Барысаў – сталіца незалежнага футболу

 

21-23 ліпеня ў Барысаве, на беразе ракі Беразіны, якая падзяляе горад на дзьве часткі, адбыўся фінальны футбольны турнір Кубак «Незалежнасьці».

За некалькі дзён да футбольнага сьвята няшчадна паліваў дождж, але якраз напярэдадні спаборніцтваў усталявалася файнае надвор’е.

У першы дзень на азначанае месца пачалі зьбірацца запрошаныя каманды зь Берасьця, Віцебску, Маладэчна, Жодзіна. Менск і Барысаў выставілі па дзьве каманды. У футбол не гулялі – толькі асталёўваліся, знаёміліся ды рыхтаваліся да «сечы». Слухалі сьпевы вядомага беларускага барда Андрэя Мельнікава і вершы мясцовай паэткі Алены Маеўскай.

22-га ліпеня адбылося ўрачыстае адкрыцьцё. А 9-й гадзіне каманды пашыхтаваліся. Гонар узьняцьця нацыянальнага сьцягу выпаў «старэйшаму ўдзельніку турніру», а таксама і аднаму з арганізатараў, Анатолю Аскерку. Правілы турніру былі абвешчаныя кіраўніком спартова-турыстычнага клюбу «Волат», Зьмітром Бародкам: каманды падзялілі на дзьве групы, у кожнай па чатыры, якія гулялі «кожны з кожным». У перапынках паміж дванаццацю гульнямі, што былі згуляныя ў гэты дзень, хлопцы мелі магчымасьць ахалодзіць свой «пыл», адмакаючы ў рацэ.

Па выніках гульняў у паўфінал, які адбыўся на апошні дзень, трапілі наступныя каманды: «Супольнасьць» (Менск) і «Грунвальд» (Маладэчна), а таксама дзьве барысаўскія каманды «Барысаў-1» і «Волат». Менчукі без усялякіх цяжкасьцяў адолелі «рыцараў» – 9:1, а «Волат» у дадатковы час здолеў вырваць перамогу зь лікам 3:2. Такім чынам, у фінал трапілі два гранды турніру, менчукі й барысаўцы.

Фінал быў вельмі напружаны. Вакол поля згуртаваліся шматлікія заўзятары, эмацыйна падтрымліваючы абедзьве каманды. Фартуна аказалася на баку барысаўцаў, якія атрымалі перамогу зь лікам 2:1.

Пераможца атрымаў вялізны крышталёвы кубак, якому маглі б пазайздросьціць і ўладальнікі Кубку Беларусі. Наверсе яго крышталёвы футбольны мячык, а на самім кубку гравіроўка «Незалежнасьць» (у далейшым мяркуецца зрабіць гэты кубак пераходным). Акрамя галоўнага прызу, пераможцы атрымалі відэакасэты зь «беларускамоўным» «Адважным сэрцам», другія дзьве каманды – аўдыякасэты зь беларускімі запісамі, а таксама ўсе тры каманды атрымалі дыплёмы. А трэцяе месца засталося за маладачанцамі, якія мелі найбольшую групай падтрымкі.

Лепшым бамбардырам быў прызнаны самы малады, трынаццацігадовы Зьміцер Ульяновіч; яго тэхніка і напорыстасьць захаплялі ўсіх і, як вынік, ён забіў 8 галоў. Гулялі таксама й дзеці вядомых палітыкаў: Франак Вячорка ды Сяржук Баршчэўскі. Другую менскую каманду «Зялёныя чэрці» ўзначальваў Аляксей Шыдлоўскі.

Але ж самую высокую ўзнагароду — удзячнасьць удзельнікаў — атрымалі арганізатары. На закрыцьці яны абвесьцілі, што «патэнтуюць гэтае мерапрыемства», а таксама чакаюць усіх зацікаўленых на наступны год у Барысаў.

Волат


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0