Сіла права

У Менску прайшоў Кангрэс Дэмакратычных Сілаў

 

Кангрэс Дэмакратычных Сілаў канчаткова акрэсьліў прынцыпы нацыянальна-дэмакратычнай апазыцыі. На восень — няўдзел у выбарах. На бліжэйшыя гады — непахісная вера ў сілу права. Як бы Лукашэнка ні сьцьвярджаў сваю ўладу правам сілы, апазыцыя не зьбіраецца адступаць ад прынцыпаў. Не магло быць і мовы, каб польская апазыцыя брала ўдзел у выбарах у, скажам, 1982 годзе. Ня можа быць гаворкі пра ўдзел у фарсе і цяпер у Беларусі. Калі трэба чакаць, апазыцыя будзе чакаць. Ніякіх саступак не прадугледжваецца: спачатку выкананьне чатырох умоваў роўнага ўдзелу ў выбарах, толькі пасьля — легітымізацыя органаў улады. Ніхто не абвінаваціць апазыцыю пры гэтым у імкненьні да ўлады.

Выявіліся на Кангрэсе і лініі разлому ў адзіных шэрагах апазыцыі. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька настойваў на вылучэньні ўжо цяпер адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары. За гэтым праглядаюцца ягоныя асабістыя амбіцыі. Лідэр БНФ Вінцук Вячорка, наадварот, даў зразумець, што сьледам за байкотам выбараў парлямэнцкіх можа пасьледаваць байкот выбараў прэзыдэнцкіх у наступным годзе. Ён быў жорсткі і адназначны: ні на якую легітымізацыю рэжым хай не разьлічвае, пакуль існуе небясьпека беларускай незалежнасьці. Станіслаў Шушкевіч і БСДГ вылучылі альтэрнатыўны, больш жорсткі варыянт рэзалюцыі па выбарах. Мікола Статкевіч запярэчыў прыняцьцю папярэдне няўзгодненых дакумэнтаў, выдаючы даўнюю асабістую няпрыязь лідэраў дзьвюх плыняў беларускай сацыял-дэмакратыі.

Статкевіч вылучыўся таксама тым, што заклікаў апазыцыю на будучыню адмовіцца ад паходаў на Бангалор, а, калі ўлады будуць працягваць парушаць законы, перайсьці ад тактыкі правядзеньня санкцыяваных да несанкцыяваных мерапрыемстваў, падкрэсьліўшы, што толькі пасьля леташняга Маршу Свабоды Лукашэнка ўпершыню за чатыры гады пайшоў на перамовы. Аднак прапанову Статкевіча падтрымала воплескамі відавочна меншая частка паўнюткай залі Палацу культуры «Сукно».

Вялі кангрэс Лявон Баршчэўскі, Іна Кулей — кіраўнічка рэсурсавага цэнтру «Вежа» зь Берасьця, і Тацяна Ваніна — кіраўнічка жаночага руху «Адраджэньне Айчыны». Вячорка глядзеўся на Кангрэсе як бясспрэчны гаспадар становішча ў апазыцыі — за ім адзіная рэальная арганізаваная палітычная сіла, за ім «трэці сэктар», г.зн. няўрадавыя арганізацыі, за ім жа падтрымка беларускай эміграцыі. Лябедзька быў менш пераканаўчы — ён, як і ягоная партыя, успрымаюцца народам як «таксама бэнээфаўцы» і відавочна яшчэ шукаюць сваёй нішы ў палітычным спэктры. АГП, гэтая патэнцыйная партыя багатых, няёмка пачуваецца сярод люду. А тое, наколькі зьбяднеў беларускі народ за апошнія гады, было вельмі заўважна па дэлегатах Зьезду. Вось жа прэзыдыюм трымаў марку: на Лябедзьку была «тройка» з досыць стракатай камізэлькай, Вячорка быў у сваім фірмовым срабрыстым гальштуку.

Шушкевіч прадэманстраваў, што застаецца найлепшым аратарам апазыцыі і найбольш прадстаўнічым беларускім палітыкам для замежжа: толькі яму паціснуў руку, ідучы вітаць Кангрэс, Ян Марыя Ракіта, лідэр польскіх кансэрватараў, той самы, што быў сакратаром канцылярыі польскага прэм’ера Ганны Сухоцкай, калі яна прыяжджала ў Менск у 1992 годзе.

Кангрэс паказаў і тое, што рэгіянальныя апазыцыйныя эліты хацелі б большага прызнаньня для сябе. Гэтак, адзіным выпадкам, калі ў залі знайшлося досыць нязгодных з загадзя падрыхтаванымі дакумэнтамі (рэдакцыйную камісію ўзначальваў найбольшы нацыянал-дэмакрат сярод лібэралаў Аляксандар Дабравольскі), стаў чыста фармальны пункт аб рэглямэнце прыняцьця рашэньняў Каардынацыйнай Радай Дэмакратычных Сілаў — з удзелам або без удзелу прадстаўнікоў рэгіёнаў. Сямён Домаш даказаў гэтым свой патэнцыял — у тым ліку і патэнцыял сябе як магчымага апанэнта Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах.

Запомніўся і Алег Трусаў, што прапанаваў дапоўніць сьпіс патрабаваньняў апазыцыі да выбарчага заканадаўства абавязковым экзамэнам на веданьне беларускай мовы для кандыдатаў у дэпутаты. Дзьве трэці выступоўцаў на Кангрэсе, пачынаючы з шаноўнага старшыні аргкамітэту сп.Хадыкі, такі іспыт з бляскам правалілі б, трэба зазначыць. Беларуская незалежнасьць стала безумоўнай вартасьцю для ўсёй апазыцыі; беларуская мова, на жаль, пакуль яшчэ — толькі на словах.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0