Лукашэнка яшчэ можа стаць меншым злом

 

Улады пачалі рэалізацыю пляну зьмяшчэньня тых прафсаюзных дзеячоў, што падпісалі скаргу на парушэньне правоў беларускіх прафсаюзаў, накіраваную ў Міжнародную Канфэдэрацыю Свабодных Прафсаюзаў. Першым «пад нож» меўся трапіць Аляксандар Ярашук, кіраўнік прафсаюзу аграрыяў. Улады дзейнічалі звыкла, па-замяталінску. Спачатку яны дабіліся вылучэньня на зьезд усіх намесьнікаў старшыняў аблвыканкамаў, адказных за аграпрамысловы комплекс, пасьля старшыня Менскага аблвыканкаму ледзьве не з дапамогаю спэцслужбаў і ледзьве не а шостай раніцы выклікаў да сябе ў кабінэт кіраўніка менскага абласнога прафсаюзу. Яму прапаноўвалася выступіць супраць Ярашука, а калі не... Дык у цябе ж і дзеці ёсьць... Так, прынамсі, расказвалі пра гэтую «артпадрыхтоўку» ў кулюарах зьезду. Чалавек, аднак, не паддаўся, а зьвярнуўся па дапамогу да кіраўніцтва Фэдэрацыі Прафсаюзаў. А яно на гэты раз ня дрогнула.

 

Пасьпяховы бунт

Зьезд вёў асабіста старшыня Фэдэрацыі Ўл.Ганчарык — упершыню ён асабіста кіраваў форумам галіновага прафсаюзу. На зьезьдзе прысутнічалі госьці зь іншых краінаў і назіральнікі ад прамысловых прафсаюзаў — вядомых сваёй большай незалежнасьцю ад уладаў і наймальнікаў. Пачалі з таго, што пазбавілі права голасу кандыдатаў, прасунутых насуперак Статуту зьвязу, тых самых «віцэ-губэрнатараў», што, аказваецца, не зьяўляліся нават сябрамі прафсаюзу. Кіраўнік прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Г.Фядыніч пракамэнтаваў гэта так: «Зь першых галасаваньняў стала ясна, што ўлада ня мае колькаснай перавагі на зьезьдзе, і гэтыя пяць галасоў не памянялі б сытуацыі, але магло б так выйсьці, што ў выпадку, калі зьезд абірае кандыдата, няўгоднага ўраду, Мінюст скасуе вынікі выбараў, грунтуючыся на тым, што ў галасаваньні бралі ўздел несябры прафсаюзу». Як бачым, прафбосы прыйшлі на зьезд, маючы добра прадуманую праграму абароны. Тады як іхныя апанэнты дзейнічалі млява і не ў ахвотку.

Ганчарык далей правёў рашэньне аб тайным галасаваньні — і тутака замяталінцам ужо ня стала на што разьлічваць.

Шкада толькі міністра сельскай гаспадаркі Юр’я Мароза, былога кіраўніка калгасу-камбінату «Белавескі», што пад Камянцом, чалавека цяжкое долі (у яго маладою памерла жонка, і ён сам дзеці на ногі ставіў), якога дзяржмашына вылучыла ў якасьці альтэрнатывы Ярашуку. (Прапіхваць у кіраўнікі прафсаюзу фактычнага наймальніка — поўнае фальшаваньне сутнасьці рабочага руху!) Пагадзіўшыся выконваць гэтую не ганаровую ролю, Мароз трапіў пад агонь справядлівай і несправядлівай крытыкі: упікалі яму, што разваліў сельскую гаспадарку. Казалі, што пасьля інфаркту лепей бы яму падшукаць сабе лягчэйшай працы... Карацей, бунт! І дзе — у пакорлівай, век пад’ярэмленай вёсцы, на гарбе якой ускочыў ва ўладу Лукашэнка і імем якой ён ажыцьцяўляў свае каркаломныя палітычныя і гаспадарчыя пражэкты.

Годзе з нас такой палітыкі, пакіраваў, Лукашу, — і злазь, а ня хочаш злазіць, то мяняй курс, — размовы дэлегатаў у кулюарах паказваюць, што настроі ў вясковага кіраўніцтва адназначныя. І гэта, відавочна, думка ня толькі прафсаюзьнікаў, гэта настроі найперш кіраўнікоў калгасаў і саўгасаў, вясковых цароў і багоў. Эканамічная эліта ўсьведаміла дзьве рэчы — без замежных інвэстыцыяў Беларусі не падняцца, бо ўнутраных інвэстыцыяў пры мізэрных заробках насельніцтва не дачакаеш, а валюнтарызм у цяперашняй эканамічнай сытуацыі замінае, а не ратуе.

Аляксандар Ярашук набраў 105 галасоў, а Юры Мароз — 29. Бунт перамог. На чым адыграецца адміністрацыя Лукашэнкі? Да новых галіновых прафсаюзных зьездаў, а яны рыхтуюцца ў верасьні, замяталінцы будуць рыхтавацца грунтаўней, зьбіраць кампрамат, падбіраць кандыдатаў.

 

Культмасавыя прафсаюзы

Трэба думаць, асноўны ўдар прыйдзецца на Г.Фядыніча і кіраўніка прафсаюзу заводаў сельскагаспадарчага машынабудаваньня дэпутата А.Бухвостава, двох самых ангажаваных у палітыку і сьведамых свайго патэнцыялу ў падрыхтоўцы глыбокіх грамадзкіх зьменаў кіраўнікоў. Бо менавіта гэтыя двое падаюць іншым прыклад незалежнасьці і пасьпяховага існаваньня ва ўмовах рэальнага супрацьстаяньня зь дзяржавай. Непатапляльны Ўл.Ганчарык таксама можа стаць аб’ектам інтрыг, і яму будзе цяжэй — за ім, у адрозьненьне ад галіновых лідэраў, няма падтрымкі рабочых і ніжэйшага кола прафаргаў. Наадварот, працоўныя ня любяць прафнамэнклятуры за яе колішняе згодніцтва.

Фармаваньне моцных прафсаюзаў — неад’емны элемэнт стварэньня грамадзянскай супольнасьці. Досьвед паказвае, што прафсаюзы на пераходным этапе могуць трапляць у залежнасьць ад працадаўцаў, але не павінны заставацца пад каўпаком дзяржавы, паколькі гэта кансэрвуе сыстэму фактычнае няволі працоўнага ў рабаўласьніка-дзяржавы.

Шлях прафсаюзаў да адшуканьня сапраўды значнае ролі і высокага статусу ў грамадзтве ляжыць празь зьмену лідэра — ім павінен стаць чалавек зьнізу, якога падтрымлівала б ня толькі прафсаюзная ерархія, але й шырокія працоўныя масы. Прафсаюзам патрэбны на сёньня лідэр харызматычны, палкі. Сп.Ганчарык, пры ўсёй павазе да ягоных узважаных і незалежных палітычных поглядаў, такім чалавекам ніколі ня стане. Было б добра, каб ён сам знайшоў і падрыхтаваў сабе зьменшчыка з улікам нацыянальных інтарэсаў Беларусі.

Афіцыйныя прафсаюзы — ня дужа небясьпечны вораг Лукашэнку. Іхны аўтарытэт у народзе нізкі, а нізавыя структуры не падрыхтаваныя да актыўнага змаганьня. У адрозьненьне ад прафбосаў нацыянальнага ўзроўню, прафаргі на месцах застаюцца другаснымі арганізатарамі культмасавай працы. Незалежныя ж прафсаюзы застаюцца маргінальнай сілай на заводах.

Усё ж нават у такіх прафсаюзах улады бачаць для сябе пагрозу. А таму і новы Працоўны кодэкс, і пагатоў прэзыдэнцкія дэкрэты з удакладненьнямі ў зразаюць правы працоўных і прафсаюзаў да ўзроўню, нечуванага ў краінах, што лічацца раем эканамічнага лібэралізму. Досыць згадаць тэрміновыя кантракты і права на звальненьне работніка паводле іх або тое, што працэдура арганізацыі страйку мусіць доўжыцца амаль 3 месяцы, а ня некалькі дзён, як у бастыёне капіталізму Амэрыцы.

 

Ідэальная дыктатура

Беларускі «эканамічны цуд», якога спадзяюцца ягоныя творцы, мае ў сваёй задуме грунтавацца на амаль фэўдальнай эксплюатацыі працоўных. Беларус, паводле задумкі распрацоўшчыкаў, павінен працаваць з той самай прадукцыйнасьцю, што й паляк, літовец, расеец, за заробак, у шэсьць разоў меншы, чым у палякаў, у чатыры — чым у літоўцаў, у два — чымся ў расейцаў. Канвэер «Гарызонту» рухаецца з той самай хуткасьцю, што й канвэер «Шылялісу» ў Шаўлях ці «Рубіну» ў Маскве. Імпартаваныя кінэскопы таксама каштуюць заводам аднолькава, як прыкладна за аднолькавыя грошы прадаецца тэлевізар. Куды ж, паводле распрацоўшчыкаў схемы, мусіць дзявацца розьніца, заашчаджаная беларускім працадаўцам-дзяржаваю на заробках? Рознымі ўскоснымі шляхамі адна частка мае пападаць у кішэню кіраўніцтва Беларусі («бо дзяржава — гэта я»), другая — у кішэню маскоўскіх транснацыянальных карпарацыяў, якія гэтае кіраўніцтва трымаюць на сваіх штыхах-спэцслужбах і забясьпечваюць яму «інфармацыйную падтрымку». Трэцяя ж, найбольшая, ідзе на падтрыманьне інфраструктуры і вытворчыя інвэстыцыі — бяз гэтага сыстэма ўпала б, а з гэтым зьнікае патрэба ў замежных і прыватных інвэстыцыях, і, значыць, краіна можа існаваць і безь легітымных уладаў, і без крэдытаў МВФ, і без супрацоўніцтва з «цывілізаваным сьветам».

Вось гаспадарчая схема «ідэальнай дыктатуры». Па такой схеме ў 70—80-х эксплюатаваў карэйскіх рабочых Чон Ду Гван, а маляйзійскіх — Магатгір Магамет.

Існуюць дзьве пагрозы такой сыстэме.

Па-першае, сыстэма добра працуе там, дзе магчымы лёгкі кантроль за якасьцю працы, напрыклад, на канвэеры «Гарызонту». Але сыстэма не спрацоўвае там, дзе кантроль немагчымы. Касара, доктара, настаўніка, навукоўца добра працаваць за 20 даляраў у месяц не прывучыш. Усё адно скосіць высака, не дагледзіць, раней часу дзеці параспускае, нічога ня вынайдзе.

Па-другое, можа ўзьнікнуць бунт. Мітынгі, страйкі, сабатаж.

Як сыстэма дае рады гэтым дзьвюм пагрозам? На змаганьне зь першай мабілізуюцца ўсе дадатковыя рэзэрвы. У вёску ўлетку адпраўляюць на працу гарадзкое насельніцтва, уводзіцца прыгонная сыстэма абавязковага разьмеркаваньня маладых спэцыялістаў, разгортваецца прапагандысцкі апарат, ствараецца агульная атмасфэра страху і караў, стратэгічнымі рэчамі проста ахвяруецца і г.д. Другое папераджаецца драконаўскімі дэкрэтамі, кодэксам, ізноў жа высілкамі прапагандысцкага апарату і стварэньнем агульнай атмасфэры страху — звальненьнем мэтрапалітэнаўцаў, крывавымі разгонамі незалежніцкіх шэсьцяў і г.д. Ясна, што і для першага, і для другога трэба, каб было як мага меней дэмакратыі і як мага болей гістэрыі.

Дэмакратыі і свабодам няма месца ў такой эканоміцы!

А самае сьмешнае ва ўсім гэтым тое, што заходняя і ўсходняя крайнія лявіцы працягваюць шанаваць Лукашэнку як ідала!

Аўтары схемы разьлічвалі, што транснацыянальныя карпарацыі хуценька скемяць выгоду працы на расейскім рынку пры ўдвая-утрая ніжэйшых, чым у Расеі, заробках і рахманай, як у канцлягеры, працоўнай сіле, і прымусяць сьвет прызнаць права Беларусі на існаваньне паводле сваіх арыгінальных законаў. Але яны пралічыліся, мо таму, што законы сьвету здаваліся ім прасьцейшымі і падлейшымі, чым яны ёсьць — такая памылка ўласьцівая дылетантам-правінцыялам.

Расейскія капіталісты і ваеншчына сапраўды хутка знайшлі супольную мову з Лукашэнкам, але ў цэлым сьвет і глябальная эканоміка былі ўжо ня тымі, час ня той і месца ня тое, што ў Карэі 70—80-х.

Ніякія карпарацыі ў Беларусь не прыйшлі, і паколькі часу на тое мелі цэлыя шэсьць гадоў, дык мусіць ужо й ня прыйдуць.

Расейцы знайшлі супольную мову, але не зракліся мараў пра поўны кантроль над экспартна-паплатнымі беларускімі вытворчасьцямі — найперш нафтаперапрацоўкай, мэталюргіяй, хіміяй, а таксама транзытнымі камунікацыямі, і гэтая іхная ласасьць стварае заўсёдную небясьпеку таго, што яны, з уласьцівай сёньняшнім расейцам гарачнасьцю ў выбары сродкаў, захочуць паставіць замест Лукашэнкі прэзыдэнтам чалавека нашмат больш падатлівага і расейскага — нейкага, скажам, юрыста, генэрала ці вядучага Радыё Бі-Эй. Бо Лукашэнка, у сілу сваёй няўрымсьлівай працы па ізаляцыі беларускай культуры, ізаляваў яе ўжо да такой ступені, што сам аказаўся занадта беларускім для створанай ім сыстэмы. Сыстэма дзяржаўнай улады, завязаная на ўсім расейскім, сёньня патрабуе ўжо сабе ў кіраўнікі меней беларускага чалавека, чым Лукашэнка. У гэтым драма Лукашэнкі і пагроза ягонай уладзе.

А ізаляцыя беларускай культуры адбылася, бо тая несла, лічылі праектанты, палітычную пагрозу задуманай сыстэме звышэксплюатацыі і самаўладзьдзя, якое такую эксплюатацыю гарантуе — бо беларуская культура нясе пэўную гістарычную традыцыю свабоды і права, як і пэўныя геапалітычныя сымпатыі.

 

Беларускі варыянт Кучмы

Але ў гэтым самым і драма беларускай апазыцыі. Рэальнасьць сёньня такая, што зьмяніць Лукашэнку можа толькі нашмат большы марыянэтка Масквы, яшчэ больш цынічны й варожы нашым ідэалам. А значыць, што ёсьць пагроза ў другі раз трапіцца ў пастку 1994 году, калі, скіраваўшы ўсе сілы на барацьбу з Кебічам, беларуская правіца прывяла да ўлады нашмат менш кіраваную і непрадказальную сілу.

Цяпер зноў уся незайздросная моц беларускай культуры скіраваная на дыскрэдытацыю гэтага ўвасабленьня зла і беспрынцыпнасьці, гэтага сымбалю нашага нацыянальнага рабства — на калгаснага банапарта. Пры гэтым ігнаруецца той факт, што вал расейскае культуры і мэдыяў, што нясуць расейскі нацыяналізм і погляд на сьвет, цяпер настолькі магутны, што па-сапраўднаму страшны ўжо не Лукашэнка. Жахнуцца нас прымусіць можа той чалавек, якога Лукашэнку падрыхтуюць на зьмену. Альбо Лукашэнка, перавыхаваны расейцамі на яшчэ больш свойскі лад — калі гэта магчыма. Мы яшчэ згадаем тады цяперашняга Лукашэнку. Тады, пад засеньню арла і трыкалёра, мы яшчэ паўспамінаем з настальгіяй чырвона-зялёны сьцяг, газэту «Звязда» і радыёстанцыю «Сталіца».

Такі найгоршы варыянт разьвіцьця расейскай экспансіі ў Беларусь ужо стаў цалкам магчымы. Бо некаму бліскуча ўдаецца нацкоўваць тых, чыя кааліцыя даўно магла б памяняць шлях разьвіцьця Беларусі — Лукашэнку і правую апазыцыю.

Таму што зьмяніць Лукашэнку можа й... сам Лукашэнка, але ў якасьці беларускага варыянту Кучмы. Толькі дзеля гэтага ён мусіць выканаць некаторыя ўмовы.

 

Альтэрнатыва расейскаму пратэктарату

Беларусь, у адрозьненьне ад Малдовы, ня ёсьць дзяржавай-банкрутам per definizionem, ня ёсьць, ужо дзякуючы таму, што не перасіленая вялікімі ўнутранымі разладамі, затое мае мінімальна выгадную геаграфічную сытуацыю і прамысловы патэнцыял. Між тым нават у такой безнадзейнай сытуацыі, як малдоўская, дзяржава ж нейкім чынам функцыянуе.

Няпраўда, што альтэрнатывы яднаньню з Расеяй няма. Саслабіўшы расейскі пратэктарат, Беларусь нешта страціць — энэргарэсурсы за паўцаны найперш. Але нешта й набудзе — магчымасьць будаваць безумоўна выгадныя для нас капіталістычную эканоміку і ўласную інфармацыйную прастору.

Аддзяленьне ад Расеі для Лукашэнкі — рызыка, але ня меншай рызыкай для яго — і далейшае ўсё больш каляніяльнае існаваньне. У любы момант можа ўключыцца, каб зьмесьці яго, прапагандысцкая машына расейскіх СМІ, што ня мае тармазоў. А раптам зьнікненьне Завадзкага і ёсьць такім уключэньнем? Бо як бы лукашэнкаўская адміністрацыя не фраерылася, а проціставіць гэтай машыне ў яе няма чаго.

Пэўная зьмена курсу насьпела. Яе зразумее народ, яе чакае эліта. Яе вымагаюць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Лукашэнка можа прыняць умовы апазыцыі, пайсьці на дэмакратычныя выбары, выйграць іх горш ці лепш. Тады прыбраць грэблю і даць вадзе беларускае гісторыі пацячы туды, куды яе напраўляе рэльеф. Гэта зможа адбыцца без Лукашэнкі, але гэта можа адбыцца і зь ім ужо сёньня.

Лукашэнка сёньня мог бы стаць меншым злом для ўсяе інтэлігенцыі і маладое заможнае клясы ды іхных палітычных сілаў, каб не ягоныя касьмічныя амбіцыі і маніякальная нягнуткасьць і недальнабачнасьць. Лішне казаць, што да канца Лукашэнка нас ніколі б не задаволіў, але каму да гэтага справа?

Наіўна было б заклікаць Лукашэнку ахвяраваць сваім палітычным рэйтынгам дзеля найвышэйшых нацыянальных інтарэсаў Беларусі і ісьці на нейкія адкрыта непапулярныя ці антырасейскія крокі. Аднак першы прэзыдэнт Беларусі можа, карыстаючыся сваім палітычным талентам, зрабіць стаўку на іншыя эканамічныя, замежнапалітычныя і культурныя прыярытэты. Для гэтага трэба толькі пераадолець супраціў кіраўнікоў прадпрыемстваў, завязаных на расейскім рынку і кантраляваных з удзелам Масквы, і нэўтралізаваць пэўныя сілавыя структуры — з дапамогай іншых, больш беларускіх. Ніхто больш такому павароту пярэчыць ня будзе — нават аграрыі. Ясна, што пасьля гэтага Лукашэнка перастане набіраць 80% на выбарах. Але хай мне хто дакажа, што 55% галасоў — горш.

Лукашэнка, падаецца, яшчэ можа стаць беларускім варыянтам Кучмы. Калі ж не — яго чакае бездапаможнае дажываньне ў вечным страху перад старэйшым братам і ўнутранай апазыцыяй. Бо й дурню ясна, што гэты юрыст, генэрал ці вядучы Радыё Бі-Эй, прыйшоўшы да ўлады, найперш зрабілі б з Лукашэнкам тое, чаго вымагае расейская палітычная традыцыя і плебс, цярпеньне якога вычарпанае звышэксплюатацыяй.

Андрэй Дынько


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0