Чужы пасярод сваіх

Чорна-белыя працы фотамастака выстаўляюцца ў Варшаве i iгнаруюцца ў Менску

Нiчога не шакуе звычайнага чалавека болей, чым тое, пра што ў яго даўно склалася пэўная думка. Шматлiкiя перамогi фотамастака Аркадзя Бiрылкi ў розных конкурсах стварылi яму iмiдж чалавека, лепш за якога нiхто ня здольны зрабiць жаночы партрэт. Ягоная знакавая праца — выява маладой мацi, стылiзаваная пад Джаконду Леанарда. Аднак падрыхтаваная Аркадзем выстава «Менскiя drug-qeen у чорным i белым» (спачатку яна называлася «Гей-тэатар») нарабiла жудаснага скандалу. Нядобры камiзм становiшча ў тым, што самую выставу ў Менску ня бачыў нiхто, апрача сяброў Аркадзя і чытачоў гейскага часопiса «Forum-Lambda». Сёньня гэтая выстава адкрываецца ў Варшаве ў межах III сусьветнага фэствалю гейска-лесьбiйскай культуры, на якi запрасiлi й беларусаў. Зь беларусаў паехалi Алена Адамчык з сваiмi «каляровымi» геямi, старшыня Лiгi сэкс-меншасьцяў Эдвард Тарлецкi з дакладам, ды-джэй Ядзiк, самi drug-qeen «Мая» i «Патрыцыя» (тэрмiнам drug-qeen вызначаюцца артысты парадыйнага жанру, якiя сьпяваюць, танчаць i весяляць публiку ў жаночым адзеньнi). Выстава Аркадзя Бiрылкi паехала без свайго гаспадара, пакуль цяжка прадказаць ейны посьпех.

Канфлiкт пачаўся ў рэдакцыі газэты «Знамя юности», дзе Аркадзь Бiрылка працуе фотакарэспандэнтам. Пасьля таго, як часопiс «F/L» надрукаваў некалькi твораў Бірылкі i зьмясьцiў абвестку пра тое, што мастака ў якасьцi мадэляў цiкавяць маладыя людзi абодвух палоў зь цiкавым уяўленьнем пра сваё цела i з уласнымi iдэямi, у рэдакцыi «ЗЮ» абурыліся. Заўважу, што сам Аркадзь — ня гей. I раней проста нiколi не сутыкаўся з гей-супольнасьцю. Дык вось, у «Знамя юности» на «злачынства» Аркадзя адрэагавалi вельмi спэцыфiчна — абвесьцiлi строгую вымову i пазбавiлi прэмii. Частка калектыву перастала вiтацца з фотамастаком за руку. Нумар часопiса, дзе надрукаваныя здымкi i абвестка, хадзiў па руках, як нешта «смажанае» i «перасмажанае».

Для Аркадзя ўсё скончылася адносна не трагiчна. Яго ня звольнiлi з працы, адкрываецца ягоная выстава, у жнiўнi ягоныя працы паедуць у Стакгольм. Але варта казаць пра тэндэнцыю. Пра непрыняцьце быццам бы разумнымi, быццам бы iнтэлiгентнымi людзьмi таго, з чым яны не сутыкалiся раней i што з-за гэтага падаецца iм ледзь не злачынствам.

Цiна Клыкоўская


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0