БІБЛІЯТЭКА

 

НАДУРЫЛІ!

«Вольныя танцы: новая альтэрнатыва». Розныя выканаўцы (р) 2000.

Мяне заінтрыгавалі падзагалоўкам гэтага альбому. Я адразу падумаў: няўжо нешта праспаў? Хадзіў жа, здаецца, на многія канцэрты, грошы на квіткі траціў, а калі й сустракаў нейкую альтэрнатыву, дык толькі ў тым сэнсе, што была тое альтэрнатыва ўменьню іграць на музычных інструмэнтах. Збольшага. Зьменшага — альбо групы ігралі на самадзейным узроўні, альбо ўжо прафэсыйна, але ж па шаблёнах дня мінулага. А тут раптам — маеш: цэлы зборнік беларускае рок-альтэрнатывы. Пайшоў жа і на канцэрт-прэзэнтацыю! Дарма: хапіла б таго дыску, каб адчуць — надурылі!

Альтэрнатыва — тлумачыць мне адпаведны слоўнік — гэта «неабходнасьць выбару паміж дзьвюма магчымасьцямі, адна зь якіх выключае другую; кожная з гэтых магчымасьцяў».

Першая альтэрнатыва: можна слухаць, а можна і не. Значыць, сэнс у назве альбому ёсьць. Ці магчыма слухаць тую магчымасьць — ужо праблема! Бо не заўсёды, таму што, напрыклад, песьня «Сам-насам» групы Exist — гэта альтэрнатыва ўласна песьні: фатальны сьпеў, стандартныя рыфы, бясформнасьць. Група «Лявоны», вядома, таксама альтэрнатыва, але «Сябрам» 20-гадовай даўніны. «Сэнс» групы Happy Face -- выключная альтэрнатыва форме ды зьместу, калі толькі мець на ўвазе твор песеннага жанру.

Я дык спадзяваўся, што пачую суцэльна новыя, малавядомыя, прынамсі, прапановы з боку сапраўды маладых камандаў, пачаткоўцаў зь іхнымі нетрадыцыйнымі ідэямі, парадаксальнымі музычнымі вырашэньнямі, новай моваю. Разводжу рукамі... Адно што група Long Play пацешыла нетыповым падыходам да сьвятой клясыкі, зьмяшаўшы ў грымучы кактэйль беларускую мэлёдыю з ангельскім гітом ад групы The Troggs (а ня Trocks!). Ды ўсё ж найбольш адчувальная альтэрнатыва тут — непрафэсійнае выкананьне. Уяўляе цікавасьць і вэрсія вясьнянкі ў варыянце Юр’я Выдронка, хоць і тут ці то аранжаваньне такое спэцыяльна нагрувашчанае, ці то зьвядзеньне запісу падкачала: часам усе партыі, як вакальныя, так і інструмэнтальныя, зьліваюцца ў адну вялікую альтэрнатыву.

І калі яшчэ магчыма разглядаць як альтэрнатыву адну з апошніх песень групы Ulis («Чаму?»), дык яе ж «Радыё Свабода» аж дзесяцігадовай даўніны нібыта кажа пра тое, што з таго часу нічога больш новага ў беларускім року проста не зьявілася.

Але ёсьць, ёсьць у гэтым альбоме сапраўдная альтэрнатыва — беларуская група R.F.Braha з Польшчы. Тут табе і форма твору, і належнае ўвасабленьне, і чыстае гучаньне, і поўная разам з тым альтэрнатыва самадзейнасьці. Разумею, што такая альтэрнатыва — далёка ня новая, ды радуе яна кожны раз, калі зь ёю сустракаесься.

У цэлым жа, калі да канца чапляцца да ідэалягічнае скіраванасьці альбому, мушу адзначыць, што ён дае поўную магчымасьць рабіць больш-менш раўнапраўны выбар паміж гэтым далёка не бездакорным мэню і, скажам, тэлевізыйнай «Прэм’ерай песьні». Там, праўда, у сваю чаргу, часьцей за ўсё магчыма выбіраць паміж прафэсіяналізмам і дэбілізмам. Тут жа дыягназ праяўляецца праз нашмат менш летальныя сымптомы. Але вось што падумалася.

Ці не занадта замілавана мы глядзім на творчасьць уласных выканаўцаў з, так бы мовіць, альтэрнатыўных афіцыйна адаптаваным музыкантам? Ці не празьмерна мы з дапамогаю прэсы штучна разьдзімаем вялізныя пухіры піетэту вакол тых рок-камандаў, якія па ўзроўні яшчэ ня вылузаліся са шкарлупіньня нават не студэнцкай — гаражнай самадзейнасьці? Ці не залішне мы ўзносім іхныя творчыя здабыткі толькі за тое, што іх не запрашаюць на канцэрты ў вялікія залі і не пускаюць на БТ, забываючыся пры гэтым, што сапраўдная альтэрнатыва — alternativa vulgaris, tak skazat’, — гэта перш за ўсё ціхае жаданьне выказацца з боку прыроднага таленту, а зусім не імкненьне быць непадобным да іншых за кошт уласнага ўменьня і наагул разуменьня таго, чым ты займаесься?

Бо сапраўдная альтэрнатыва сёньняшняй беларускай эстрадзе — гэта прынцыпова іншае мастацкае мысьленьне плюс, прабачце, прафэсіяналізм. Мяркуючы з гэтага альбому, апошняга ў беларускай рок-музыцы ўсяго толькі крыху больш за першае.

Магчыма, варта прадоўжыць тую сэрыю альбомам пад назваю «Вольныя танцы: паслухай уважліва чужое»...

Альтэрнатыўны СЛУХАЧ


 

Сьведчаньне веры

Няхай сьведчаньне іх веры не забудзецца. Лёс каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі ў 1917—1953 г. Непакалянуў, 2000.

Раней старонкі рэлігійнай гісторыі Беларусі ХХ ст. успрымаліся як сучаснасьць, а не як мінуўшчына. Цяпер яны ад нас аддаляюцца, і мы пачынаем чытаць гісторыю. Ужо выйшлі кнігі «Канфэсіі на Беларусі», «Беларускія рэлігійныя дзеячы» Юр’я Гарбінскага. Цяпер — кніга «Няхай сьведчаньне іх веры не забудзецца», апрацаваная Ларысай Мі-хайлік.

Назвай для кнігі паслужылі крыху перафразаваныя словы Яна Паўла ІІ пра пакутнікаў за веру ХХ ст.: «Сьведчаньнем праўды Хрысьціянскай любові, — заўсёды выразным, а сёньня асабліва пераканаўчым, — ёсьць памяць пра мучанікаў. Няхай ніколі ня будзе забыта сьведчаньне іх веры. Яны несьлі Эвангельле, аддаючы сваё жыцьцё дзеля Любові» (Incarnationis Mysterium, nr 13).

Кніга, што распавядае пра каталіцкіх сьвятароў, законьнікаў і законьніц, паўстала дзякуючы працы Камісіі ў справах Новых Мучанікаў, што знаходзіцца ў Горадні. Сябры Камісіі ў 1998 г. распачалі збор інфармацыі пра перасьлед Касьцёлу ў Беларусі, найперш у 1917—1953 г.

Крыніцай інфармацыі сталі рэляцыі парафіянаў, пробашчаў, а таксама сьведкаў тых падзеяў, працы польскіх і беларускіх гісторыкаў.

Вядома, што агулам у Савецкім Саюзе ў 1918—1939 г. рэпрэсавалі каля 470 сьвятароў. Што да Савецкай Беларусі, дык вядомыя 44 асобы, што адносяцца да Магілёўскай арцыдыяцэзіі, і 9 асобаў зь Менскай дыяцэзіі, якія загінулі ў 20—30-х у савецкай карнай сыстэме.

Першым публічным працэсам стаў суд у Менску ў траўні 1922 г. Ксяндзам Міхалу Тамашэўскаму, Адаму Лісоўскаму і Яну Васілеўскаму і некалькім сьвецкім вернікам было выстаўленае палітычнае абвінавачаньне, але падставай для арышту і судовага працэсу стаў іхны пратэст супраць канфіскацыі касьцёльных каштоўнасьцяў.

Найбольш пашыраным прысудам для ксяндзоў стала высылка ў канцлягеры Поўначы, Сібіру. На Салаўках, на востраве Анзер, быў створаны нават адмысловы лягер для каталіцкага і праваслаўнага духавенства. Сьвятары на гэтым востраве былі спэцыяльна ізаляваныя ад астатніх вязьняў, каб не вялі «духовай прапаганды». У 1932 г. НКВД «выявіла» тут антысавецкую групоўку з 32 каталіцкіх святароў, якія меліся праводзіць антысавецкую агітацыю, патаемна выконваць рэлігійныя абрады і праводзіць шпіёнскія акцыі.

Арыштоўвалі ксяндзоў у Беларусі і ў славутай справе Поль-скай арганізацыі вайсковай. Тут ужо ў параўнаньні з папярэднімі працэсамі былі больш суровыя прысуды. Некалькі сьвятароў расстралялі.

Найбольшую ўвагу прыцягвае разьдзел «Другая сусьветная вайна — час масавага перасьледу». Ксяндзы падвергліся першым рэпрэсіям адразу пасьля 17 верасьня 1939 г.

Пад час сьпешнай эвакуацыі ў чэрвені 1941 г. найбольш небясьпечныя вязьні былі зьнішчаныя бальшавіцкімі органамі. Ларыса Міхайлік падае колькасьць загінулых сьвятароў у чэрвені 1941 г. толькі па Віленскай архідыяцэзіі: ня менш за 11 чалавек.

Новым этапам крыжовага шляху стала нямецкая акупацыя. Так, толькі ў канцлягеры Беразьвечча, што пад Глыбокім, сярод 27 тыс. забітых (беларусаў, расейцаў, палякаў, італьянцаў) было зьнішчана каля васьмі каталіцкіх ксяндзоў.

Рэлігійныя сьвятары мусяць быць па-за палітыкай, але не па-за жыцьцём. Так, у сьнежні 1941 г. у Менску пад час зьезду настаўнікаў былі арыштаваныя і ў хуткасьці закатаваныя айцы Станіслаў Глякоўскі і Дзяніс Малец. Паводле адных зьвестак, яны адкрыта асудзілі антыкаталіцкія выказваньні Вільгельма Кубэ, што выступаў на зьезьдзе. Паводле другіх зьвестак, яны адмовіліся вітаць нямецкую адміністрацыю фашыстоўскім ускідам рукі.

Найбольш вядомы ўчынак ксяндзоў з Росіцы (ля Дрысы) Юр’я Кашыры і Антонія Ляшчэвіча. Ксяндзы былі папярэджаныя пра маючую адбыцца карную акцыю, але адмовіліся пакідаць вернікаў і разам зь імі былі спаленыя ў вясковай хаце ў Росіцы.

Такая ж сьмерць напаткала 11 сясьцёр-назарэцянак з Наваградку ў жніўні 1943 г. Яны прапанавалі абмяняць сваё жыцьцё на жыцьці мясцовых жыхароў: «Мой Божа, калі патрэбна ахвяра жыцьця, няхай лепш нас расстраляюць, чым тых, хто мае сем’і — мы нават молімся за гэта».

Пасьля 1944 г. рэпрэсіі падхапіла ўжо савецкая ўлада. Так, тагачасны пружанскі ксёндз Казімір Сьвёнтэк атрымаў 10 гадоў зьняволеньня як працяг папярэдняга зьняволеньня ў 1939—1941 г.

У 1944—1953 г. ксяндзоў высылалі ў Сібір, Казахстан, прымусова высялялі ў Польшчу. Ларыса Міхайлік падае наступную лічбу: у 1946 г. у Беларусі працавалі 225 сьвятароў, а ў 1950 г. у сілу розных прычынаў — 111 сьвятароў.

Другую частку кнігі складае пералік ксяндзоў і законьнікаў з чатырох тагачасных беларускіх дыяцэзіяў (Менскай, Магілёўскай, Пінскай, Віленскай). Па кожнай пэрсаналіі (а іх каля 240) прыводзяцца кароткія біяграфічныя зьвесткі, галоўнае месца тут займае караценькі расповед пра іх сьмерць. Друкуюцца таксама каштоўныя здымкі сьвятароў.

А. Г.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0