З усёй краіны

 

Жыве ленінізм на Магілёўшчыне!

Пакуль Расею дзялілі на 7 фэдэральных акругаў, у Беларусі стварылі 110 выбарчых. Цікава, што нават «Звязда» 108-ю акругу называе «Уручскай», а ня Ўруцкай, расейскамоўныя ж газэты пішуць «105-й Колосовский округ» (напэўна, у цэнтарвыбаркаме Лідзіі Ярмошынай ня ведаюць, што Колас і па-расейску — з адным «о»).

Але ў гэтым цэнтарвыбаркаме добра ведаюць, як дагадзіць начальніцы. Ва ўсіх абласьцях пералік акругаў пачынаецца з адпаведнага абласнога цэнтру, а на Магілёўшчыне — з Бабруйску. Чаму? Ды таму, што пані Ярмошына там працавала юрысткай, пакуль Лукашэнка напярэдадні ня скінуў указам ейнага папярэдніка Віктара Ганчара. Вось і пачынаецца Магілёўская вобласьць з 63-й Бабруйскай-Ленінскай выбарчай акругі. Што яшчэ адметна, дык гэта захаваньне «ленінскіх» назваў акругаў толькі на Магілёўшчыне (ёсьць яшчэ 70-я Магілёўская-Ленінская). Ва ўсіх іншых абласных цэнтрах акругам далі больш-менш нэйтральныя найменьні. Ленінскі раён Берасьця — гэта 1-я Брэсцкая-Заходняя акруга, а Ленінскі раён Горадні падзялілі паміж Гарадзенскай-Цэнтральнай і Гарадзенскай-Паўночнай акругамі. Таму ў палаце прадстаўнікоў будзе толькі два ленінцы, і гэта будуць прадстаўнікі Магілёўшчыны.

Ян Дзямідаў

 

Нават гарадзенскія сяляне здаюцца

Як паведамляе БелаПАН, на Гарадзеншчыне за першае паўгодзьдзе вытворчасьць малака скарацілася на 34,4 тыс. т, альбо на 14% проці леташняе, мяса — на 10,6 тыс. т, або на 16%. Сярэднесутачныя прывагі ў выкормліваньні бычкоў паменшалі на 62, сьвінак — на 30 грамаў. Колькасьць рагатай худобы скарацілася на 32,4 тыс. галоваў, сьвіней — на 43,8 тыс.

Ня лепш і на наступны год, мабыць, будзе. На ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавалі 3,4 цэнтнэры кармавых адзінак, што на 2,4 цэнтнэры менш за адпаведны час 1999-га. І, хоць жніво не за гарамі, з 3116 камбайнаў спраўныя толькі 79%.

 

Няўжо дазволяць Нацыянальны Ўнівэрсытэт?

Пытаньне аб адкрыцьцi Беларускага Нацыянальнага Ўнi-вэрсытэту будзе разгледжана на сустрэчы мiнiстра адукацыi i рэктара БДУ з прадстаўнiкамi грамадзкiх арганiзацыяў, што яго дабіваюцца. Час сустрэчы пакуль ня вызначаны. Як па-ведамiў агенцтву БелаПАН Алег Трусаў, 20 лiпеня прыйшоў лiст ад новапрызначанага вiцэ-прэм’ера Мiхаiла Дземчука. Той піша, што даручыў мiнiстру адукацыi Мiхаiлу Стражаву i рэктару БДУ Аляксандру Казулiну абмеркаваць пастаўленыя ТБМ пытаньні. Во што значыць замест Замяталіна прыйшоў беларус! Адразу справа зрушылася.

 

У Нёмане нельга плаваць

Эпідэміёлягі перасьцерагаюць ад купаньня ў Нёмане. Падчас дасьледаваньняў вады мэдыкі выявілі перавышэньне дапушчальнай нормы бактэрыяў кішэчнай палачкі ў шмат разоў.

 

Паклікаў калгас токара

Токара бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў Пятра Капусьціна летась паслалі ў слаўгарадзкі калгас «Рась-сьвет». Для шэфскай дапамогі вёсцы. Там ён сваімі рукамі адрамантаваў камбайн, 18-гадовую «Ніву», і яшчэ папрацаваў на полі. Сёлета калгас спэцыяльна папрасіў завод, каб той даслаў у гаспадарку таго токара. Завод працяглы час адмаўляўся. Бо гэты спэцыяліст — адзін з самых дасьведчаных на прадпрыемстве, у яго 20-гадовы стаж. Спатрэбілася, каб з гарвыканкаму патэлефанавалі на прадпрыемства — тады заводу нічога не засталося, як Капусьціна выправіць у вёску зноў. Відаць, 18-гадоваму камбайну няпроста даецца пераход да паўналецьця.

 

Нахабная цэнзура

Магілёўская апазыцыя меркавала адсьвяткаваць 27 ліпеня, Дзень незалежнасьці краіны паводле «далукашэнкаўскага» часу, канцэртам з удзелам вядомых беларускіх выканаўцаў і фольк-гуртоў. Але ўлады адмовілі. Чыноўнікі тлумачылі ўсё тым, што арганізатары ня мелі «канцэртнай» ліцэнзіі, а таксама не далі на прагляд тэкстаў песень і не прадэманстравалі, як яны будуць выконвацца. Падобная цэнзура раней ажыцьцяўлялася больш нахабна — проста забаранялі, і ўсё. Цяпер, кажуць, што магчыма б і дазволілі, каб далі перш паслухаць.

 

Відэазаля «па-беларуску»

У магілёўскім кінатэатры «Кастрычнік» адкрыецца відэазаля, дзе будуць паказваць кіно на беларускай мове. Гэта робіцца з ініцыятывы гарадзкога кінапракатнага прадпрыемства «Позірк». Прывязуць у Магілёў беларускае відэа, мен-скім гледачам добра вядомае з паказаў у ТБМ на Румянцава. Відэазаля распачне працу ў верасьні — калі цэнзары не перадумаюць.

 

Несалодкае лета

Магілёўскія крамы, як і ўва ўсёй Беларусі, перажываюць цукровы дэфіцыт. Колькі ўжо гадоў наш гандаль успрымае лета, сэзон нарыхтоўкі сочываў і кампотаў як стыхійную навалу! Штогод паўтараюцца тыя самыя дэфіцыты.

Сымон Глазштэйн, Магілёў

 

Зубы — толькі за грошы

З 11 ліпеня ў пінскай гарадзкой стаматалягічнай паліклініцы ўведзеныя платныя паслугі. Бясплатна зубы лечаць толькі льготнікам ды ў дзіцячай стаматалёгіі. Але й пэнсіянэры могуць пры жаданьні ставіць сабе больш якасныя плёмбы за грошы.

Паколькі прыватных дантыстаў у Пінску надта мала, іншага выйсьця, як зрабіць платнае абслугоўваньне, у калектыву стаматалягічнай паліклінікі не было. Са словаў галоўнага лекара У.Бялінскага, ужо зь лютага ім не давалі грошай на матэрыялы да плёмбаў ды на дэзынфэкцыйныя сродкі. А зь ліпеня ўвогуле не было за што купляць мэдыкамэнты. Таму, каб не пакідаць людзей без дапамогі (а праз кабінэты паліклінікі штомесяц праходзіць каля васьмі тысячаў пінчукоў), вырашылі не зачыняць паліклінікі, а зрабіць паслугі платнымі. Цяпер лячэньне карыеснага зуба каштуе ад 750 да 4500 руб., у залежнасьці ад якасьці плямбавальнага матэрыялу. Навіна для пінчукоў ня надта каб прыемная, але цяпер няма чэргаў, ды яшчэ гарантыю на шесьць месяцаў даюць. Так што няякасная праца будзе каштаваць грошай лекару, а не пацыенту.

Яўген Салейчук, Пінск

 

Улада не разьбірае фронты

Баранавіцкі гарвыканкам прапанаваў сябрам БНФ «Адраджэньне» замест самастойнага пікету да 10-х угодкаў Дня Незалежнасьці 27 ліпеня пікетаваць разам зь сябрамі КХП БНФ. Тыя атрымалі дазвол на пікет 23 ліпеня ў Маладым Парку з 15-й да 17-й без выкарыстаньня сьцягоў і нацыянальнай сымболікі. Як лічаць у выканкаме, немэтазгодна праводзіць два пікеты з адной назвай. Цікава, што ў пісьмовым адказе з гарвыканкаму прысутнічае толькі прапанова — няма дазволу, але ж няма й забароны.

Новы старшыня гарвыканкаму Дзічкоўскі адмовіўся сустракацца з прадстаўнікамі БНФ «Адраджэньне», каб абмеркаваць узьніклыя з абодвух бакоў праблемы. Усе пытаньні трэба накіроўваць пісьмова — тады будзе афіцыйны адказ.

 

Усё для людзей

Некалькі гадоў жыхары вёскі Дэколы, што ля Баранавічаў, маглі патрапіць у сваю вёску з поўдня толькі на чоўне. Нарэшце ім пабудавалі мост праз рэчку. А ў дадатак яшчэ й зрабілі пераход праз чыгунку.

Руслан Равяка, Баранавічы

 

Інтэграцыйны іnter-факс

У інтэрнэце на адрасе www.interfucks.com зьявілася новае інфармацыйнае агенцтва «Інтэрфакс». Як пішуць ягоныя стваральнікі, гэта «агентство Союзного г. России и Б.» (яны паведамілі мне ў электроннай пошце, што Б. — гэта бацька), прычым назва «interfucks», скрадзеная маскоўскімі канкурэнтамі ды выкарыстоўваная імі ў эўфэмістычным выглядзе «Interfax», «на самой справе як мага паўней адлюстроўвае сутнасьць і глыбіню інтэграцыйных працэсаў у саюзнай дзяржаве». Агенцтва паведамляе падрабязнасьці зьнікненьня Тамары Віньнікавай зь Беларусі ды абяцае шмат чаго цікавага ў будучыні.

Юрыс Окрыўс 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0