Наморднік

 

ПЫСКА

 

Ухваляю Вашую прапанову ў замінулым нумары (артыкул «Мова-2000») — сапраўды, сьпяшацца няма куды. А гэткі спосаб словавынаходніцтва досыць дасьціпны.

Найцяжэй будзе ўнікнуць калькаваньня расейскае (а ўвогуле — і ўсялякае іншае мовы). Калі, што цалкам слушна, не гучыць па-беларуску «наморднік», дык не загучаць і наватворы кшталту «напысьнік».

Прапаную наватвор, што добра вызначае зьяву, галоўнае ж — лёгкі й негрувасткі — «пыска».

Алесь Шэд, Менск

 

Налыгач — далёка не намызьнік

Калі ласка, будзьма акуратнейшымі ў сваіх лінгвістычных пошуках і зазірайма ў слоўнікі, каб не атрымлівалася так, што, змагаючыся за чысьціню мовы, яе перакручваем. Гэтак слова «налыгач» сапраўды стаіць асобней ад намордніка, бо азначае «рэмень, шнур, на якім водзяць жывёлу» ад дзеяслова «налыгаць», «злучыць пры дапамозе вяроўкі, рэменя; нанізаць на нізку». «Налыгаць» можна коней, а можна і абаранкі.

Калі ёсьць у беларускай мове сынонімы «пыса», «мыза», «мыса», «морда», зафіксаваныя слоўнікамі, дык няма сумневу, што будуць і «напысьнік», і «намызьнік», і «намысьнік», і «наморднік». Дык і выбіраць між імі, на маю думку, некарэктна.

А.Д., Менск

НАШЧЭРНІК...

 

Нашчэрнік, зашчар, засьцярожнік.

Асацыяцыя кінолягаў-тэарэтыкаў, Менск

 

МАРДАСЬНІК

 

Можа быць мардасьнік альбо мардаска.

Вольга Цяцёркіна

 

Надуманая праблема

Адгукаюся на заклік да беларусізацыі намордніка :)

«Наша Ніва» прапануе чытачам падабраць «беларускі адпаведнік расейскага слова «наморднік»», абазванага тут жа «раскірэкам». (Праўда, гэтае слова, хоць рэдакцыя лічыць яго расейскім, напісанае зь беларускім «і»).

Па-мойму, слова такое ж расейскае, як і наша, а праблема зь ім надуманая. Яна ўзьнікла, відаць, ад памылковага меркаваньня, быццам слова «морда» — не беларускае, а значыць, не беларускія і вытворныя ад яго.

Даўнейшыя слоўнікі з гэтым ня згодныя. Насовіч на сс. 289-290 падае слова «морда» (толькі ў мэтафарычным сэнсе, пра чалавека) і пералічвае яшчэ прынамсі 8 вытворных ад яго (ня лічачы «мардаваць» і пад., якія ад іншага кораню). Гэткая колькасьць вытворных паказвае, што слова ў мове ня проста ёсьць, а што яно для яе арганічнае. Нагадаю, што слоўнік Насовіча зьмяшчае матар’ял гаворак сярэдзіны 19 ст. Вось жа, ужо тады гэтае слова было ў мове цалкам свойскім.

20-я гады толькі пацьвердзілі гэта. У «Расейска-беларускім слоўніку» Некрашэвіча і Байкова (вялікім і дагэтуль не перавыдадзеным) «морда» і вытворныя ад яе сустракаюцца ў беларускай частцы 19 разоў. Ёсьць там і расейскае слова «намордник», перакладзенае беларускім «наморднік». Калі Некрашэвіч і Байкоў для нас аўтарытэты, дык праблему можна лічыць зьнятаю.

Ластоўскі таксама падае (пад словам «мордка», што праўда, ня надта расейскім) 5 словаў ад гэтага кораню. Затое «морду» і ўсе ад яе вытворныя цалкам прамінае Станкевіч. «Англа-беларускі слоўнік грамадзка-палітычнай лексыкі» Карповіча і Казыры падае сярод адпаведнікаў англ. muzzle і «наморднік». (Па-ўкраінску, дарэчы, таксама «намордник». А вось польскі ўзор для нас непрыдатны, бо там kaganiec.)

Характэрна, што і Некрашэвіч з Байковым, і Ластоўскі падаюць у адпаведных артыкулах «морду» на першым месцы, як асноўны з сынонімаў, а астатнія — толькі за ёю.

Можна, праўда, задацца пытаньнем: што ў сабакі — морда ці пыса? Сапраўды, НБС падае: «морда = морда, пыса, рыла, храпа, мурло», «мордочка = мордачка, мордка, пыска», і нарэшце: рыло = рыла; у свиньи = рыла, лыч; у лошади = храпа; у коровы = морда; у собаки, кошки = пыса; дать в рыло = даць па мордзе». Але з прыкладаў, па-першае, відаць, што агульны беларускі тэрмін для «пярэдняй часткі галавы ў жывёлы» (як вызначае «морду» ТСБМ) — якраз морда; кожная пыса — морда, але ня кожная морда — пыса. Таму называць сабачую пысу мордай цалкам слушна. Па-другое, гэтая дыфэрэнцыяцыя ў мове не вытрымліваецца пасьлядоўна. Так, наморднік, апрача агульнавядомага «сабачага» значэньня, абазначае яшчэ «папярэчны рэмень аброці, які ідзе па пераносьсі каня» (ТСБМ). Вось жа, храпа храпаю, а рэмень на ёй усё роўна наморднік.

У дыялектах, дзе дамінуе нейкі адзін з шматлікіх сынонімаў (а НБС пералічвае іх, вядома, ня ўсе: у Клышкавым «Слоўніку сынонімаў і блізказначных словаў» ёсьць «морда, мыса, мыза; пыса (разм.)», наморднік можа называцца адпаведна; так, дзе «мыза», там можна сустрэць і «намызьнік» (гл., напр., «Слоўнік гаворак цэнтральных раёнаў Беларусі», т.1, с. 240; прыклад зь Ляхавіч. Праўда, самой «мызы» ў гэтым слоўніку няма).

У нас багата лексычных лакунаў. То, пэўна ж, ня варта рабіць новыя, каб потым іх талакою запаўняць.

Мікола Раманоўскі

 

АД РЭДАКЦЫІ. Мы не імкнемся ствараць лакуны, паважаем Некрашэвіча з Байковым і не аспрэчваем беларускасьць слова «морда». Але слова «наморднік» (яго, дарэчы, няма і ў Насовіча) — гэта відавочнае наступства русіфікацыі (тут нехарактэрны для беларушчыны зьбег зычных «рдн»), прычым, відавочна позьняе. Сама ж гэтая рэч ужывалася беларусамі, мабыць, з часоў прыручэньня сабакі. Гэта той выпадак, калі ў слове можа быць выяўлены адметны гаспадарчы досьвед народа і ягоная мэнтальнасьць. Вось чаму істотна агледзець як дыялекты, так і старую беларускую літаратуру, а магчыма, і прыдумаць новае слова, — да чаго мы і заклікалі нашых чытачоў. Чакаем новых допісаў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0