіць паліва, — і загінуць. Гэткае гіпэрбалічнае пачуцьцё адзіноты. На ўвесь сусьвет.

Ляціш сярод халодных аблокаў. У нікуды. Адзін.

Магчыма, мне трэба зьвярнуцца да псыхааналітыка. Але я не ўяўляю, чым мне можна дапамагчы. Знайсьці ў маім мінулым прычыну страху. Што гэта зьменіць? Мой страх не рэфлекторны, а інтэлектуальны. Я яго разумею, а не выношваю ў падсьвядомасьці.

Напэўна, таму мне так цяжка быць доўга на чужыне. Я губляю сувязь і бязмэтна лячу. Сярод халодных аблокаў. У нікуды.

Часам я сам спрабую аналізаваць прычыну свайго страху. Што значыць застацца аднаму?

Згубіць клопат пра сябе? Ці магчымасьць клапаціцца пра некага? Ці звыклы жыцьцёвы ўклад? Ці люстэрка, у якім бачнае любое тваё дзеяньне? Ці гэта ўсяго толькі перасьцярога атавістычнага гуртавога інстынкту?

Мне падаецца, што калі ты застаесься адзін, дык адразу губляецца любая мэта. Мэта, па-мойму, можа існаваць толькі тады, калі ёсьць нехта побач. Калі ты робіш ня толькі для сябе, але й для яе, яго, іх. Які сэнс рабіць толькі для сябе? Паназірайце за сабой. Калі вы застаяцеся адзін, дык праз пару дзён перастаеце гатаваць, задавальняючыся простымі лусьцікамі, вам робіцца лянота засьцілаць ложак, вы ўсё радзей голіцеся… Губляецца нейкая жыцьцёвая мэта. Прычым, патлумачыць сутнасьць гэтай мэты складана.

Вы запярэчыце: ёсьць людзі, якія дзесяцігодзьдзямі жывуць адны й ніякіх праблемаў з гэтае нагоды ў іх не паўстае. Памыляецеся. Неяк усё ж яны кампэнсуюць сваю адзіноту. На працы, у піўбары, у царкве, у хоры вэтэранаў, у гуртку аматараў вышыўкі, штовечар наведваючы сяброўку, у тэлефонных гутарках, у скрайнім выпадку — з дапамогаю мэксыканскіх тэлесэрыялаў або Інтэрнэту… Часьцей за ўсё, такія людзі заводзяць котку або сабаку. Ратуючыся ад адзіноты. Каб набыць мэту.

Такім чынам, што атрымліваецца — я баюся не адзіноты, а страты мэты. Проста існаваць — спаць, есьці, хадзіць на працу, глядзець тэлевізар, чытаць кнігі, слухаць музыку. Проста існаваць мала. І страшна. Ляцець сярод халодных аблокаў. У нікуды.

Банальна — кажу я сабе. Чулі мы пра гэта. «Пражыць жыцьцё, каб не было балюча за бязмэтна страчаныя гады». Не, тут іншае. Гэтыя хрэстаматыйныя словы датычыліся змагароў за сьветлую будучыню, тую, што безвынікова будавалі адну на ўсіх. Я ж нічога нікому не зьбіраюся будаваць. Такія ўсёабдымныя мэты заўжды хлусьлівыя. У прыродзе не існуе аднаго шчасьця на ўсіх. Кожны мусіць будаваць сваё сам.

Наступнае ж пытаньне, якое імкліва ўварвалася ў маю галаву, падалося мне каштоўным трафэем. Ці магчымае шчасьце, калі ты адзін?

Што атрымліваецца? Быць аднаму — ня мець шанцаў на шчасьце. Пражыць жыцьцё — і ні разу не адчуць ягонага пяшчотнага дотыку. Ляцець сярод халодных аблокаў.

Ці ня гэтага я баюся?


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0