Толькі — парлямэнцкая рэспубліка

 

Інтэрвію зь беларускім гісторыкам права Аляксандрам Лапам, былым прафэсарам Горацкае акадэміі

Днямі на запрашэньне праваабарончае арганізацыі Lithuanian Human Rigths Association у Вільні гасьцяваў былы прафэсар Горацкае сельгасакадэміі, доктар гістарычных навук Аляксандар Лапа. Ён браў удзел у міжнароднай канфэрэнцыі «Балтаскандыя – позірк у ІІІ тысячагодзьдзе». Карэспандэнт «Нашае Нівы» пагутарыў з навукоўцам. Першае пытаньне было пра будучыню. Пра наступнае тысячагодзьдзе.

– Я бачу Беларусь цалкам незалежнай, нэўтральнай дзяржаваю, з магутнай мясцовай уладай, з больш рэалістычным адміністрацыйным падзелам. І самае галоўнае – з нармальным парлямэнтам, які вылучае й абірае прэзыдэнта. Тут, сярод калегаў з краінаў Балтыйскага ўзьбярэжжа я толькі пераконваюся ў сваёй рацыі...

НН: Распавядзіце падрабязьней, што мы, беларусы, мусім браць за ўзор...

— Узораў багата. Па сьвеце, ды і ў нашай гісторыі... Узорам павінна быць парлямэнцкая рэспубліка з магутным прадстаўнічым і заканадаўчым ворганам, які б і абіраў прэзыдэнта. Вось, напрыклад, Малдова нядаўна вырашыла ў гэтым сэнсе адвярнуцца ад Расеі на 180 градусаў. Днямі малдаўскі парлямэнт прыняў рашэньне адмяніць усенародныя выбары прэзыдэнта і зрабіў папраўкі ў канстытуцыі краіны. Цяпер малдаўскі прэзыдэнт будзе абірацца простай парлямэнцкай большасьцю. Між іншым, і для Беларусі падобны варыянт выбараў быў бы сёньня найбольш лягічны. Бо стрымаў бы краіну ад спаўзаньня да абсалютызму ўлады аднаго чалавека, што ў нас адбываецца поўным ходам.

Зразумела, што ўсеагульныя выбары выглядаюць на першы погляд больш дэмакратычна, але не ў пераходны пэрыяд, калі краіна толькі падступаецца да разуменьня дэмакратычных каштоўнасьцяў. Нагадаю, што сёньня, апроч Малдовы, парлямэнт абірае прэзыдэнта ў Латвіі і Эстоніі. Тое самае і ў Нямеччыне, дзе прэзыдэнта абіраюць фэдэральным сходам, які складаецца з дэпутатаў парлямэнтаў усіх земляў і бундэстагам на пяць гадоў. Тое і ў Швэйцарыі. Але там абіраюць гэткага прэзыдэнта (з паўнамоцтвамі прэм’ер-міністра) толькі на 1 год! Хіба гэта не дэмакратычна? Самае прыкрае для мяне, як беларуса, тое, што гэта ж наша гістарычная традыцыя, якая сягае ў сярэдзіну тысячагодзьдзя, калі ў нашых суседзяў пра гэта не магло быць і гаворкі.

НН: Вы маеце на ўвазе часы Вялікага Княства?

— Менавіта. Ад часоў Люблінскае вуніі нашыя вялікія князі абіраліся агульнанацыянальным соймам, і маглі выбраць сабе за князя й караля каго хацелі. Сойм мог абраць князем нават замежніка. Ці то вугорца Батуру, ці то француза Валуа. У гэтым сэнсе абраньне Вайры Віке Фрэйбэргі, грамадзянкі Канады, прэзыдэнтам Латвіі, выглядае папросту «даганяньнем» беларускіх гістарычных традыцыяў. Хоць і ў нас ёсць кандыдатуры з эміграцыі. Дарэчы й мясцоваму самакіраваньню нам бы павучыцца ў продкаў.

НН: Але сам працэс выбараў свайго прэзыдэнта, хіба ня ёсьць магутным кансалідацыйным чыньнікам для нацыі?

— Вось і вы пачынаеце блытаць нацыянальнае як этнічнае і нацыянальнае як дзяржаўнае. Дзяржава павінна служыць грамадзяніну, пра тое яшчэ Каліноўскі казаў. Але ён не ўяўляў сабе тую дзяржаву насамрэч. Добрая дзяржава – гэта калі я абраў старшыню вясковага савету, якога я ведаў з маленства. І калі што – дык я прыйду да яго й вазьму за гальштук. І ён будзе рабіць тое, дзеля чаго яго выбралі. Перакладзе дарогу, правядзе электрыку, падвязе харчы ў дзіцячы садок. Ад гэтага падставовага ўзроўню пачынаецца ўсё. Улада павінна быць пэрсаніфікаванаю, пазнавальнаю, даступнаю. І — адчуваць часовасьць свайго сядзеньня. Калі ж чалавек абірае прэзыдэнта краіны, якога ня тое што ня ведаў раней, а то мо і ўжывую ніколі ня бачыў, дык гэта збольшага латэрэя. У нас тут пытаньне – ці ты давяраеш свайму вясковаму (раённаму, абласному) дэпутату выбраць усім нам прэзыдэнта, ці не? Калі не, дык навошта ты галасаваў за такога дэпутата?

НН: Скажыце, калі ласка, у чым тады, на Ваш погляд, праблема беларускае апазыцыі?

— Перад апызыцыяй застаецца дылема — за што змагаемся: ці то за этнічную самаідэнтыфікацыю, ці то за грамадзянскую супольнасьць на падставе гэтак званай сацыяльнай дамовы.

Першы шлях наперадзе ўсяго ставіць нацыю, як самакаштоўнасьць (я маю на ўвазе БНФ Пазьняка). Для іх ідэя захаваньня этнічнае тоеснасьці й яе разьвіцьця – мэта. Другі шлях мае на мэце чарговы перадзел нацыянальнае маёмасьці (магчыма, справедлівейшы) й стварэньне буржуазнае клясы. Ім трэба дзеля павелічэньня капіталаў стабільнае грамадзтва з прымальным кліматам. Неад’емныя складнікі гэткага клімату – адкрытасьць грамадзтва, свабодныя мэдыі й мінімальны кантроль за эканомікай з боку дзяржавы.

Апазыцыі трэба ўдзельнічаць у палітычнай працы. Некаторым падаецца, што мясцовыя ворганы ўлады — зусім непатрэбная рэч, не цікавая для буйнога палітыка. Але ад нечага трэба пачынаць. Найперш трэба адстойваць незалежнасьць. Але трэба ясна бачыць усю архітэктуру будучай дзяржавы. Дзеля чаго тая незалежнасьць? Каб была свабода слова? Каб не было тут Расеі? Каб усе гаварылі па-беларуску? Каб былі багацейшыя? Каб усе верылі ў Бога? Гэта абстракцыі. Імі ня тое што электарат, але й сваіх паплечнікаў бясконца падаграваць ня будзеш. Простае вяртаньне ў мінулае нерэальнае. Тут я маю на ўвазе Канстытуцыю 94-га. Менавіта дзякуючы закладзеным там нормам мы маем тое, што маем. Усё трэба будаваць наноў.

Што да нашых этнічных праблем... Ня трэба вяртацца таксама ў часы Каліноўскага. Тыя часы вельмі добра адлюстроўваюцца тыпалягічна сёньня ў Чачэніі. Спачатку свабоды ад Расеі! Атрымалі. І што? Выявілася, што прага да саматоеснасьці аказалася мацнейшаю за голас розуму. Два гады па Хасаў Юрце чачэнцы валтузіліся міжсобку, дзялілі сфэры ўплыву розных тэйпаў. І нават перад Кур’янам пераважаў адат – звычаёвае права. Чачэнцы стралялі ў чачэнцаў, падзялілі самі свой край. І? Калі б паўстанцы 1863 году атрымалі перамогу, адбылося б штосьці падобнае. «Былые волности и литовское право» са славутым «старыны ня рушыць» сталі б ланцугамі. Край быў бы падзелаены на сфэры ўплыву магнацкіх родаў і канец наступіў бы непазьбежна... Мы, людзі трэцяга тысячагодзьдзя (прабачце за высакаслоўе), мусім дбаць пра падмурак і дах будучай нашай дзяржавы. Яе мусяць спраектаваць палітыкі. А этнічная (нацыянальная, народная) культура – справа пэдагогаў, культуролягаў, дзеячоў мастацтва. Гэта іх місія. Справа палітыкаў – змаганьне за ўладу. Тое самае тычыцца й «чыстых дэмакратаў», якія ня здатныя аддаць належнае нацыянальнай ідэі, якая й стварыла тую дзяржаву, дзе яны спадзяюцца рабіць свае справы й ня здатныя запраграмаваць таго, што без нацыяналізму няма дзяржавы. Але ўладу паасобку не заваюе ніводзін бок.

Г.К.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0