Сьвята беларускасьці

 

У канцы чэрвеня ў горадзе Барысаве спартова-турыстычны клюб «Волат» праводзіў адборачны турнір па міні-футболе. Формула спаборніцтваў дазволіла толькі адной зь дзесяці камандаў-удзельніц патрапіць у турнір пад назвай «Кубак незалежнасьці», які пройдзе 21 ліпеня ў Барысаве. Больш за сотню хлапцоў ва ўзросьце ад дванаццаці да дзевятнаццаці гадоў з Барысава і раёну ўпарта змагаліся за перамогу. Упэўненую перамогу атрымала каманда з Барысаўскага раёну Прыборы, якая складалася зь сяброў спартова-турыстычнага клюбу «Волат».

Пасьля напружаных гульняў кожная каманда атрымала суцяшальны прыз — відэакасэту з запісамі беларускіх рок-гуртоў. А потым усе разам — і гульцы, і заўзятары — адсьвяткавалі заканчэньне адборачнага туру... мінэральнай вадой.

Адсутнасьць бруднай расейскай лаянкі, дух пабрацімства і ўзаемадапамогі панавалі падчас правядзеньня гэтага сьвята беларускасьці. Вялікая колькасьць балельшчыкаў з нацыянальнымі сьцягамі, плякаты з заклікамі да сваіх камандаў і воклічы «Жыве Беларусь!» — атрыбуты барысаўскага турніру, які праводзіцца другі год запар. Штораз набіраючы сілы і вядомасьці, турнір можа стаць агульнанацыянальным.

Ненадакучлівая прапаганда беларускасьці — адна з мэтаў гэтага спаборніцтва — была дасягнута. Арганізатары дасягнулі цудоўных вынікаў, «прымусіўшы» звычайных дваровых хлопцаў размаўляць па-беларуску. Беларуская мова красавала пад нацыянальнымі сьцягамі. Адроджаны беларускі дух здольны тварыць цуды. Нават шэра-блакітныя прадстаўнікі ўлады ня здолелі сапсаваць сьвята.

Але самыя цікавыя падзеі нас чакаюць наперадзе. «Кубак незалежнасьці» чакае пераможцаў.

Волат


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0