Каляндар

 

9 ліпеня 1900 г. брытанская каралева Вікторыя дала згоду на стварэньне Аўстралійскай фэдэрацыі. Праз паўгады была створаная дзяржава пад назвай Фэдэрацыя Аўстралія, напачатку — дамініён, потым Аўстралія набыла незалежнасьць. Хаця й да сёньняшняга часу дзяржавай намінальна кіруе брытанская каралева і прызначаны ёю генэрал-губэрнатар.

Найвышэйшая кропка Аўстраліі носіць імя Тадэвуша Касьцюшкі. Найбольшая колькасьць эмігрантаў зь Беларусі пасялілася там пасьля 1944 г. – ня менш за дзесяць тысячаў чалавек. Сярод іх былі Алесь Алехнік, Павал Гуз, Міхась Зуй, Уладзімер Клуніцкі, Язэп Малецкі і інш.

 

10 ліпеня 1900 г. у вёсцы Стаўрова Браслаўскага павету нарадзіўся Пётра Сергіевіч, беларускі мастак. Тая вёска — каля маляўнічага возера Богіна. Сын безьзямельных сялянаў, у 1917 г. Сергіевіч апынаецца ў рэвалюцыйным Петраградзе, азіраецца навокал і вяртаецца назад да бацькоў на Браслаўшчыну. Прачытаўшы ў «Кур’еры Віленскім» абвестку пра адраджэньне Віленскага ўнівэрсытэту з мастацкім факультэтам, Пётра накіроўваецца ў Вільню і становіцца вучнем Фэрдынанда Рушчыца. Віленскі ўнівэрсытэт быў скончаны ў 1927 г., малады мастак пасьпеў павучыцца і ў Кракаве. Сергіевіч малюе сваякоў, суседзяў, знаёмых, аднавяскоўцаў, ляндшафты Браслаўшчыны. Сяргей Харэўскі аднёс ягоную карціну «Шляхам жыцьця» да 100 найлепшых твораў беларускага мастацтва ХХ ст. На карціне мужчына зь мехам на плячох і жанчына зь дзіцём крочаць па дарозе кудысь удалячынь. На думку С.Харэўскага, гэта Язэп і Марыя з малым Ісусам, ратуючыся, бягуць у Эгіпэт. Апрача карцінаў, Сергіевіч маляваў абразы і расьпісваў касьцёлы Віленшчыны. Існуе легенда, што Панцеляймон Панамарэнка прапаноўваў мастаку: «Пераяжджай у Беларусь, мы табе касьцёл адчынім». Не паслухаўся Сергіевіч і застаўся ў мілай сэрцу Вільні.

 

14 ліпеня 1500 г. адбылася бітва на рацэ Ведрашы. Вайна Вялікага Княства Літоўскага з Масковіяй, што пачалася ўвесну 1500 г. Баявыя дзеяньні вяліся ўздоўж усёй усходняй дзяржаўнай мяжы. Найвышэйшы гетман ВКЛ Канстанцін Астроскі сабраў блізу 3,5 тысячаў вершнікаў і ў траўні 1500 г. рушыў на ўсход княства — «сьцерагчы межы». Войска Астроскага ў канцы чэрвеня дасягнула Смаленску, у той час як вялікі князь Аляксандар з падмогаю падыходзіў толькі да Менску. Астроскі, падмацаваўшыся смаленцамі на чале са Станіславам Кішкам, рушыў на маскоўскага ваяводу Кошкіна, што стаяў на рацэ Ведрашы ля Дарагабужу. Чатыры тысячы нашых супраць сарака тысячаў маскоўцаў! Але гетман стаяў на сваім — біцца. Мы прайгралі… Як піша Генадзь Сагановіч, пераможцы разбурылі мост праз раку Трасну ў тыле зможаных ды бязьлітасна секлі іх, тапталі, тапілі… Загінула абсалютная большасьць ліцьвінаў. Сам князь Астроскі трапіў у палон.

Да бітвы на рацэ Крапіўне, што пад Воршай, заставалася 14 гадоў.

 

15 ліпеня 1900 г. у вёсцы Агароднікі Вялейскага павету (цяпер Пастаўскі раён) нарадзіўся Ўладзімер Дубоўка, паэт і перакладчык. Скончыў Новавялейскую настаўніцкую сэмінарыю, паступіў у Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя Валер’я Брусава ў Маскве. Там, у Маскве, Дубоўка і застаўся. Рэдагаваў беларускамоўны варыянт «Весьніка ЦВК, СНК і СПА Саюзу ССР», быў адказным сакратаром пастаяннага прадстаўніцтва БССР пры Ўрадзе СССР, у 1924–27 г. выкладаў беларускую мову ў Камуністычным унівэрсытэце народаў Захаду. Але найбольшую вядомасьць, прынамсі ў Беларусі, прынесьлі Дубоўку вершы. У 1930 г. паэт быў арыштаваны ў справе Саюзу Вызваленьня Беларусі і праз год высланы на пяць гадоў у Яранск, на скрайнюю Поўнач. У 1937 г. яго паўторна арыштавалі і на гэты раз прысудзілі да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Па вяртаньні з турмаў Дубоўка прысьвячаў сябе збольшага пісаньню дзіцячых вершаў і аповесьцяў, а таксама перакладам на беларускую мову Шэксьпіра, Байрана, Сыракомлі.

Алег Гардзіенка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0