Тыдзень нашага жыцьця

У ізгоях

 

Зьнік апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі, які апошнімі часамі шмат працаваў у Расеі. Зусім малады, ён ужо спазнаў усе выгоды журналісцкай прафэсіі: сядзеў у турме за кампанію з Шараметам, здымаў у Чачэніі. Зьнікненьне ў галоўным аэрапорце краіны сярод белага дня — удвая таямнічае. Шарамет вінаваціць Лукашэнку, Замяталін — апазыцыю. Прыгадваецца, што ў час сваёй адседкі Завадзкі, былы асабісты апэратар Лукашэнкі, пайшоў на супрацоўніцтва з КГБ, за што яго спачатку ўшчуваў Шарамет.

Калі гэта пачатак прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі, дык брудная ж кампанія намячаецца. Увогуле, цікава, што зьнікаюць у Беларусі тыя людзі — палітыкі, бізнэсмэны, цяпер во журналісты, што актыўна працавалі або ў Расеі, або з Расеяй.

Гэтае зьнікненьне ў любым разе зноў моцна псуе вобраз нашай краіны за мяжою. Для замежнікаў Беларусь — краіна без парадку, дзе зьнікаюць людзі, дзе плююць на правы чалавека, дзе лузаюць семкі на вуліцах і дзе можна спакойна пачувацца, толькі калі побач ёсьць міліцыянты (дый то не ўва ўсіх сытуацыях). Тыповая неадукаваная крымінальная калюмбія, карацей, дарма што з тысячагадовай традыцыяй хрысьціянства. Мы год за годам замацоўваем свой вобраз краіны-ізгоя, краіны наіўнасьці і нянавісьці.

Так і ўдзельнікаў міжнароднага Літэкспрэсу сустракалі на менскім вакзале: пад аховай двух дзясяткаў міліцыянтаў (каб багаж не раскралі і бамжы не абступілі), у прысутнасьці маладых людзей у касьцюмчыках пад гальштучкамі яўна не выпадковага выгляду і пад песьні псэўда-фольк-групы... «Ехаў казак за Дунай, сказаў, дзеўчына, бывай...» Нехта з гэтых балалаечніцаў нават пацягнуў пачівага выгляду патэнцыйных нобэлеўскіх ляўрэатаў танцаваць полечку...

Зьверскае, паталягічнае забойства францускай сям’і ў Марсэлі беларускім легіянэрам па мянушцы «Вайцюк» зь Ліды (сапраўднае ягонае прозьвішча так дакладна і не вядомае — ці то Васілеўскі, ці то Фускалік) таксама скалыхнула Эўропу.

Беларусь дыскрэдытуецца і адыёзнай постацьцю «саюзнага сакратара» Паўла Барадзіна, ордэр на арышт якога выпісала швэйцарская пракуратура — хоць бяз гэтай гразі дык мы маглі б ужо абысьціся, каб менш лезьлі ў абдымкі маскоўскіх варацілаў.

У Віцебску ідзе «Славянскі базар» — павальная п’янка, замаскаваная пад прагляд посьпехаў расейскіх майстроў культуры і мастацтва ў насаджэньні расейскай эстэтыкі і густаў у братняй краіне. З Пугачовымі, Шаўчукамі, Чайфамі, Земфірамі і іншымі соладкагалосымі салаўямі юнага і зубастага расейскага «дзяржаўна-манапалістычнага капіталізму». А таксама прагляд дзеяздольнасьці нашай ідэалягічнай машыны, прадстаўнікі якой — у касьцюмчыках пад гальштучкамі — і Літэкспрэс сустракаюць, і для віцебскіх зажынкаў сцэнары пішуць, і вайцюкоў гадуюць, і раманы пішуць, і сена косяць, і калярадзкіх жукоў зьбіраюць, а ўсё ніяк не прымусяць Эўропу палюбіць Беларусь.

Такі вобраз нашае краіны падтрымлівае і Аляксандар Лукашэнка, што на сваім улюбёным «Славянскім базары» дазволіў сабе прылюдна ахаяць Біла Клінтана, бясьсільна помсьцячы за скасаваньне гандлёвых прэфэрэнцыяў Беларусі. Я, маўляў, дадам Клінтану да ягонай пэнсіі той мільён даляраў, які Беларусь страчвае на адмене спрыяльнага рэжыму гандлю.

Але ж ніякая дутая беларуская статыстыка пра паляпшэньне ўзроўню жыцьця й чалавечага разьвіцьця, якою падманваюцца міжнародныя арганізацыі, не падмане нас. Матэрыяльнае ўбоства спараджае духоўную беднасьць, а духоўная нікчэмнасьць кансэрвуе матэрыяльны заняпад. О, заклятае кола беларускай калёніі!

Такія людзі, як тэнісіст Уладзімер Ваўчкоў, што дайшоў да паўфіналу тэніснага Ўімблдонскага турніру, выклікаюць павагу й захапленьне: хлопец ня толькі сам зарабляе грошы сабе і сваёй бацькаўшчыне, а й робіць яе слаўнаю паміж народамі. Ягоны пройгрыш Піту Сампрасу не пазбаўляе нас надзеі, што 22-гадовы Ваўчкоў, сьпісаны з разьлікаў дзеля шматлікіх траўмаў, яшчэ даб’ецца перамогі, і не адной. Пагатоў што іншыя нашы суайчыньнікі-тэнісісты падтрымліваюць яго маральна. Натальля Зьверава не пакідае тэнісу і трымаецца ў першых дзясятках найлепшых тэнісістак сьвету, маладая Вольга Барабаншчыкава пачуваецца на кортах усё больш упэўнена, а зарабляе ўсё больш. На гэтым тыдні яна адкінула прапанову часопіса Playboy зьняцца для яго за 200 тысячаў даляраў. Вядома, што Барабаншчыкаву прызналі самай сэксуальнай тэнісісткай сьвету — на зьмену расейцы Курнікавай.

А ў лясах пануе адвечная краса. Там поўна ягадаў. Чарніцы, як вядома, дасьпяваюць у адзін час зь вішнямі. Пад Берасьцем яны ўжо пераходзяць. Пад Віцебскам жа сама пачынаюць. Дарэчы, вядро адборных вішняў у Берасьці на станцыі Берасьце-Палескае, куды прыбываюць дызэлі з Украіны, каштуе 3,5 тысячы рублёў. Прыкладна столькі ж неўзабаве тутака будзе каштаваць і вядро абрыкосаў.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0