БІБЛІЯТЭКА

 

Сілы Дабра ня сьпяць

«Уваскрашэньне Антыхрыста зь мёртвых» -- супэрбэстсэлер кніжнага рынку ў ЗША

Палова насельнікаў зямлі раптам зьнікае, пакідаючы па сабе толькі купачкі адзеньня, на якіх ляжаць акуляры, біжутэрыя і зубныя плёмбы. Думаеце, такое можа адбыцца ў выніку выкарыстаньня марсіянамі таямнічай зброі? Не.

«Уваскрасеньне Антыхрыста зь мёртвых -- зьвер бярэ ўладу» (The Indwelling -- The Beast Takes Possession), 390-старонкавая кніга ў нечувана папулярным у ЗША жанры апакаліптычнага раману пабіла ўсе рэкорды продажаў. За месяц пасьля выпуску яе выдавецтвам Tyndale House, што знаходзіцца ў штаце Ілінойс і спэцыялізуецца на выданьні Бібліі і рэлігійнай літаратуры, продажы склалі больш за 3 мільёны асобнікаў. «Aнтыхрыст» трымаецца на першым месцы ў сьпісе бэстсэлераў газэты Тhe New York Times, a таксама штотыднёвага сьпісу бэстсэлераў Інтэрнэт-кнігарні Amazon.com i прафэсійнага Publishers Weekly.

Кніга, што выклікала такі ажыятаж, — гэта сёмы з дванаццаці заплянаваных тамоў у сэрыі Left Behind («Тыя, што выжылі»). Ідэя выданьня сэрыі належыць Тыму Ляэ, 74-гадоваму казаніку- фундамэнталісту з Каліфорніі, а аўтарам яе — 54-гадовы Джэры Джэнкінз, які здабыў вядомасьць як аўтар папулярнай літаратуры на рэлігійную тэматыку і біяграфіяў спартоўцаў. Толькі ў ЗША прадалося ўжо за 20 мільёнаў асобнікаў выданьняў з гэтай сэрыі, на кожным зь якіх выдавец зарабіў больш як 10 мільёнаў даляраў.

 

Комікс-пропаведзь

Кнігі гэтай парачкі фундамэнталістаў, што зьяўляюцца на рынку з пэрыядычнасьцю раз у паўгады, спалучаюць комікс і раман, малюнкі герояў у коміксавым стылі суправаджаюцца подпісамі- дыялёгамі, а раманны тэкст напісаны звышдынамічна, і разгортваньне дзеяньня нагадвае галівудзкія баевікі. Плюс навароты, характэрныя для навуковай фантастыкі. Хоць, падумаўшы, дык гэта чыстай вады прапаведніцкая літаратура. У першай кнізе сэрыі галоўны герой, Рэйфард Стыл, пілёт «Боінга-747», фліртуе з стуардэсай пад час палёту, і раптам заўважае, што з борту паветранага карабля зьнікае сотня пасажыраў, у тым ліку і ягоная жонка і сын. Зьнікненьне — справа рук самога Творцы ўсяго бачнага і нябачнага. Бог паклікаў пад свой пасад палову чалавецтва, усіх праведнікаў, тым самым даючы старт канцу сьвету. Тых, што засталіся на Зямлі, чакае сямігадовы каскад катаклізмаў, паморкаў і іншых пакутаў, пасьля чаго, у адпаведнасьці з прароцтвамі Івана Багаслова, адбудзецца новае прыйсьце Ісуса Хрыста, ягонае тысячагадовае панаваньне, фінальная бітва сілаў Сьвятла і Цемры (Армагедон) і, нарэшце, паўстаньне Новага Ерусаліму.

У час «пераходнага пэрыяду» ўсё яшчэ можна навярнуцца ў праўдзівую веру, але зрабіць гэта няпроста, бо сьветам кіруе Мікалае Карпацыя, творца амаль оруэлаўскай Глябальнай Супольнасьці, былы прэзыдэнт Румыніі і эксгенсэк ААН, што па сваёй попдэманічнасьці не саступіць князю Дракулу, па жорсткасьці — Сталіну, а па зманлівым шарме — «касмапаліту» Білу Клінтану. Навярнуўшыся ў праўдзівую веру, Стыл перамяняецца ў гэткага Рэмба-барацьбіта за веру і разам са сваімі дачкой і зяцем, што таксама вярнуліся да Бога, арганізуе своеасаблівае падпольле «веруючых», вымушаных хавацца ад шпегаў Глябальнай Супольнасьці. Місія Стыла — прывесьці да праўдзівай веры як мага болей людзей, найперш жыдоў, бо, згодна з тэорыяй Т.Ляэ, менавіта хрышчэньне 144 тыс. «юдэяў» — абавязковая ўмова «другога прышэсьця». Таму байцы апакаліптычнай партызанкі лётаюць рэактыўнымі самалётамі па цэлым сьвеце, круцяць баранку люксовых джыпоў і ўзгадняюць тактыку, карыстаючыся мабільнікамі і Інтэрнэтам. Гэткае піжонства, вартае маладога мэнэджэра, не замінае ім, аднак, заставацца вернымі воінамі Хрыстовымі. The Indwelling апісвае здарэньні, што адбыліся за тры дні ад пасьпяховага замаху на Антыхрыста да яго ўваскрасеньня зь мёртвых і новага прыходу да ўлады. «Калі чытаеш кніжку, здаецца, нібы яе аўтары машынаю часу перанесьліся ў сьвет навуковай фантастыкі і маралі 50-х гадоў», -- ня вытрымаў рэцэнзэнт газэты The Washington Post.

 

Оксфардзкае чытаньне

Сярэдні чытач не падзяляе думкі пыхлівых крытыкаў, у чым можна пераканацца, шчоўкаючы старонкамі віртуальнай кнігарні Amazon.com. «Фантастыка! Супэр! Файна! Цяпер я сапраўды ведаю, што будзе з намі неўзабаве!» -- вось водгукі чытачоў. На сайце выдаўца http://www.leftbehind.com можна знайсьці й сьведчаньні людзей, што пад уплывам сэрыі «вярнуліся да Бога» (Джэнкінз сьцьвярджае, што такіх — больш за 2 тысячы, у тым ліку і адзін асуджаны на сьмерць з Тэхасу, што чакае выкананьня прысуду), можна ўзяць удзел у дыскусіі на тэму Інтэрнэту, што зьяўляецца «інструмэнтам Антыхрыста». «Паводле ці то эгіпэцкай, ці то габрэйскай нумэралёгіі, код www перакладаецца як 666, то бок сымбаль Антыхрыста» -- разглагольствуе нейкі інтэрнаўт з глыбокага поўдня Амэрыкі.

Большасьць аматараў падобных кніг разглядаюць іх не як літаратуру выдумкі, а як своеасаблівую літаратуру факту, такія сабе ўспаміны з будучыні, -- сьцьвярджае Чарльз Строцыр, прафэсар гісторыі Гарадзкога ўнівэрсытэту Нью-Ёрку, аўтар кнігі «Апакаліпсыс — псыхалёгія амэрыканскага фундамэнталізму». Усё большая папулярнасьць «Тых, што выжылi» — гэта найлепшы доказ таго, што міленарысцкія настроі ў ЗША не саслаблі ані. Камэнтуючы посьпех сваёй сэрыі, Дж.Джэнкінз кажа: «Часам мне здаецца, што Бог стварыў мяне, каб я напісаў гэтую сэрыю, а часам — каб я стаў гульцом у гольф».

Дасьледчыкі сучаснай амэрыканскай духоўнай культуры ўважаюць, што большасьць чытачоў Left Behind — фундамэнталісты-маргіналы, што адчуваюць вакол сябе культурную пустку, бо на іх густы не зважаюць Галівуд, сучаснае мастацтва і лібэральная інтэлігенцыя. Між тым, колькасьць прыхільнікаў даслоўнага разуменьня Бібліі, традыцыі, што выводзіцца з г.зв. оксфардзкай школы другой паловы ХІХ ст., ацэньваецца як 50--70 мільёнаў сёньняшніх амэрыканцаў. Фундамэнталізм — зьява, што цяпер робіцца тыповай ня толькі для нэгрыцянскіх кварталаў і іншых «зьняважаных і ўкрыўджаных». Усё часьцей можна спаткаць прадстаўнікоў сярэдняе клясы, ідэалёгія якіх — фундамэнталізм. Амэрыканскія дасьледчыкі калектыўнае ўявы зьвязваюць пачатак росту зацікаўленасьці тэматыкай канца сьвету з вынаходзтвам атамнай зброі. Усьведамленьне таго факту, што людзкая раса можа зьнікнуць з паверхні нашае плянэты, цалкам зьмяніла мэнтальнасьць амэрыканцаў.

 

Ідэалёгія пад сподам

Апісаньні звышнатуральных зьяваў, эсхаталягічныя візіі і дыдактычны тон, тыповыя для апакаліптычнага рэлігійнага раману, ёсьць абалонкаю для крайне правых ідэяў, што хаваюцца пад сподам закручанага сюжэту. Аўтары падобных раманаў выступаюць за ізаляцыянізм у замежнай палітыцы, ня церпяць жыдоў і гомасэксуалістаў, ставяць пад сумнеў вартасьці сьвецкага гуманізму.

Мікалае Карпацыя — гэта былы генэральны сакратар зьнянавіднай ААН, a ягоны міністар культуры малюе сабе пазногці ў зялёны колер i пастанаўляе паставіць помнік свайму шэфу «ў выглядзе, у якім яго Госпад Бог стварыў». Адчуваюцца ўва ўсім гэтым адгалоскі культурных войнаў зь лібэраламі і судоў сэнатара Джэсы Гелмза супраць фатографа Робэртa Mэплторпa. Спэцыфічна ставяцца хрысьціянскія фундамэнталісты да жыдоў — з аднаго боку, яны ўважаюць утварэньне Дзяржавы Ізраіль адной з найважнейшых падзеяў найноўшай гісторыі (бо яно пацьвярджае прароцтва пра канец сьвету) i плачуць пры выглядзе ізраільскага сьцягу. З другога, «старэйшыя браты па веры» маюць для іх вузка інструмэнтальнае значэньне і могуць разьлічваць на збавеньне пры апошнім судзе толькі пры ўмове, што пахрысьцяцца, бо, лічаць біблеісты, толькі хрысьціяне маюць права на валадарства нябеснае.

Яшчэ адна тыповая дэталь — хрысьціянскія фундамэнталісты прычараваныя карцінамі масавага гвалту, што разглядаецца ледзьве не як канечная ўмова паўстаньня раю на зямлі. У сэрыі Ляэ і Джэнкінза апісваецца не адно стыхійнае бедзтва і крывавае забойства. Чаго там толькі ні сустрэнеш — аж да чацьвертаваньня сям’і «веруючых» агентамі ГС.

У галоўным жа большасьць камэнтатараў новага бэстсэлеру сыходзіцца -- празьмерная зацікаўленасьць мільёнаў людзей фантастыкай і звышнатуральнымі зьявамі сьведчыць пра тое, што ў разе вынікненьня нейкага значнага глябальнага крызысу дэмакратыя ў ЗША, на сёньня найстабільнейшай краіне сьвету, можа аказацца пад пагрозай.

Паводле Gazety Wyborczej

 


 

Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

 

С.Сьмятаньнікаў. Беларусазнаўства. Навучальна-мэтадычны дапаможнік для выкладнікаў сярэдніх спэцыяльных навучальных установаў. -- Менск: Беларуская навука, 2000. -- 149 с. -- Наклад 1700 ас. ISBN 985-08-0406-8

Даволі добры падручнік для тых, хто хоча атрымаць падставовыя веды зь беларусазнаўства; адпавядае дзейным праграмам зь беларусазнаўства для сярэдніх спэцыяльных навучальных установаў Беларусі. Цана 425 рублёў.

Belarus. Magazine from the centre of Europe. № 2-3, 2000. -- Менск, 2000. -- 31 с., іл. -- Наклад 1000 ас.

Ангельскамоўная вэрсія часапісу «Беларусь» выходзіць ужо другога разу й прызначана перадусім замежнікам з мэтаю прапаганды цяперашняга ладу жыцьця ў нашай краіне. Часапіс можа быць цікавы для выкладнікаў ангельскае мовы. Цана 1400 рублёў.

Гульні, забавы, ігрышчы / Складальнік А.Лозка. 2-е выданьне. -- Менск: Беларуская навука, 2000. -- 534 с., нот. іл. — (Беларуская народная творчасьць). — Наклад 1300 ас. ISBN 985-08-0363-0

Усяго за пяцьсот рублёў у кожнай кнігарні краіны Вы можаце набыць гэтую кнігу — найпаўнейшы збор правіл і традыцыяў беларускіх гульняў, забаваў, ігрышчаў.

Л.Юргілевіч. Грэшная душа: Гумарэскі й апавяданьні. - Менск: «Вожык», 2000. — 32 с. — (Бібліятэка «Вожыка»). — Наклад 2000 ас.

Р.Сасна, Д.Фіёнік. Прыход Рыбалы. — Бельск-Падляскі — Рыбалы — Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 1999. — 210 с., іл. ISBN 83-909009-7-1

Кніга распавядае пра сьвятароў і вернікаў прыходу Рыбалы на Беласточчыне -- тыповы прыклад існаваньня праваслаўнае выспы на беларускім абшары каталіцкае Польшчы. Кніга багата аздобленая ілюстрацыямі, табліцамі й схемамі. Наконт набыцьця -- зьвяртайцеся ў сядзібу ТБМ у Менску (вул.Румянцава, 13).

С.Падокшын. Унія. Дзяржаўнасьць. Культура (Філязафічна-гістарычны аналіз). 2-е выданьне. -- Менск: Беларуская навука, 2000. -- 111 с. -- Наклад 2000 ас. ISBN 985-08-0360

Усіх, каго турбуюць праблемы існаваньня ў Беларусі хрысьціянскіх канфэсіяў і, у прыватнасьці, уніяцтва, мае зацікавіць гэтая кніга. Першае выданьне разышлося імгненна, гэта ўжо другі наклад кнігі. Цана -- блізка 300 рублёў.

М.Папека. Чарнавікі: Паэзія. -- Берасьце: ААТ «Берасьцейская друкарня», 1999. -- 92 с. -- Наклад 300 ас. ISBN 985-6413-40-0

Эпоха: Беларускі часапіс. Чэрвень 2000 г. -- Менск, 2000. -- 78 с. -- Наклад 5200 ас.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0