Весткі зь Вільні

Беларусь замест Літвы

 

У Літве разрастаецца новы скандал. Урад не згаджаецца з тым, каб выплаты за прымусовыя работы й працу зьняволеных у фашыстоўскім ІІІ-м Рэйху выплочвалі літоўскім грамадзянам Беларусь і Расея. Усю гэтую справу, што праўда, праспаў сам літоўскі ўрад, які толькі цяпер даведаўся пра гэтую акалічнасьць, прычым даведаўся амаль выпадкова.

Паводле праекту, абвешчанага нядаўна ў Бундэстагу, выплаты мусяць быць сплочаныя з фонду, утворанага нямецкім урадам і арганізацыямі людзей, якія ў вайну змушана працавалі ў Нямеччыне. Беларускі й расейскі фонды «Паразуменьне» й «Понимание», якія мусяць выплочваць тыя нямецкія грошы сваім суайчыньнікам, адчынілі свае аддзелы таксама ў трох краінах Балтыі. Дык вось, гэтыя аддзелы прымалі заявы ад ахвяраў нямецкага палону й рабілі выплаты. Калі літоўцы пра гэта дазналіся, віцэ-міністар замежных справаў В.Ушацкас папрасіў немцаў, каб яны зьмянілі той парадак, каб грамадзяне Літвы атрымлівалі выплаты ад установаў уласна літоўскіх, а ня трэціх краінаў.

Тое, што жыхароў Літвы ўжо прадстаўляюць у гэтай грашовай справе іхныя суседзі, стала вядома зусім нядаўна... Нягледзячы на тое, што юрыдычныя баталіі вакол гэтай справы, у якіх бралі ўдзел дыпляматы Нямеччыны, Амэрыкі, Польшчы разам з адвакатамі ахвяраў фашызму, былі яшчэ летась, літоўскі бок маўчаў... У літоўскіх міністэрствах ніхто не цікавіўся, напрыклад, колькі жыве яшчэ асобаў, якіх гвалтам вывозілі ў Нямеччыну ў часе апошняй вайны. А пару тыдняў таму старшыня камітэту ў правох чалавека літоўскага Сойму Э.Зінгерыс заявіў, што празь нядбайнасьць літоўскіх дыпляматаў ягоныя сваякі, напрыклад, могуць страціць правы на тыя выплаты. Высьвятляецца, у ліпені 96-га чыноўнік літоўскае амбасады ў Нямеччыне падпісаў дакумэнт, у якім пацьвердзіў, што ён прыняў ад нямецкага боку 2 мільёны нямецкіх марак у якасьці гуманітарнае дапамогі і што гэтая сума залічваецца ў якасьці кампэнсацыі за шкоды, прычыненыя краіне гітлераўцамі. «Па выплаце кампэнсацыі ўрад Нямеччыны лічыць любыя прэтэнзіі з боку жыхароў Літвы за страты, панесеныя ад рук нацыянал-сацыялістаў за цалкам неабгрунтаваныя,» — сьвярджаў той дакумэнт. Грошы пайшлі на заснаваньне дому састарэлых — ахвяраў вайны.

Зінгерыс запатрабаваў касаваньня гэтага дакумэнту. Гаворка вядзецца ня толькі пра кампэнсацыю за прымусовыя работы, але й за шкоды, нанесеныя літоўскай гаспадарцы, і пра асабістую маёмасьць грамадзянаў, якая была разрабаваная.

Пасьля гэтага скандалу спадар П.Гіліс, які ў 1996-м быў міністрам замежных справаў, спрабаваў усіх супакоіць, падкрэсьліваючы, што гуманітарную дапамогу на дом састарэлых людзей ня трэба зьвязваць з праблемаю выплаты кампэнсацыяў ахвярам вайны. Таму спадар Гіліс лічыць, што патрабаваньні пра касаваньне тае дамовы ёсьць памылкаю ў сытуацыі, якую можна вырашыць бяз шуму.

Літоўскі МЗС сьцьвярджае, што запіс пра адмову ад кампэнсацыяў патрапіў у тэкст дамовы выключна з ініцыятывы супрацоўніка амбасады, а ў Вільні пра гэта ніхто нічога ня ведаў.... Само ж міністэрства замежных справаў Літвы пазьбягае камэнтароў на гэтую тэму. Больш за тое, яно нават хавае імя таго «гора-дыплямата». А вось агенцтва BNS сьцьвярджае, што гэта быў Вітаўтас Гудайціс, дарадца пасольства ў Нямеччыне...

Але як магло здарыцца, што інтарэсы грамадзянаў балтыйскіх краінаў у справах нямецкіх кампэнсацыяў прыняла на сябе Беларусь? І Расея таксама. Зінгэрыс паведамляе, што гэткі стан рэчаў склаўся яшчэ за савецкім часам, калі й Беларусь, і краіны Балтыі былі складнікамі агульнае дзяржавы – СССР. Паводле ягоных словаў, гэта ганьба, што інтарэсы Літвы прадстаўляюць былыя яе акупанты. «Цяпер мы спакойна чакаем, калі немцы, разам з амэрыканцамі, вызначаць суму, што нам належыць, — кажа Зінгерыс. — Дарэчы, пра існаваньне гэтых умоваў ужо даўно ведалі нашы палітыкі. Ад пачатку 90-х гадоў. Расея дастала ад Нямеччыны мільярд марак у якасьці кампэнсацыяў. Частка тых грошай прызначалася беспасярэдна для ахвяраў нацысцкага гвалту, якія ў часе вайны жылі ў Літве. Я ведаю таксама, што мая мама, якая перажыла ковенскае гета, атрымала паведамленьне ад расейскага пасольства пра кампэнсацыю, якая ёй належыць. Між іншым, так тых грошай і не атрымала...»

Як бачым, размова вядзецца пра мільярды марак, якія ў якасьці пачатковага ўнёску былі пераведзеныя яшчэ за Гарбачовым на рахункі беларускіх, украінскіх і расейскіх дзяржаўных банкаў. Колькі іх там засталося й ці былі пераведзеныя грошы яшчэ — невядома. І тыя, каму яны былі прызначаныя, нічога пра іх ня ведаюць. Яшчэ праз адзін дзясятак гадоў на іх ужо ніхто ня будзе квапіцца, апроч саміх банкаў і паўмітычных беларускіх і расейскіх фондаў. Сквапнасьць постсавецкіх махляроў стала ня толькі абразаю для ахвяраў нацысцкага гвалту. З-за нячыстых на руку чыноўнікаў гэтыя людзі не атрымаюць і наступных грошай. Бо функцыянэры ад фондаў і дзяржаўных банкаў ня здолеюць растлумачыць, куды дзеліся тыя грошы, што ім былі дадзеныя больш за 10 гадоў таму.

Паводле ацэнак міністэрства працы й сацыяльнае абароны Літвы, права на кампэнсацыі маюць у краіне каля 10 тысячаў асобаў, улучна з 160-цю жыдамі, якія перажылі гета, і блізу тысячы мясцовых палякаў. У Беларусі гэткіх людзей утрая больш...

Старшыня літоўскага Сойму спадар В.Ландсбэргіс супакойвае суайчыньнікаў: любы жыхар Літвы сам, безь беларускага ці расейскага пасярэдніцтва можа зьвярнуцца да ўрадаў Нямеччыны ці Аўстрыі, абмінаючы ў тым ліку і літоўскі МЗС.

Давайце цяпер уявім сабе беларуса ў падобнай сытуацыі.

Але як і што рабіць беларусам, у літоўскім друку ня пішуць.

Падрыхтаваў Сяргей Харэўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0