Зьезд у разьліку на найгоршы сцэнар

Гутарка з Аляксандрам Старыкевічам

 

Адной з рэзалюцыяў Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў стала заява аб падтрымцы Ўсебеларускага Зьезду за Незалежнасьць. Такім чынам, супярэчнасьці між аб’яднанай палітычнай апазыцыяй і групай інтэлігенцыі, што ініцыявала правядзеньне агульнанацыянальнага форуму за незалежнасьць, здаюцца пераадоленымі ці, прынамсі, адкладзенымі на восень. Апазыцыя, як вядома, сумнявалася ў актуальнасьці такога форуму і засьцерагала ад дэвальвацыі ідэі Ўсебеларускага Зьезду.

Ад каго цяпер сыходзіць найбольшая пагроза незалежнасьці, што выклікала неабходнасьць такога форуму, спыталіся мы ў журналіста Аляксандра Старыкевіча, каардынатара ініцыятыўнай групы Зьезду.

 

— Найбольшая пагроза беларускай незалежнасьці сыходзіць ад нашай уласнай слабасьці і няздольнасьці будаваць сваю дзяржаву. Усе астатнія пагрозы былі, ёсьць і будуць, і нічога мы зь імі ня зробім. Таму трэба менш наракаць на Лукашэнку ці Расею, а думаць пра ўласную абыякавасьць да лёсу краіны.

 

— Якім чынам Усебеларускі Зьезд за Незалежнасьць мае даць рады гэтай разьлітай у грамадзтве млявасьці?

— Ніводная адзінкавая акцыя сама сабою нічога тут ня зробіць, і Зьезд — не вынятак. Трэба працаваць доўга, зладжана, пасьлядоўна. Зьезд — проста адзін з этапаў гэтай працы. Вельмі важнае, крытычнае наступнае дзесяцігодзьдзе: калі беларуская незалежнасьць ператрывае яго, калі мы выстаім, далей пытаньне пагрозы незалежнасьці зьнікне з парадку дня, тады ўжо замест яго прыйдзе пытаньне, якая гэта будзе дзяржава. Але трэба пралічваць розныя сцэнары, у тым ліку і магчымае зьнікненьне прыкметаў фармальнага сувэрэнітэту. Да гэткага найгоршага сцэнару трэ быць гатовымі. І вось тут вельмі важным можа аказацца Акт Незалежнасьці, прыняты Ўсебеларускім Зьездам. Акт Незалежнасьці ўстае ў адзін шэраг з такімі дакумэнтамі, як Устаўныя Граматы БНР, Дэклярацыя 1990 году, Канстытуцыя 1994 году.

Сувэрэнітэт — той з праграмных элемэнтаў дэмакратычных сілаў, які падзяляюць найбольш людзей у беларускім грамадзтве. Вартасьць сувэрэнітэту больш зразумелая, чым значэньне правоў чалавека, дэмакратычных працэдураў і рынкавай эканомікі. Значыць, менавіта на гэтай плятформе могуць аб’ядноўвацца розныя палітычныя сілы, і, думаю, Усебеларускі Зьезд адыграе сваю ролю ў гэтым яднаньні.

Трэба шукаць паразуменьня ў справе захаваньня беларускай дзяржаўнасьці з расейскамоўным насельніцтвам, трэба множыць менавіта сярод гэтай групы насельніцтва прыхільнікаў незалежнасьці, менавіта на іх трэба скіроўваць агітацыйную працу.

 

— Івонка Сурвілла скептычна ставіцца да ідэі Зьезду. Што Вы робіце, каб пераканаць беларускую дыяспару ў ягонай дарэчнасьці?

— Гэта перабольшаньне — што скептычна. У сакавіку я сустракаўся зь ёй, і яна цалкам падтрымала гэтую ідэю. Але сапраўды пасьля нехта распаўсюджваў за акіянам чуткі, што за арганізатарамі Зьезду стаіць Лукашэнка, што й выклікала неўразуменьне сярод эмігрантаў. Але цяпер кантакт са сп.Сурвіллай, Навумчыкам, Кіпелем наладжаны. Мы больш ня маем праблемаў з Радай БНР, пасварыць нас зь імі не ўдалося.

 

— Ходзяць чуткі, што за аргкамітэтам Зьезду стаіць Віктар Ганчар. Як Вы можаце адкамэнтаваць гэтыя чуткі?

— Я быў бы рады, каб за арганізатарамі Зьезду стаяў Віктар Ганчар, бо гэта б азначала, што ён жывы.

Мы ўвесь час шукаем падводныя камяні, каб толькі нехта на нечым ня выйграў... Але выйгрыш ад Зьезду будзе найперш для беларускай дзяржаўнасьці, а не для нейкіх канкрэтных асобаў. Кажуць пра Ганчара, кажуць пра КГБ... Хай КГБ... Я быў бы рады, каб КГБ папрацаваў на беларускую незалежнасьць. Дзякуй Богу, што хоць сустаршыняў Зьезду не западозрыш у імкненьні балятавацца ў прэзыдэнты.

 

— Якім, на Вашу думку, можа быць дзяржаватворчы кампраміс у нашым грамадзтве?

— Пра гэта думаецца ўжо ня першы год. Але не на зьезьдзе гэты кампраміс будзе абмяркоўвацца. Аснова кампрамісу — згода на недатыкальнасьць сувэрэнітэту самастойнай, незалежнай Беларускай дзяржавы. У гэтым ніякіх саступак быць ня можа. Ніякіх адзіных дзяржаваў з двума сувэрэнітэтамі.

 

— Ці гатовыя Вы даслаць запрашэньне на Зьезд за Незалежнасьць Аляксандру Лукашэнку і ў якім разе Вы былі б гатовыя гэта зрабіць?

— Цікавае пытаньне... У любым разе, вырашаць гэта будуць сустаршыні, я толькі выканаўца ў гэтай справе... З улікам пазаўчорашняй прамовы Лукашэнкі, дзе ледзь не праз слова гучала «сувэрэнітэт і незалежнасьць», то... Чаго б не... Праўда, у яго, мабыць, своеасаблівае разуменьне незалежнасьці... Зь іншага боку, ясна, што на зьезд ён ня пойдзе, жаданьня сустрэцца з колам людзей, якія не кантралююцца ягонымі структурамі, у яго няма, так што, хутчэй, і ня варта ісьці яму насустрач. Зьезд — ініцыятыва зьнізу. Дзьверы ні для каго не зачыненыя. Калі б Лукашэнка хацеў вылучыцца дэлегатам на зьезд, ён мог бы гэта зрабіць, але дагэтуль рухаў такіх не было.

 

— Вы сказалі, што ў яго «своеасаблівае разуменьне» паняцьця незалежнасьці. А якое Ваша разуменьне незалежнасьці?

— Лепш за Ўладзімера Арлова на гэтае пытаньне я не адкажу. Усё напісана ў ягоным эсэ «Незалежнасьць — гэта...». Што да разуменьня незалежнасьці пэўнымі асобамі з ураду, дык я думаю, што там гаворка ідзе проста пра падмену паняцьцяў.

 

— Што ўдаецца, а чаго не ўдаецца на этапе падрыхтоўкі Зьезду? Чым могуць дапамагчы чытачы «НН»?

— Падрыхтоўка Зьезду вядзецца ўжо пяць месяцаў, і хто хацеў далучыцца, той далучыўся. Сыстэма вылучэньня на зьезд максымальна спрошчаная — гэта ня выбары, а вылучэньне, я гэта падкрэсьліваю. Зьбіраюцца актыўныя людзі. Хай недзе зьбяруцца сто, недзе дзьвесьце чалавек. Але дзе вы бачылі, каб недзе сабраліся — са сваёй волі, а не сагнаныя ўладамі — хоць сто чалавек у падтрымку саюзу з Расеяй? Такога не было, як не было ніякіх пратэстаў грамадзкасьці, калі развальваўся СССР. Так што прадстаўнічасьць Зьезду не такая ўжо малая, як для чыста грамадзкай, не палітычнай ініцыятывы, што ідзе зьнізу. Вага рашэньняў зьезду залежыць не ад таго, колькі чалавек вылучаць дэлегатаў, дваццаць ці дзьве тысячы (а мы разумеем, што паўнавартасныя выбары з удзелам больш за 50% выбарцаў сёньня правесьці немагчыма), а ад таго, наколькі яны будуць падтрыманыя ў грамадзтве пасьля прыняцьця. Мы мо й самі хацелі большага ўдзелу розных людзей, але маем тое, што маем. Зрэшты, у кампаніі па вылучэньні дэлегатаў на Зьезд бярэ ўдзел больш людзей, чым у «грамадзка-палітычным дыялёгу».

 

— Як, па-Вашаму, ці будзе патрэба ў скліканьні другой сэсіі Зьезду ўвосені?

— У мяне такое непрыемнае ўражаньне, што сёлета падзеі будуць разгортвацца паводле сцэнару 96-га году. Да нейкага прынцыповага моманту дэмакратычныя сілы застаюцца непадрыхтаванымі. Тлумачэньняў наконт таго, што рабіць пасьля восеньскіх парлямэнцкіх выбараў, пасьля таго, як на іх пойдзе ці ня пойдзе апазыцыя, я ні ад каго не пачуў. Трывожыць, што ў нас, здаецца, ніхто не пралічвае сытуацыю на крок наперад.

Неабходнасьць правядзеньня другой сэсіі вырашыць Зьезд 29 ліпеня.

Гутарыў Андрэй Дынько


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0