Апазыцыя выйграла ў Лукашэнкі Бэрлін

 

Учора ў Віленскім аэрапорце па дарозе з Бэрліну ў Менск лідэр БНФ Вінцук Вячорка даў інтэрвію нашай газэце.

— Раней беларускiя незалежнiцкiя палiтыкi ня часта езьдзілі да палітыкаў Нямеччыны, і вось цяпер...

— Сапраўды. Дагэтуль так складалася, што менавiта ў ЗША мы знаходзiлi больш разуменьня нашых клопатаў i былi часьцей туды запрашаныя. Зрэшты, i рэакцыя амэрыканскага боку на беларускiя падзеi была дастаткова выразна сфармуляваная. Вось чаму было важна, нарэшце, паважна заняцца эўрапейскай палiтыкай.

Iнiцыятыва вiзыту належала менскай групе АБСЭ. Запрошаныя мы былi фэдэральным мiнiстэрствам замежных справаў Нямеччыны. I была пэўная перадгiсторыя. Рэч у тым, што напачатку меркавалася сфармаваць агульную дэлегацыю з удзелам апазыцыі i таварышаў Посахава, Красуцкага й Якубовiча. Таму мне давялося зрабiць пэўныя захады, напiсаць лiст, пад якiм паставiлi свае подпiсы мае калегі, аб фармаваньнi дзьвюх асобных дэлегацыяў. Натуральна, нашай мэтай у Бэрлiне быў клопат пра незалежную Беларускую дзяржаву й пра нармальную людзкую пэрспэктыву для нашых людзей.

Сустрэчы былi на высокiм узроўнi. Былы фэдэральны мiнiстар Карл Дытэр Шпрангер, гэта дэпутат ад ХДС i намесьнiк старшынi замежнапалiтычнага камiтэту Бундэстагу, шэраг iншых дэпутатаў ад усiх асноўных фракцыяў сустракалiся з намi. У тым лiку Вольфганг Бэрэнт, гэта галава нямецкай дэлегацыi на парлямэнцкай асамблеi Рады Эўропы. А ў мiнiстэрстве замежных справаў нас вiтаў i меў з намi перамовы спадар Клаўс Шарыот, палiтычны дырэктар Фэдэральнага мiнiстэрства.

Недзе раўналежна з намi па Бэрлiне езьдзiлi спадары Посахаў, Красуцкi й Якубовiч. Iм таксама былi ладжаныя сустрэчы, бо як бы апекавалiся абедзьвума групамi людзi з АБСЭ, але яны былi спатыканыя на значна нiжэйшым узроўнi. На ўзроўнi выканаўцы абавязкаў начальнiка ўпраўленьня, скажам, калi гаварыць пра мiнiстэрства.

Насуперак традыцыйным уяўленьням пра стаўленьне Нмеччыны да беларускага пытаньня, мы пачулi і ад спадара Шарыота, i ад спадара Шпрангера адназначныя запэўненьнi, што чатыры нашыя ўмовы выбараў неадменныя, і пазыцыя Нямеччыны тут нiчым не адрозьнiваецца ад пазыцыi iншых эўрапейскiх краiн Эўразьвязу.

 

— Чаго прынцыпова новага можна спадзявацца пасьля гэтага вiзыту?

— Гэта навiна ня толькi для нас. Навiна для рэжыму ў тым, што дэпутацыя, кiраваў якой памочнiк Лукашэнкi Посахаў, спаткала дастаткова халодны прыём i ёй было адназначна сказана, што на пасылку назiральнiкаў няма як спадзявацца.

Хаця людзi рэжыму, i Посахаў, i Красуцкi, i Якубовiч дэманстравалi вяршынi красамоўя (кожны адпаведна свайму таленту. Найбольш таленавiты, бясспрэчна, Якубовiч), пераконваючы немцаў у тым, што ў Беларусi трыюмфуе дэмакратыя й яны прагнуць бачыць усiх нас у Палаце прадстаўнiкоў, у ейным новым складзе. Нягледзячы на ўсё гэта, у сваiм заключным паведамленьнi прадстаўнiкi рэжыму былi вымушаныя сьцьвердзiць, што яны расчараваныя «некрытычным» стаўленьнем прадстаўнiкоў нямецкага Бундэстагу й Мiнiстэрства замежных справаў да сьцьверджаньняў апзыцыi, якая «як вядома, нiкога не прадстаўляе». Гэта сумная навiна для Лукашэнкi, бо вiдавочна, у значнай ступенi ягоная замежная палiтыка, цi палiтыка тых пры Лукашэнку, хто яе фармулюе, зыходзiла з уяўных супярэчнасьцяў памiж эўрапейскiмi краiнамi, альбо, калi яны ня ўяўныя, а фактычныя, зь iхнага разьдзiманьня. Дык на гэты раз спадары Посахаў і астатнiя зьехалi з Бэрлiну вiдавочна расчараваныя. Яны заданьня ня выканалi. У гэтай сытуацыi альбо Лукашэнка пагаджаецца выконваць чатыры ўмовы, альбо ўнутры самой клiкi павiнен распачацца сыстэмны крызыс. Бо няма шанцаў абапiрацца на Эўропу. Калi ўжо Нямеччына адварочваецца...

 

— На што яшчэ можа спадзявацца рэжым сёньня?

— На прарасейскiя iлюзii Зхаду. Вось другая рэч, якая гучала ў меншай ступенi ў Бундэстагу й мiнiстэрскiх кабiнэтах, але сярод русазнаўцаў i ўсходазнаўцаў нямецкiх такiя настроi вельмi пашыраныя — гэта спадзевы на эканамiчную лiбэралiзацыю Расеi і, адпаведна, шанцы для германскага капiталу. I дакуль будуць iлюзіi гэтыя на Пуцiнава кiраваньне ў лiбэральным духу ў гэтакiм паўднёва-карэйскiм стылi, датуль Лукашэнка будзе iмкнуцца знайсьцi сваю нiшу ў гэтых прарасейскiх настроях некаторых эўрапейцаў i, адпаведна, спадзявацца на падтрымку ягонага рэжыму, як неадменнай складовай часткi расейскай геастратэгiчнай прасторы ў Эўропе. Нямеччына будзе падкормлiваць Пуцiна і можа заплюшчыць вочы на тое, што Пуцiн частку гэтага падкорму будзе накiроўваць да Лукашэнкi, або да iншага прамаскоўскага чалавека, якi яго заменiць. Найбольш небясьпечны для нас сцэнар з тых, што адбудуцца, калi Лукашэнка сыйдзе, гэта якраз замена Лукашэнкi кiмсьцi роўна прамаскоўскiм, але больш прычасаным. Напрыклад, Ярмошыным.

 

— Ну й якiя новыя маральныя iмпульсы гэтая сустрэча дае беларускай апазыцыi?

— Я ўсьцешаны адзiнствам пазыцыяў. Практычна ўсе (ну, былi, на жаль, некаторыя выняткi) і практычна заўсёды выступалi як адзiная каманда. Бальшыня рэпрэзэнтаваных палiтыкаў якраз прадстаўлялi партыi Каардынацыйнай рады дэмакратычных сiлаў, тыя, што правялi другога лiпеня Кангрэс дэмакратычных сiлаў. Тэкст ухвалы стасоўна выбараў у нас быў па-нямецку. Мы яго раздавалi. Для немцаў гэта было вельмi паважным аргумэнтам. I адзiнства беларускай палiтычнай дэмакратычный апазыцыi, прынамсi, яе ядра. І дакладна сфармуляванае стаўленьне да выбараў у сучасных умовах, як да фарсу. Я ўсьцешаны, што адзiнства пацьвердзiлася, перадусiм адзінства кангрэсавых партыяў. I мы добра спрацавалi ў агульнай камандзе з кiраўнiцтвам Вярхоўнага Савету, якое таксама было ў Бэрлiне. У нас была агульная супольная дэлегацыя, я магу яе назваць. З кiраўнiкоў кангрэсавых партыяў былi таксама спадар Дабравольскi, намесьнiк старшынi АГП, спадарыя Палевiкова, кiраўнiчка Партыi жанчын, спадар Лемяшонак, намесьнiк старшынi Партыi працы, спадар Арыстовiч, намесьнiк старшынi БСДП. Былi спадар Шарэцкi, толькi першы дзень, ён паехаў у Бухарэст, спадар Цярэня, вiцэ-сьпiкер, спадары Грыб, Пастухоў, Беленькi (гэта не кангрэсавая партыя, КХП) i Калякiн (гэта таксама не кангрэсавая партыя, ПКБ).

Так здарылася, што мы былi ў Бэрлiне акурат у днi так званага Параду каханьня, якi пры ўсёй сваёй экзатычнасьцi й тлумнай шматлюднасьцi ўсё ж такi ёсьць дэманстрацыяй таго, што абедзьве часткi Нямеччыны, перажыўшы таталiтарызм, адна раней, другая пазьней, здолелi ня толькi зьяднацца, але й ператварыцца ў сусьветную дзяржаву, а Бэрлiн — у сусьветны горад. Немцы добра памятаюць, што такое таталiтарызм, i я спадзяюся на iхнае зразуменьне ўсiх народаў, якiм толькi яшчэ трэба таталiтарызм пераадолець.

Гутарыў BKZ


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0