Згубленыя лісты

15 ліпеня споўнілася 100 гадоў Уладзімеру Дубоўку

 

У старой менскай кватэры, сярод безьлічы кніжных шафаў і паліц я сядзеў у сваёй, нашмат старэйшай за мяне сяброўкі, кінэматаграфісткі Ірыны Пісьменнай, і шукаў разам зь ёю некалькі старых лістоў з Масквы, лістоў, што былі напісаныя напачатку шасьцідзясятых, калі маёй старэйшай сяброўцы было столькі, колькі цяпер мне. І былі тыя лісты ад чалавека, маё першае завочнае знаёмства зь якім адбылося праз Шэксьпіра. Я з прыемнасьцю чытаў санэты ангельскага клясыка ў перакладзе Ўладзімера Дубоўкі. Не задумваючыся над доляю асабістага ў тых перакладах.

Каб мог ты вечна быць самім сабою!
Але жывеш на сьвеце да пары.
Пакуль ня стане сьмерць перад табою,
Сабе падобны вобраз ты твары.

Зь ягоным вобразам я пазнаёміўся крыху пазьней. Убачыў ягоны здымак. З фотакарткі глядзеў зусім не савецкі беларускі пісьменьнік. Не было ў ім гэткай непрыхаванай сытасьці. Ён нагадваў хутчэй героя Джэка Лёндана, гэткага сівабародага вандроўніка. Зрэшты, павандраваць гэтаму чалавеку сапраўды выпала нямала й не па сваёй ахвоце. І вобраз ад гэтага толькі выйграваў. Пакуль мы шукалі ягоныя лісты, спадарыня Ірына, якую лёс выпадкова пазнаёміў з паэтам, дзялілася сваімі ўспамінамі.

Гэта былі гады, калі вярталіся рэабілітаваныя. Канец пяцідзясятых. Я тады нічога ня ведала пра Дубоўку, што ёсьць такі пісьменьнік. І аднойчы — гэта было ў Каралішчавічах, у Доме творчасьці пісьменьнікаў, там мы летам адпачывалі — аднойчы я прачнулась вельмі рана, гадзінаў у шэсьць. І пайшла. І тут перада мною адкрылася такая дзіўная карцінка. У чырвоных прамянях сонца я ўбачыла чалавека, які быў да пояса разьдзеты, з аграмадным молатам у руках. Ён сек камяні. Я спынілася, як зачараваная. Глядзела й не магла зразумець, што адбываецца. Ня ведаю, колькі так стаяла. Але потым гэты чалавек падыйшоў да мяне, і сказаў — я запомніла гэта на ўсё жыцьцё — «Толькі ў прыродзе бывае так цудоўна, калі блакітнае на зялёным». Я зразумела, што толькі ў гэтым месцы жылі такія блакітныя сарокі. І гэтыя блакітныя сарокі сядзелі на зялёных елках. Я адказала: «Не. Вельмі прыгожа, калі чалавек сячэ камяні». Мы засьмяяліся й пазнаёміліся. Гэта быў Дубоўка. Вельмі прыгожы чалавек. Зь сівой барадой, але малады, мускулісты...

Але вось загадка! Як толькі аднойчы я паспрабаваў пазнаёміцца з паэзіяй Дубоўкі бліжэй, дык адразу ж вобраз той пачаў разбурацца. У сярэдзіне дваццатых малады паэт напісаў верш, які сёньня стаўся ледзь не народнай песьняй. «О Беларусь, мая шыпшына, зялёны ліст, чырвоны цвет, У ветры дзікім не загінеш, Чарнобылем не зарасьцеш». І навошта аўтару было праз трыццаць гадоў перайначваць уласную песьню? На «Беларусь, лясную ружу, што да камунізму крокам мужным пракладае вечны сьлед». Няўжо аўтар так верыў у той камунізм, што вырашыў паламаць уласную песьню? Нават у вершах аб Сібіры ён ня мог абысьці той камунізм бокам. Таму я й хацеў зазірнуць у сьпісаныя ягонаю рукою аркушы лістоў, каб знайсьці менавіта там хоць намёк, хоць кавалачак ягонае веры. Але лісты так і не знаходзіліся...

— Аднойчы вечарам прыехалі да яго пісьменьнікі — Глебка, Броўка, Кандрат Крапіва й яшчэ нехта. Гэта былі першыя дні, як ён вярнуўся ў Беларусь зь лягера. З пасяленьняў. Яны прыйшлі да яго, каб выказаць яму сваю пашану. Я бачыла здаля, які твар быў у Дубоўкі, і я зразумела, што яму гэта ня вельмі прыемна — іхны прыезд. Ён мне не расказваў, пра што яны гаварылі. Я й не пыталася. Але ён мне сказаў, што яны былі датычныя, што яго, маладога чалавека, які падаваў надзеі і ўжо меў імя, пасадзілі. Відаць, ён ведаў, хто зь іх быў датычны да гэтага. А, можа, усе разам, ня ведаю. Але такую фразу ён сказаў. Ён сказаў: «Яны прыехалі папрасіць мяне, каб я даў ім апошнюю паэму. Яны хочуць яе надрукаваць». Я спыталася: «Вы далі?» «Не, — сказаў ён, — навошта? Я ім сказаў, што я не пісаў паэм, бо ў мяне не было паперы».

Якая кінэматаграфічная сцэна! Мне згадаўся падобны фрагмэнт з Шукшынскай «Каліны краснай». Заляўрэачаныя й распаўнелыя, у добрых гарнітурах і гальштуках, на машыне прыяжджаюць былыя сябры да сябрука, які толькі што выйшаў зь няволі. Каб падтрымаць маральна... І так не кладуцца ў гэты сюжэт Дубоўкавы панегірыкі камунізму з партыяй. Няўжо ўсё толькі дзеля таго, каб яшчэ раз перастрахавацца?..

 

— Потым я атрымала ад яго нямнога, два ці тры лісты. А потым мне сказалі, што ён цяжка хварэе, і наогул ён, мне здаецца, больш не хацеў прыяжджаць сюды, у Беларусь. Можа, я памыляюся, але мне здаецца, што ў яго ў душы была незалечная рана ці што... Крыўда...

Калі ён быў у лагеры, у яго на фронце загінуў сын. Гэта немагчыма сабе ўявіць. Ён у лягеры, ён «вораг народа». А сын на фронце памірае за ягоную несвабоду...

У лістах... Ён прыслаў мне пісьмо чыста пабытовага характару. Там не было высокіх матэрыяў. Ён нічога не пісаў пра сваю творчасьць. Ён пісаў, як наладжваецца ягоны побыт. Была нейкая размова пра кватэру. Ён пытаўся, што я раблю, што я пішу. Ён ведаў, што я пачынала займацца журналістыкай. Суцяшаў неяк мяне. Такія вельмі хатнія, вельмі добрыя лісты. Ён шмат гаварыў пра тое, што быў у маім веку, калі яго арыштавалі. І што тады ў яго было столькі плянаў... І што, ён спадзяецца, што ў мяне таксама ёсьць пляны. І што маё жыцьцё складзецца лепш. Запрашаў у Маскву. Я зьбіралася. Але ня памятаю, што мне перашкодзіла тады. Не паехала. І потым вельмі шкадавала. Калі я даведалася, што яго ня стала. Для мяне гэта была вялікая страта. Я ня ведаю, чаму тыя тры тыдні былі такімі важнымі ў маім жыцьці... Відаць, нешта запаўняла мяне.

Мы так і не знайшлі тых лістоў з Масквы. А было б цікава пачытаць стары ліст пра новую кватэру. Няўдзячная ўсё ж гэта справа — судзіць ці апраўдваць паэта, які, хутчэй за ўсё, шчыра намагаўся пранікнуцца сваім часам зь ягонымі дасягненьнямі й радасьцямі. Мы ня вольныя абіраць сабе часы. А тым больш мадэляваць — што было б з Шэксьпірам, калі б ён нарадзіся ў пачатку дваццатага стагодьдзя дзе-небудзь пад Паставамі...

Зьміцер Бартосік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0