Трапнае слова «Дрэмакі»

 

Доўга шукаў нагоды, каб выкарыстаць гэтае файнае дыялектнае слова, якое аднойчы пачуў ад палешука з Давыд-Гарадку. Так ён у гаворцы назваў сваіх землякоў, якім увесь час спрабуе давесьці, што цяперашняя ўлада іх папросту дурыць, а землякі як землякі — усё даглядаюць быдла, шчыруюць на полі ды маўчаць.

Потым падумаў — а што тут шукаць, нагодаў у маім горадзе, на маёй зямлі — што ў дурня махоркі.

Абласныя ўлады цяпер пастанавілі, каб калгаснае кіраўніцтва штодня кантралявала колькасьць сена, якое калгаснікі ў вольны ад працы ў калгасе час нарыхтоўваюць дзеля патрэбаў уласнай гаспадаркі. Здавалася б, нашто ўладам спатрэбілася лічыць прыватнае сена беднага калгасьніка? «Едзе, едзе продразьвёрстка, ужо вёска блізка....» Ніхто ў вёсках нават не зьвярнуў на гэта ўвагі — вельмі ўжо прызвычаіліся да ўсялякіх кантроляў. Дрэмакі? Ну дык гэта ж калгасьнікі, скажаце, толькі БТ і глядзяць, а вось бы, да прыкладу, бізнэсмэнаў узяць. Калі ласка.

Ад пачатку ліпеня для прадпрымальнікаў аплата за месца на цэнтральным кірмашы, дзе яны штодня ставяць свае намёты, падвысілася адразу ўдвая — цяпер нешта каля 20 тысячаў штомесяц. Коштам бізнэсмэнаў, якія й так даюць дзяржаве нямала грошай, вырашылі яшчэ рэканструкцыю кірмашу зрабіць. Сярэдняя кляса абураецца? Не. Дрэмакі? Ну, ізноў скажаце, дык няшмат сярод іх граматных, калі б інтэлігенцыю ўзяць...

Сустрэў аднаклясьніцу, якая цяпер настаўнічае ў адной з гарадзкіх школаў. Кажа: заробак нават на дзьве стаўкі мізэрны ды яшчэ і выплочваюць несваечасова. Пытаюся: а бясплатна сена касіць на калгасныя палеткі з калегамі ўсё адно езьдзіце (кожны настаўнік мусіць нарыхтаваць сена 200 кіляў)? Адказвае: не, што ты, я адкупілася — 5 тысячаў заплаціла (ледзь не траціна заробку), каб адчапіліся! Ад чаго адкупілася і ў каго? Хіба ад сваіх непасрэдных абавязкаў у дзяржавы, якая проста зьдзекуецца зь яе? Думаеце, шмат хто зь «перадавой інтэлігенцыі» — настаўнікаў — абурыўся? Не — косяць альбо плацяць. Дрэмакі? Дрэмакі.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0