Анатоль Анікейчык. Купальле

 

Савецкія дзеці, прамінаючы гэты бліскучы, жывы фантан, сьмяяліся й гарэзілі. Іхныя сур’ёзныя настаўніцы не маглі даць рады, сарамліва ўглядаючыся ў дасканалыя формы скульптураў. Гэты фантан паўстаў у Менску зьнянацку. Дакладней, ён паўстаў у комплексе ўсяго Купалаўскага парку да 90-х угодкаў з дня нараджэньня Янкі Купалы. У 1972-м. Але гэта быў першы сапраўдны фантан (у ягоным клясычным, рэнэсансавым разуменьні) у сталіцы Беларусі ў ХХ стагодзьдзі. І другі за ўсю ягоную гісторыю (пасьля фантану ў Аляксандраўскім сквэры — хлопчыка зь лебедзем, 1874 году).

У стварэньні купалаўскага мэмарыялу-парку бралі ўдзел многія плястыкі й дойліды. Разам з Анікейчыкам над помнікам самому Купалу працавалі таксама Андрэй Засьпіцкі й Леў Гумілеўскі. Ці то выпадак, ці то лёс – старэйшы Засьпіцкі родам з Польшчы, а Гумілеўскі – з Масквы. А поруч зь імі працавалі й архітэктары, Левін і Градаў, якія празь дзесяцігодзьдзі ўтваралі творчы тандэм. Адкрыцьцё ансамблю Купалаўскага парку з музэем стала грандыёзнай падзеяй у жыцьці Беларусі і ўсёй беларушчыны наогул. Пазьяўляліся рэцэнзіі нават у эміграцыйным друку, збольшага нэгатыўныя. Маўляў, Купала ў касаваротцы ды вайсковым шынялі – не беларус... Але ў БССР усе ўдзельнікі гэтае супольнае творчасьці атрымалі Дзяржаўную прэмію 1974 году.

А вось жа фантан са скульптурамі, які называюць у энцыкляпэдыях то «Купальле», то «Вянок», то «Купалінкі» — гэта плён аднаго Анікейчыка. Дзьве пекна, грацыёзна выгнутыя аголеныя дзявочыя постаці пры вадзе. Адна плаўна здымае з галавы вянок. Другая, паўлежачы, спускае вянок у ваду. Натуральна, яны ня «кідаюць» вянкі ў ваду, а менавіта пускаюць іх. Гэткімі ж натуральнымі, зграбнымі рухамі, як натуральна цячэ сама вада, якая струменіць ня толькі з гранітнага цырку фантаннага бардзюру, але й, цішэй, з-пад саміх бронзавых вянкоў. Несупынна ліючыся, плаўны абрыс, ахопліваючы формы, перадае ім рух і, разам з тым, адасабляе ў прасторы. Ружовы граніт фантану й цёмная бронза маціцовых скульптураў у бляску вечаровых ліхтароў, у пырсках вады, у засені прысадаў ствараюць у гэтым ціхім куце парка асаблівае, цёплае пачуцьцё.

Сама тэма Купальля, добра прызабытая ў Беларусі пачатку 70-х, ажыла зусім новым сэнсам. Ці спракавечным?... Далёкім ад эрзацна-фальклёрнага ўспрыманьня. Анікейчык яшчэ ў 67-м зьвяртаўся да купальскае тэмы ў станкавай кампазыцыі «Папараць-кветка». А вось жа сваім «Купальлем» ён вярнуў менчукам той, сапраўдны, эратычны зьмест старадаўняе беларускае традыцыі.

Дзяўчыны пры вадзе пускаюць вянкі. Спадзеючыся на сустрэчу з каханьнем. Эратызмам прасякнутая гэтая кампазыцыя наскрозь. Яе цяжка было схаваць нават у купалаўскую юбілейную абгортку. Бо гэта быў першы твор эратычнага мастацтва ў жанры манумэнталізму ў ХХ стагодзьдзі. Тонкія рытмы, якія наскрозь прасякаюць формы кампазыцыі, зьвівы замкнёнага дакладнага абрысу падпарадкаваныя цэласнай архітэктоніцы целаў. Целаў пругкіх і гнуткіх, ураўнаважаных рытмамі масаў валасоў, што струменяць над вадою нібы бязважка. Майстар пераадолеў матэрыял. Цяжкую бронзу. І яна засьпявала гэтак, як хацеў ён.

Паралельна з гэтай кампазыцыяй, у тым 1972 годзе, Анікейчык працаваў яшчэ над адной, гэтаксама хутчэй эратычнага зьместу — «Юнацтва», што была трапна зьмешчаная ў сквэры ля касьцёлу Сьвятых Сымона й Алены. Там таксама выяўленыя аголеныя постаці дзяўчыны й дзецюка, што лёгка й натуральна імкнуць срозь вадзяныя струмяні, шчыра й адкрыта падстаўляючы свае целы насустрач адзін аднаму. Калі б давялося тлумачыць пануючы мастацкі мэтад у краіне сацыялістычнага рэалізму, гэтыя творы для прыкладу не надаліся б. Проста ня верыцца, што гэты ж самы майстар ствараў цалкам савецкія манумэнты Гастэлу ля Радашкавіч ці «Прарыў» пад Ушачамі.

Стылістычна кампазыцыя «Купальле» збліжае творчасьць Анікейчыка з кшталтам Арыстыда Маёля. Францускі плястык, які адмовіўся ад выбару складаных сюжэтаў і засяродзіўся цалкам на вобразе жанчыны, поўнай здароўя, супакаеньня духу й чыстае пекнасьці, гэтаксама ствараў шчыльныя, тонка нюансаваныя рытмам, простыя кампазыцыі. Маёль пазьбягаў моцных, драматычных рухаў, рэзкіх разгаротаў, ён шанаваў спакой і гармонію. Ягоныя прасякнутыя высакародзтвам манумэнтальныя вобразы, нават у дробнай плястыцы, сталі ўзорам і для беларускага скульптара. Гэтаксама і ў Маёля большая частка тых жаночых вобразаў была прызначаная для плэнэру, для царства флёры й вады. Беларус стаў добрым вучнем француза...

Гэтая фантанная кампазыцыя акрэсьліла мяжу ў гісторыі беларускае скульптуры, падзяліўшы яе на постсталінскі, сувора-рэалістычны кшталт і, пасьля Анікейчыкавых дзяўчат, на рамантычны, з прыхаваным эратызмам, кшталт аптымістычны. Пасьля купалаўскага мэмарыяльнага парку беларуская скульптура пайшла іншым шляхам, шляхам большае зацікаўленасьці ў інтымных перажываньнях, у нацыянальнай рамантыцы. Хоць не бракавала ў Анікейчыка і рэчаў ляпідарных і штучных, кшталтам помнікаў Фрунзэ, Мясьнікову, Дзяржынскаму, Леніну, натуральна, але яны ёсьць толькі фонам, на якім яшчэ ярчэй паўстаюць ягоныя пяшчотныя грацыі – купалінкі...

З самім Купалам у Анікейчыка гэтаксама ня склалася. Ягоныя помнікі ды бюсты паэту, ці то ў Араў-парку ў Нью-Ёрку, ці то ў Ляўках, не праймаюць... Нават калі ён спрабуе дадаць трагедыйнасьці купалаўскай постаці, гэта гледзіцца ненатуральна. Хіба адно надмагільле паэта яму ўдалося. Бадай, ад яснасьці задачы. Але ані прыўлашчваньне Анікейчыкам Купалы, у асобе якога ён гэтак і не разабраўся (а ці разабраўся хто іншы?), ані відавочны эмацыйны перабор у кампазыцыі «Прарыву», не зацьмілі ягонага жывога й пачуцьцёвага «Купальля»...

А беларускія дзеці, хітра сьмеючыся й пырскаючыся вадою фантана, атрымліваюць ці ня першы ў сваім жыцьці намацвальны й відавочны ўрок чыстага хараства. Як і іхныя настаўніцы...

Сяргей Харэўскі


 

Анатоль Анікейчык (1932, Барысаў — 1997, Менск) скульптар, настаўнік. Народны мастак БССР з 1972 году. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, дзе вучыўся ў Глебава і Бембеля. Ад 1978 году загадчык катэдры скульптуры тамсама.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0