З усёй краіны

 

Зьліва зь неба нарабіла бяды

Як паведамiлi БелаПАН у Мiнiстэрстве надзвычайных сытуацыяў, праз дажджы зь ветрам да 30 мэтраў на сэкунду ў Магiлёўскiм i Шклоўскiм раёнах пашкоджаныя лiнiі электрычнасьці, абясточаныя 47 населеных пунктаў. У Кармянскiм раёне пацярпелi 52 жылыя дамы, 11 сельгасбудынкаў i 6 аб’ектаў сацкультбыту. А яшчэ шмат дзе дамы падтапіла і дрэвы на дарогах нарабілі завалаў.

 

Бабе сто гадоў

Жыхарцы вёскі Чарнілава ў Мсьціслаўскім раёне Вользе Сокал споўнілася 100 гадоў. Жыве старая адна, мае агарод, дзе вырошчвае цыбулю і капусту. Сама не тутэйшага паходжаньня. Прыехала на Мсьціслаўшыну зь Сібіры яшчэ падчас кастрычніцкай смуты. Трымаецца добра, бо ўсё працуе.

Андрэй Кузьмін

 

А цяляты гараць і гараць

Здавалася, ужо й травы навалам, і страту галоднага быдла ня трэба сьпісваць на пажары ды ўсякія прыродныя катаклізмы. Аж не. БелаПАН піша, што 68 цялят згарэлi падчас пажару 15 лiпеня ў вёсцы Сямернікi Валожынскага раёну (гэта акурат як на Вільню ехаць). Кажуць, пажар у цялятнiку калгасу iмя К.Маркса ўспыхнуў каля 4 гадзiн ранiцы. У вынiку загiнулi ўсе цяляты, якiя там былi. Прычыну пажару высьвятляюць.

 

Замест Леніна будзе вазон

Зь сярэдзiны 60-х стаяў у дворыку барысаўскай СШ №12 помнiк правадыру пралетарскае рэвалюцыi. Відаць, муляў людзям вока сваёй аляпаватасьцю й нязграбнасьцю, таму й пачалi зьнiкаць з каменнага стоду ягоныя часткi: спачатку рука, затым нос. Да таго ж пакрыўся ён увесь ёлкiмi надпiсамi. Адмiнiстрацыя школы доўга вагалася, пакуль наважылася папрасiць рабочых разьбiць яго на кавалкi й вывезьцi непатрэбны друз на сьметнiк. Толькi вось грувасткi пастамэнт не было як зрушыць, таму й вырашылi скарыстаць яго пад вазон для кветак.

Сяржук Салаш

 

Маёр пабіў камандзіра

Да 10 гадоў зняволеньня можа атрымаць маёр адной з магілёўскіх вайсковых частак. Ён зьбіў свайго камандзіра, падпалкоўніка. Як сёньня лічыць следзтва, афіцэр так цяжка «парушыў субардынацыю» з прычыны сваёй недысцыплінаванасьці і нежаданьня выконваць загады начальніка. Праўда, пакуль невядома, наколькі разумныя былі тыя загады.

Сымон Глазштэйн

З фронтаўцаў — у лімонаўцы

На 2 мінімальныя заробкі аштрафаваны Баранавіцкім судом «русский патриот» Міхась Савіцкі за напад месяц таму на штаб-кватэру Баранавіцкага БНФ «Адраджэньне». Нагадаю чытачам «НН», што тады тры «лімонаўцы» выклікалі на лесьвічную пляцоўку старшыню Фронту 19-гадовага Алеся Пікулу ды, даведаўшыся, што ён адзін, пачалі зьбіваць.

У позве, якой выклікаўся ў суд Алесь Пікула, значыўся цікавы надпіс «для беседы». Судзьдзя запрасіла ў кабінэт на размову яго й Савіцкага, ды адразу ж праз паўгадзіны вынесла прысуд. «Лімонавец» заявіў, што ня ведае сваіх па-дзельнікаў, ды ўсю віну ўзяў на сябе. За тыдзень да суду Савіцкі ўладкаваўся на працу — беспрацоўных не штрафуюць, а садзяць на суткі. Дарэчы, сам ён — сын вялікага міліцыянта ў адстаўцы...

На судзе «русский патриот» трымаўся разьвязна. Распавёў пра сваю крыўду — пабілі яго ў Менску на апазыцыйным мітынгу за тое, што быў апрануты як скін — камуфляж ды боты зь «белымі шнуркамі». Цяперака, як заявіў ён судзьдзі, ён са сваімі сябрукамі зьбіраецца «зачысьціць Беларусь ад нацыяналістаў».

У выпадку паўтору парушэньня закону М.Савіцкага чакае турма. Аднак шкода глядзець на такіх падлеткаў, якім розная расейская поскудзь тлуміць галаву, а беларускія арганізацыі нічога прапанаваць ня могуць. Прыходзіў жа раней гэты «лімонавец» на штаб-кватэру Фронту, размаўляў па-беларуску, браў чытаць кніжкі, пахадзіў ды сыйшоў. Шукаў больш радыкальную арганізацыю, і падчас тых пошукаў знайшлі яго расейскія бальшавікі... Сам ён распавёў, што стаў «лімонаўцам» ня столькі з-за ідэалёгіі, колькі з-за таго, што не жадае так больш жыць і хоча нешта зьмяніць у гэтай краіне. Патрапіў бы ён ад пачатку пад уплыў «Белага легіёну» ці «Краю», быў бы зусім іншы чалавек.

Руслан Равяка, Баранавічы

Дворнікі нагадалі, што яны – людзі

У Бабруйску ўпершыню ў Беларусі пратэставалі дворнікі. На стадыёне «Фандок» прайшоў дазволены ўладамі пікет. Людзі выказвалі сваё незадавальненьне заробкам, а таксама хамскімі паводзінамі некаторых начальнікаў. Магілёўскі праваабаронца Валадар Цурпанаў, які сустракаўся напярэдадні з арганізатарамі пікету, кажа: «Бабруйск уражвае чысьцінёй сваіх вуліц. Гэта сведчыць пра добрую працу людзей, якія тую чысціню ствараюць. Але ім прыходзіцца працаваць дзеля гэтага зь пяці гадзін ранку і аж цэлы дзень. Абслугоўваюць па некалькі ўчасткаў, бо не хапае людзей. І пры гэтым атрымліваюць усяго 12-17 даляраў».

Сымон Глазштэйн


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0