БІБЛІЯТЭКА

 

Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

Анталёгія беларускай эпітафіі / Укладальнік, аўтар прадмовы й артыкулаў А.Кудласевіч. -- Менск: Ураджай, 2000. — 222 с.: іл. — Наклад 2000 ас. ISBN 985-04-0380-2

Калі Вы сабраліся паміраць ці, барані Божа, некага хаваць — гэтая кніга для Вас.

Дапаможнік грамадзкага лідэра. — Менск: Цэнтар «Супольнасьць», 2000. — 228 с. — Наклад 299 ас.

Усё, што трэба ведаць грамадзкаму дзеячу-пачаткоўцу, усё, патрэбнае для ператварэньня Вас у лідэра свае суполкі ці задзіночаньня — шукайце ў гэтай кнізе, напісанай на падставе сэмінараў, што ладзіліся прафэсіяналамі з цэнтру «Супольнасьць» цягам некалькіх гадоў. Наконт набыцьця зьвяртайцеся на тэлефон 263-99-90.

Дасьледнік гісторыі трох народаў — Мітрафан Доўнар-Запольскі: Зборнік навуковых артыкулаў і дакумэнтаў / Пад рэдакцыяй В.Лебедзевай. — Гомель — Рэчыца: ГДУ імя Ф.Скарыны, 2000. — 293 с. — Наклад 200 ас. ISBN 985-439-021-7

Зборнік улучае артыкулы й дакумэнты, зьвязаныя зь невядомымі дагэтуль эпізодамі жыцьця й грамадзкае ды навуковае дзейнасьці славутага гісторыка.

А.Катковіч, В.Катковіч-Клентак. Успаміны / Навуковыя рэдактары А.Глагоўская, В.Харужы. — Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 1999. — 142 с. ISBN 83-909009-9-8

И.Хруцкий. Альбом / Автор вступительной статьи и составитель Д.Лебедева. — Масква: Изобразительное искусство, 2000. — 32 с., іл. — Наклад 5000 ас. ISBN 5-85200-361-1

У добра выдадзеным альбоме рэпрэзэнтаваныя найадметнейшыя творы полацкага мастака пачатку ХІХ стагодзьдзя Івана Хруцкага. Цана 3315 рублёў.

Восточнославянский фольклор: поиски новых подходов / Адказны рэдактар Р.Кавалёва. — Маладэчна, 2000. — 94 с. — Наклад 200 ас. ISBN 985-6541-04-2

Зборник прысьвечаны вывучэньню ўсходнеславянскага фальклёру ў кантэксьце ўсясьветнае традыцыйнае культуры. Аўтары — сябры фальклёрнага навуковага таварыства філялягічнага факультэту БДУ.

What and where. Minsk. Справочный журнал для туристов и деловых людей. № 1 (4), красавік — жнівень 2000 г. — Менск, 2000. — 32 с.

Чарговы выпуск часапісу можа быць цікавы краязнаўцам ды любцом роднае мінуўшчыны. Гэтта Вы знойдзеце кароткі гістарычны нарыс пра Белавескую пушчу й ваколіцы ды гісторыю паўстаньня незвычайных скульптур у менскім Міхалаўскім гайку.

Агляд падрыхтаваў Віктар Мухін


 

«Скарына»

 

Выйшаў новы, ужо другі, нумар аналітычна-крытычнага агляду «Скарына», выдаванага часопісам ARCHE, у якім зьмяшчаюцца аналітычныя артыкулы, эсэ, рэцэнзіі. Чытанка разнастайная, цікавая і сучасная.

У нумары — развагі Валеркі Булгакава над часопісам «Беларуская думка» пад назваю «Дэклясаваная эліта», вялікі агляд філярманійнага жыцьця апошніх гадоў і агульнага стану беларускай клясычнай музыкі, зроблены Юліяй Андрэевай, артыкул «Расея і свабода» беларускага палітоляга Ўладзімера Роўды і рэцэнзія Анджэя Карашэўскага, аўтара парыскага часопіса Kultura, на новую кнігу Дэвіда Лэндза «Багацьце і беднасьць народаў: чаму некаторыя багатыя, а некаторыя — бедныя», што ў нечым перагукаецца з артыкулам сп.Роўды. Алег Гардзіенка прэзэнтуе кнігу ўспамінаў Міколы Ўлашчыка, пагружаючы чытача ў атмасфэру 20-х і 30-х гадоў і прымушаючы дзівіцца інтуіцыі і моцы характару вялікага беларускага гісторыка. Друкуюцца таксама шматлікія іншыя рэцэнзіі і анатацыі на новыя выданьні.

У «Белсаюздруку» каштуе 220 руб., на выставах у сядзібах БНФ і ТБМ — 250, а ў «Цэнтральнай кнігарні», «Акадэмкнізе», «Вянку» і «Досьвітку» — 290 руб.


Мэдыі і камунікацыя

Курс лекцыяў «Мэдыі і камунікацыя», падрыхтаваны выкладчыкамі Беларускага калегіюму, унікальны для Беларусі ў сваім родзе. Гэтая тоўстая, 356 старонак, кніга, раскрывае таямніцы падсподных законаў функцыянаваньня інфармацыйнага грамадзтва, у якім мы жывем, апісвае гісторыю разьвіцьця сродкаў масавай камунікацыі і спрабуе зазірнуць у будучыню. Сярод аўтараў лекцыяў Алесь Анціпенка і Максім Жбанкоў (якія і ўклалі кнігу), Юрась Барысевіч, Алесь Давыдчык, Вольга Дашук, Андрэй Дынько, Юрась Карманаў.

Даведацца пра набыцьцё можна праз тэлефон (017) 220-63-36. Кніга выйшла ў Вільні накладам усяго 350 асобнікаў.


 

Ільляшэвіч перавыдадзены ў Маладэчне

Нядаўна ў Маладэчне выйшаў зборнічак твораў Хведара Ільляшэвіча «Творы». Прадмову да кнігі з сэрыі «Паэзія Віленскага краю» напісаў Арсень Ліс. У зборнік патрапілі вершы з кніг «Веснапесьні», «Зорным шляхам», «Захварбаваныя вершы», лепшыя вершы другой паловы 30-х гадоў і пасьляваенныя, напісаныя ў эміграцыі, а таксама апавяданьне «Танго «Ноктурно». Укладаньне кнігі выканаў маладачанскі краязнаўца і выдавец Міхась Казлоўскі.

Васіль Кроква


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0