Водгукі

 

МОВА-2000

 

НАМУСЬНІК

Замест «намордніка» ёсьцека ў нашай гаворцы народнай слова «намусьнік».

Наколькі мне вядома, гэтая назва жыве паўсюдна, дзе яшчэ не развучыліся гаварыць. Апроч хіба Менску...

Аляксей Шчагрыковіч, Віцебск

 

НАМЫСЬНІК

Прапаную зьмяніць слова «наморднік» на беларускі адпаведнік — «напысьнік». А яшчэ я вычытаў у тралікавым наказьніку слова «намысьнік».

Такім чынам, прапаную два адпаведнікі слову «наморднік», гэта — «напысьнік» і «намысьнік».

Жаўрук Мікола, Менск

 

НАМЫЗЬНІК

У нас на Капыльшчыне «наморднік» завецца «намызьнікам», бо ў сабакі — «мыза».

Яўген Клішэвіч, Капыльшчына

 

НАПЫСЬНІК

Каганец і напысьнік

Па-польску наморднік — kaganiec, але мне ня вельмі спадабаўся гэты варыянт.

Напрысьнік — добрая прапанова. Але калі «наморднік» надзяваецца на сабачую пысу, дык, здаецца, лепей назваць яго напысьнік. Гэта мой варыянт.

Aleks, Менск

 

НАЛЫГАЧ

Хачу далучыцца да «мазгавога штурму» ў пошуках заменьніка слову «наморднік». Напачатку прыйшоў на розум «налычнік». Яшчэ ў дзяцінстве, бывала, ем булён, дык жыжку пасёрбаю, а гушча застаецца, і бабка бурчыць: «А хіба табе налычнік надзелі?» Так што слова гэтае існуе здаўна (бабка мая, вечная ёй памяць, родам з 1895 году). Праўда, у нашым выпадку наўрад ці яно падыходзіць, бо стасуецца болей з жывёлінамі, што маюць лыч, чатырохногімі ці дзьвюхногімі. Як калька з расейскай, просіцца на язык «напысьнік», але менавіта гэтай сваёй калькаванасьцю і адпужвае, здаецца нейкім неўласьцівым нашай мове. А мо й нічога? А вось аднекуль з падсьвядомасьці ўсплыло слова «налыгач». Ці чула, ці вычытала, але дзесьці я яго сустракала, толькі вось ня памятаю значэньня. Але само гучаньне мне падабаецца, узьнікаюць асацыяцыі менавіта адпаведныя гэтаму «намордніку». Таму й прапаную разгледзець «налыгач» у якасьці варыянту. Калі ж яго сапраўднае значэньне далёка ад таго, што патрабуецца — дык выбачайце, мо нехта прапануе лепшае.

І яшчэ хачу расказаць дзьве рэчы ў кантэксьце «Мовы-2000». Першая — на тэму «рэфэрэндумак». Як едзеш электрычкаю з Бабруйску на Асіповічы, мінаеш прыпынак Брадзішча. Дык вось, яшчэ гадоў пяць таму зьявілася шыльда, на якой прыгожымі літарамі выведзена «Брадіща». Далібог, праўда. Мо ўжо яе і садралі (даўно ня езьдзіла), але вісела доўга. Гэта, бадай, самы вялікі з «пэрлаў» чыгуначнай пісьменнасьці.

А другі выпадак, што запаў у памяць, якраз на тэму «калькі». Мы ўсё цьвічым гора-перакладчыкаў з расейскай, якія толькі зьмяняюць правапіс на беларускі, а ўсё астатняе не чапаюць. Дык вось, часам бывае й адваротная зьява: нібыта па-расейску гаворка, а чысты масквіч і не зразумеў бы. Неяк слухаю «Новае радыё Магілёў», сакочуць маладыя вядучыя ў чарговай забаўлянцы, і тут праскоквае: «как говорится, готовь летом сани, а зимой — колёса». Расеец бы ня ўехаў, пры чым тут наркотыкі да зімы. Але аўдыторыя зразумела правільна — беларус у кожным сядзіць мацней, чым здаецца. І калі такі наш «русскоязычный» трапляе ў Расею, дык даведваецца, што гаворыць ён няправільна і міжволі апынаецца ў становішчы таго вясковага хлопца, зь якога сам кпіў за гаворку.

Сьвятлана Пячкова, Бабруйск

 

АД РЭДАКЦЫІ. Такім чынам, першыя і самыя простыя прапановы выказаныя: намусьнік, намысьнік, напысьнік, намызьнік і налычнік, — усе гэтыя словы так ці інакш паўтараюць словаўтваральную формулу расейскага «намордніка». Толькі што на «морду» ў беларускай мове варынтаў багата. Асабней стаіць «налыгач». Тым ня менш, заклікаем нашых чытачоў да працягу пошуку. Асабліва цікава было б пачуць думку гісторыкаў. У нас у рэдакцыі няма сумневу, што ў колішнія часы, можа быць, яшчэ ў Полацкую або ВКЛаўскую эпоху такая штука — «наморднік» — існавала і мела характэрную беларускую назву. Зрэшты, і наватворы будзем вітаць. Пішыце, няхай будзе ў нас большы выбар.


 

НАШЫ Ў ГОРАДЗЕ
Лісты чытачоў

 

Добры дзень, «Наша Ніва». Піша табе твой чытач з 1991-га году, ад самага твайго першага адноўленага нумару. Я ніколі не пісаў табе, толькі чытаў. Але пасьля артыкула Зьмітра Бартосіка нібы вярнуўся на дзесяць гадоў назад. У гады баявога юнацтва, так бы мовіць. Тады мне таксама здавалася, што маю чыстую мову радыя будуць чуць паўсюль і заўсёды. А дзе ня радыя, дык перавыхаваем. Наколькі ж мяне тады хапіла? Не нашмат. Колькі ні намагаўся прабіць гэтую сьцяну варожасьці нашага ўродлівага люду да свайго ж, вельмі хутка зразумеў — бескарысна. Здароўя ня хопіць, і марнаваць каштоўныя хвіліны жыцьця й нэрвы на перавыхоўваньне агрэсіўных гамадрылаў... Навошта? Ці ня лепш пачытаць гэтым часам любімую газэту? За замоўленай «чашечкой кофе»? Мова тым часам нікуды не падзенецца й не загіне. Не хвалюйцеся.

Паверце, спадар Бартосік, мне вельмі сымпатычная Вашая ідэя. Плаціць грошы тым, хто адгукаецца. Але я ўжо наперад бачу, што, на жаль, нічога зь яе не атрымаецца. Па першае, занадта мала тых, хто яшчэ спрабуе нешта выціснуць з сябе беларускае. Белай варонай быць няўтульна. Таму я даўно не асуджаю людзей, беларускамоўных адно ў закрытых асяродках. Гэта ўсяго толькі здаровая рэакцыя абароны таго, што табе дорага. Наколькі мала ў нас герояў, Вы адчуеце адразу па той мізэрнай колькасьці лістоў, што прыйдуць (калі ўвогуле прыйдуць) на адрас Вашай рубрыкі. Па-другое, занадта мала ў тых нешматлікіх людзей грошай, каб «стварыць надвор’е». «Ракаўскія бровары» й Макдональдсы ім не па кішэні. А беларусізаваць студэнцкія сталоўкі... Нецікава. І, нарэшце, па-трэцяе, няма ў Беларусі таго шырокага поля прыватных установаў, дзе магла б мець сэнс Вашая ідэя наданьня беларускаму слову ролі эканамічнага фактару. На заробках «зьверабабаў» Вашае нежаданьне плаціць ніяк не адаб’ецца. Ну а цяпер адрас, дзе Вам, спадар Бартосік, спадабаецца. Рэкамэндую кавярню «Батлейка» каля кінатэатра «Октябрь» у Менску. Дзе беларускамоўнае мэню. Не таму, што гаспадар нацыяналіст. А таму, што кавярня пакуль яшчэ дзяржаўная. Нацыянальная па форме, але й сацыялістычная па зьмесьце. Зрэшты, есьці можна, і кошты людзкія. А калі жадаецца чагосьці новага й капіталістычнага, можаце зазірнуць на беларускую шыльду «Стары млын» на Круглай плошчы. Рэкамэндую адкушаць страву пад назваю «Россия вас не забудет». Чытаньне мэню, дарэчы, Вам прынясе незвычайную асалоду. Толькі не шукайце там якой катлеты «Радзівілаўскай» ці кактэйля «Жыве Беларусь!». І не гаварыце з афіцыянткамі па-беларуску. Вы есьці прыйшлі, ці «мітынг устраіваць?»

Жадаю посьпехаў і смачна есьці.

Вітаўт, 39 гадоў, Менск.

 

***

Некаторыя артыкулы вашыя выклікаюць у мяне буру эмоцыяў. Гэтак здарылася, калі мне ў рукі трапіў № 24 ад 4 ліпеня. Закрануў мяне Зьміцер Бартосік зь ягоным «Нашы ў горадзе», дзе ён разважае пра стаўленьне да беларускамоўных на вуліцы. Такое было ўражаньне, што аўтар сьпісаў мае думкі — настолькі ўсё гэта было мне блізка і знаёма.

Мяркую, ня варта пісаць пра выпадкі, калі мае звароты па-беларуску да людзей на вуліцы выклікалі ў тых «нездаровую рэакцыю»: давялося б напісаць сваю падрабязную біяграфію. Кожны носьбіт беларускага слова штодзень сустракаецца з такой нездаровай рэакцыяй, я тут не выключэньне. У адказ на пытаньне альбо просьбу па-беларуску можна пачуць рознае, але прыкладна аднолькавага зьместу: ад «Что-что, повторите еще раз, не понимаю» (найчасьцей) да «Ты чё, офонарел, па-русски сказать не можешь?» (на шчасьце, ня так часта). Вось і парадокс: калі ў Беларусі размаўляеш па-беларуску, значыць — «офонарел». Сьмех ды сьлёзы. Сьмех, бо калі сказаць такое якому эўрапейцу — доўга сьмяяўся б і ніколі б не паверыў, а сьлёзы, бо плакаць хочацца, калі падумаеш, што гэта праўда і адбываецца ўсё гэта ў тваёй роднай краіне. Заўсёды вельмі дзіўлюся той непрымальнасьці і варожасьці, зь якой у Беларусі ставяцца да беларускамоўных.

Наколькі я памятаю (а памяць у мяне добрая), у крамах, на базарах ды падобных гандлёвых месцах па-беларуску мне адказалі ўсяго колькі разоў — па пальцах можна палічыць. Магу нават месца назваць, дзе часьцей за ўсё гэта адбывалася — гарадзенскі рэчавы рынак, дзе я часам купляю некаторыя рэчы і дзе вельмі рэдка, але ж магчыма адказы на свае пытаньні пачуць на роднай мове. У гэтых выпадках звычайна я з прыемным пачуцьцём і набытай рэччу крочу далей, а прадавец застаецца з маімі грашыма.

Тут хацелася б даць параду ўсім гандлярам і прадпрымальнікам: калі кліент нешта ў вас пытаецца па-беларуску, адкажыце яму таксама, і будзьце пэўныя, што калі яму тое ж спатрэбіцца яшчэ раз, ён прыйдзе менавіта да вас, каб ізноў пачуць адказ на роднай мове.

Зьміцер Мацьвейчык, Горадня

О, Радзіма...

Прачытаў Ваш артыкул «Нашы ў горадзе» і стала неяк самотна на душы, а таксама зайздросна. Вунь у Вас у горадзе дзе-нідзе, а ёсьць куточкі, дзе можна адчуць сябе на Радзіме. А вось у нас у Рэчыцы такога няма. Нават і шыльды на крамах, якія былі напісаныя па-беларуску, даўно паздымалі. Усе хочуць быць «гарадзкімі», «культурнымі».

Але адна шыльдачка ўсё ж такі засталася, мабыць, рукі ў «гарадзкіх» да яе не дайшлі. А знаходзіцца яна ў сталоўцы каля Чыгуначнага пераезду. Я неяк туды завітаў, каб трохі падсілкавацца. Чыстая такая, утульная сталоўка. Сеў я, значыцца, за стол, а насупраць мяне — шыльдачка: «Частуйцеся, калі ласка» і ўсё. І гэтак мне стала прыемна, а ежа такая смачная...

А што тычыцца слова «наморднік», дык па-беларуску яму будзе адпавядаць слова «намусьнік». Калісьці ў дзяцінстве мы так казалі.

 Анатоль, Рэчыца 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0