Край недабудаванага сацыялізму

 

Мэксыка, як мы яе разумеем, пачалася з крывавай Канкісты. Наколькі крывавай, сьведчыць той факт, што насельніцтва краіны зьменшылася з 37,5 мільёнаў чалавек да заваёвы да 1,5 мільёнаў у 1650 годзе, і толькі ў 1960 г. краіна дасягнула дагішпанскай колькасьці насельніцтва (гэта рэкамэндую запомніць плакальнікам па шматпакутнай Беларусі). Таму й сёньня мэксыканцы пра драму Канкісты гавораць так, нібы гэта было ўчора. Мэксыканскі антраполяг Д.Рыбэйра пісаў, што пад час сьвяткаваньня 150-х угодкаў незалежнасьці Мэксыкі ягоныя гішпанскія сябры баяліся хадзіць зь ім па горадзе, каб не патрапіць пад кулакі мэксыканскіх патрыётаў.

Здабыцьцё незалежнасьці было справаю рук мэксыканскай арыстакратыі. Незалежнасьць прынесла пэрыяд доўгіх узброеных канфліктаў паміж рознымі арыстакратычнымі групоўкамі. Старая алігархія паклікала ў краіну генэалягічна бездакорнага караля зь люксэмбурскай дынастыі і францускія штыхі. Неўзабаве выбухнула крывавае паўстаньне, караля забілі, а ў краіне надоўга запанавалі клерыкальна-нацыяналістычныя рэжымы. У памяць пра тыя падзеі на сьцяне мэксыканскага ўрадавага палацу дагэтуль вісіць карціна: Карл Маркс паціскае руку кіраўніку паўстаньня Б.Хуарэсу. І подпіс: праз мой народ будзе прамаўляць дух.

Вялікая Мэксыканская рэвалюцыя выбухнула ў 1910 годзе, скіраваная яна была супраць паноўнага ў краіне хаўрусу лятыфундыстаў, царкоўнікаў і ваеншчыны. Прэзыдэнт Дыяс, якому было за 80, адбыў на пасадзе больш за 5 тэрмінаў і хацеў яшчэ. Правадыры рэвалюцыі Э.Сапата і Ф.Вілья былі людзьмі з народу і першымі вялікімі цэнтральнаамэрыканскімі рэвалюцыянэрамі-партызанамі. Рэвалюцыя дала магчымасьць ажыцьцявіць аграрную рэформу на вёсцы, дэмакратызаваць дзяржаўную сыстэму, аддзяліць царкву ад дзяржавы і ўзяць пад дзяржаўны кантроль здабычу карысных выкапняў. Мэксыканскія рэвалюцыянэры ўдала скарысталі з таго, што ўся ўвага найбуйнейшых імпэрыялістычных дзяржаваў была прыкутая да сусьветнай вайны, што кіпела, аднак, амаль выключна ў Эўропе.

У рэвалюцыі загінуў кожны пятнаццаты жыхар Мэксыкі, краіна была спляжаная. Рэвалюцыя і сфармавала сучасную мэксыканскую нацыю. З так званай «рэвалюцыйнай эліты» і склаўся новы кіраўнічы слой. Гэтыя чынавенскія эліты ўвесь час спасылаліся на ідэалы рэвалюцыі, але паступова зрасталіся з нацыянальнай буржуазіяй, даючы грунт стварэньню ўнікальнай для рэгіёну нацыяналістычнай, лібэральнай, асьвечанай мадэлі грамадзтва. Інстытуцыйна-рэвалюцыйная партыя, утвораная пад час рэвалюцыі, утрымлівала ўладу 71 год, стаўшы партыяй перадавога чынавенства і абдзяржаўленых прафсаюзаў. Яна ўмела і пасьпяхова, як не ўдавалася нікому ні ў якой іншай краіне сьвету, процістаяла амэрыканскаму экспансіянізму. Пэруанскі пісьменьнік-лібэрал Варгас Льёса назваў мэксыканскі палітычны лад «ідэальнай дыктатурай».

І хоць ІРП даўно ўжо падтрымала ідэю стварэньня супольнай з Амэрыкай і Канадай зоны вольнага гандлю NAFTA, даўно ўжо зраслася з амэрыканскімі манаполіямі, перамога на выбарах у Мэксыцы Вісэнтэ Фокса, кіраўніка мэксыканскага аддзяленьня кампаніі Pepsi, усё ж ёсьць і паказчыкам, і зарукай яшчэ шчыльнейшага супрацоўніцтва Мэксыкі з ЗША. Спадар Фокс удае зь сябе звычайнага папуліста, усюды ходзіць у каўбойскіх ботах. Яго часта параўноўваюць з Кларкам Гейблам. Праблему ч’япаскіх паўстанцаў ён паабяцаў вырашыць за 15 хвілінаў, паразмаўляўшы з Маркасам...

Карацей, тыповы лідэр-дэмагог эпохі тэлебачаньня і Інтэрнэту — як Лукашэнка, як Эстрада на Філіпінах, як Чавэз у Вэнэсуэле, як Мэчыяр у Славаччыне. «Прэзыдэнт павінен быць правадыром», — сказаў ён у адным з інтэрвію. Пабачым, наколькі дэмагог пад амэрыканскім кантролем адрозьніваецца ад дэмагога пад кантролем расейскім.

Сяргей Радштэйн


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0