Вандроўка ў паўночна-заходні край

 

Згуртаваньне моладзi «Эўрапейскi шлях» зладзiла для пераможцаў вiктарыны «Шоў беларушчыны» i сяброў Цнянскай рады Маладога Фронту экскурсiю па паўночна-заходняй Беларусi.

Сьпярша ўдзельнiкi выправы наведалi мястэчка Вiшнева (з праездам праз Валожын), дзе ўшанавалі магiлу Канстанцыi Буйлы i папрысутнiчалi на iмшы, якую правiў ксёндз Уладзiслаў Чарняўскi ў мясцовым касьцёле ( ХVI ст., раньняе барока). Пасьля церазь Дзясятнiкi i Гальшаны скіраваліся да Ашмянаў. Там моладзь вiтаў велiчны i стромы, нiбыта падвешаны ў паветры, касьцёл, пабудаваны ў стылi вiленскага нэабарока. Потым быў Гудагай, дзе моладзь наведала драўляны i вельмi ўтульны касьцёл кармэлiтаў, пабудаваны ў форме каўчэга ў ХІХ ст. У Астраўцы, пасьля агляду дамiнiканскага касьцёлу i помнiка Восiпу Гашкевiчу, удзельнiкi экскурсii наведалi выставу яшчэ зусiм маладога (16 гадоў), але таленавiтага мясцовага мастака Алега Базылевiча.

У Малях экскурсанты мелi магчымасьць агледзець экспазыцыю ў мясцовай бiблiятэцы, прысьвечаную першаму консулу Расейскай Iмпэрыi ў Японii — Восiпу Гашкевiчу. Ад маёнтку Гашкевіча ў Малях, на жаль, нiчога не засталося, акрамя прысядзiбных лiпаў.

У Варнянах моладзь захаплялася велiчнасьцю касьцёла, пабудаванага ў стылi позьняга вiленскага барока, i назiрала праявы мясцовага калярыту ў выглядзе помнiка Чапаеву i крамы «Віно-гарэлка», што суседзяць з касьцёлам.

У вёсцы Трокенiкi мы знайшлі маёнтак мастака Богуша Шышкi i прыватны музэй пудзiлаў жывёлаў i птушак краю, якi заснаваў мясцовы паляўнiчы Слава Зьмiтровiч. Шмат уражаньняў пакiнуў таксама 500-гадовы дуб, якi стаiць побач з маёнткам на ўскрайку тэктанiчнага разлому зямной паверхнi (глыбiнёй блiзу 30 м), што ўтварыўся тутака пад час землятрусу 1905 г. (моцай 5—6 балаў).

Потым паехалі ў Мiхалiшкi, дзе месьцiцца ўнiкальны касьцёл аўгусьцiнцаў ХVІІ ст., пабудаваны ў барочным стылi, якi амаль аўтэнтычна захаваўся да нашых часоў.

I, нарэшце, цудоўным завершаньнем 14-гадзiнавай экскурсii стала наведваньне велiчнага, гатычнага, вышынёй у 64 м (!) касьцёла ў Гярвятах. Пробашч ксёндз Леанiд паказаў наведвальнiкам шмат рэдкiх дрэваў i кустоў, якiя ўтвараюць мiнi-сад вакол касьцёла. Як высьветлiлася, кс.Леанiд захапляецца батанiкай i марыць стварыць у будучынi «райскi» сад вакол касьцёла.

На разьвiтаньне ўдзельнiкi выправы пасадзiлi два дрэўцы, адмыслова прывезеныя зь Менску і, праслухаўшы некалькi партыяў на аргане, якiя выканаў Аляксей Фралоў, ад’ехалі дахаты.

Проста дзіва, што столькі ўсялякіх дзіваў можна пабачыць за адзін дзень.

Янка Цiтовiч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0