НАМОРДНІК

З рэдакцыйнае пошты

 

Някус

Ёсьць у мяне прапанова наконт заменьніка слову «наморднік». Спачатку, калі даведаўся пра беларускія адпаведнікі расейскаму «морда», самі сабой нарадзіліся «намысьнік» ды «напысьнік». Другі, дарэчы, гучыць ня вельмі. Калі ж падумаць, для чаго прызначаны «наморднік», напрошваецца заменьнік «някус». І няважна, што ў жывёліны: мыса, пыса, лыч ці храпа.

Ці ня думалі Вы дамовіцца зь іншымі беларускамоўнымі газэтамі аб супрацоўніцтве ў галіне словаўтварэньня? Справа добрая, але ж «Нашу Ніву» чытаюць ня ўсе.

Андрусь Аўчыньнік, Менск

 

Намызьнік

У адным з нумароў «НН» знайшоў я запытаньне «моваведа» аб беларускім слове для намордніка. Для мяне «намызьнік» гучыць добра.

Ігар, Лёндан

 

Аброжак

Знайшла я адпаведнік слову «наморднік», які падабаецца лепей за прапанаваны раней «налыгач». Проста пачала скланяць — і каструбавата выходзіць — «сабакі былі без налыгачоў» — язык спатыкаецца. І нарэшце ўспомнілася, як гэтую рэч звала ўжо згаданая мінулы раз мая бабка. Яна казала «аброжак». Ня ведаю, мо гэта ўплыў польскай (Мёршчына ўваходзіла ў склад Крэсаў), але наўрад ці. Нешта сваё чуецца ў гучаньні. І прынцып словаўтварэньня зусім інакшы, чым ў расейскага адпаведніка: тут прымаецца пад увагу функцыя рэчы, а ня тое месца, куды яна прыкладаецца. Аберагаць, засьцерагаць — вось і «аброжак». І скланяецца добра — з аброжкам, без аброжку і г.д. Мне падабаецца.

І яшчэ. Папытайце ў гісторыкаў, што ў летапісах ды кроніках з дыярыюшамі корпаюцца. У ВКЛ жа вельмі разьвітыя былі псовыя паляваньні, дык ня можа быць, каб не было й добра распрацаванай тэрміналёгіі. Праўда, пры паляваньні гэтая рэч без патрэбы, але ўсё-ткі...

Прабачце, адна заўвага. У №29 (17 ліпеня) у матэрыяле Янкі Цітовіча пра вандроўку ёсьць словы «прыватны музэй пудзілаў жывёлаў і птушак краю». Пэўна, меліся на ўвазе «чучалы», бо пудзіла — гэта тое, што адпуджвае тых жывёл і птушак, а зусім ня іхныя выявы. Вось Вам і яшчэ адно слова, што патрабуе беларускага заменьніка, бо «чучала» — яўна расейскае запазычаньне, а нашага я штосьці не прыгадваю. Але «пудзіла» ніяк не падыходзіць.

Сьвятлана Пячкова, Бабруйск

 

Шаноўныя!

Ну колькі можна! Чацьверты нумар запар вы «вынаходзіце» беларускі адпаведнік «наморднику». Здаецца, знайшлі. Пра што дыскутаваць далей? Які з прапанаваных — «напысьнік», «намысьнік»… — больш беларускі?

До, спадарства! Пашкадуйце газэтную плошчу. Лепш дапамажыце мне, хто ў поўнай адпаведнасці з выслоўем «Беларусамі не нараджаюцца, беларусамі становяцца», стаўся ім у 20 гадоў, прачытаўшы Ластоўскага, Ігнатоўскага, Тарасава, Арлова, Ермаловіча, а потым Караткевіча, Дайнеку, Быкава, Барадуліна…

Ну, ня лезе ў маё вуха гэтая «рацыя», «маеш рацыю». Няўжо гэта, сапраўды, натуральна па-беларуску? Ці не запазычаньне з ангельскай «rate», «ration», «right»? Хто і калі ўвёў яго ва ўжытак? І ці няма іншага, сапраўды нашага слоўца, каб выказаць разумнасьць, слушнасьць нечых думак?

З павагай да «тутэйшай беларускай дыяспары» і са спадзяваньнямі на шчырую сяброўскую дапамогу беларусаў «з большым стажам».

Артур, Менск

 

Трэба вярнуць «Ґ»

Шаноўны спадар Сяргей Шупа і шаноўны спадар Сяргей Паўлоўскі!

Чытаў Ваш артыкул у «НН» №17 (174) ад 24 красавіка 2000 «Дыскусія над словамі». Артыкул мяне зацікавіў, бо там зазначанае і маё імя. Дзякую, што зьвярнулі ўвагу. Як я вучыўся беларускай мове ў Нямеччыне ў лягеры Ватэнштэт, памятаю, настаўнікі настаўлялі вучняў супроць «ноалягізмаў» і «барбарызмаў». Я ня ёсьць супроць нэалягізмаў, бо час мяняе ўсё: і прыроду, і людзей, і рэчы, вынаходкі — і трэ прымаць у мову новыя словы, бо інакш бракавацьме словаў акрэсьліць даны прадмет.

Вось каб у «Нашу Ніву» ўвясьці ў друк літару «Ґґ» (Gg), як гэта зрабіў спадар Ян Пятроўскі ў Флярыдзе. Ён ужываў Ґ (G) у чужасловах як «канґрэґацыя», «эміґрацыя». Гэта дае адразу знаць, што слова мае літару Ґ(G), а ня літару Г(Н). Адной літарай нядобра карыстацца, абавязкова патрэбна літара Ґ(G), адменная ад Г(Н).

Вось чытаю іншыя газэты, акрамя «Нашай Нівы», але там правапіс псуе мне гумор, як чытаю. Нібы хтосьці наўмысна робіць памылкі ў друку. Газэта «Пагоня», напрыклад: «Будзем менш ЕСЦІ?». Дзе дзеўся мяккі знак у «есьці»? І так іншыя словы губляюць сваю харашыню гучнасьці беларускай мовы, або ізноў слова «СВЯТА» заміж «СЬВЯТА» ды яшчэ словы, дзе заміж літары «э» пішуць «е»: «цэмент» заміж «цэмэнт» ды іншыя словы не гучаць па-беларуску, а нібы ангелец іх вымаўляе, гэтак напісана, бо ў ангельскай мове няма мяккага знаку. Слова павінна пісацца як найбліжэй да вымовы дадзенай мовы, каб было лёгкачытальным. Хараство слова зь мяккім знакам незьмяняльнае, гэта прыроднае беларусам. Гэта як крыльлі сакаліныя, а калі сокалу адцяць крыльлі, і што будзе? Вядома, сокал ужо не паляціць увысь ды будзе бяскрылы птах, будзе толькі таптацца.

Вось гэта выказаныя мае думкі. Хочаце згаджацца, а хочаце не згаджацца. Гэта Вашыя погляды будуць.

З пашанай, К.Верабей, Фармінгдэл, ЗША

 

Бацькі маглі назваць патрэбнае слова

На рубрыку «Мова-2000» даўно хацеў адклікнуцца, але штосьці мяшала гэта зрабіць. Сёньня хачу выказаць свае думкі. Сёньня ўжо ўсьведамляеш, што страціў, калі ня стала бацькоў, таты і мамы. Яны маглі назваць патрэбнае слова.

Я хачу вярнуцца назад, да пачатку. Слова «туалет», а мама гаварыла «выходак». А «ўнітаз» — «спражнік». Калі хата наша згарэла, дык будавалі новую, а я быў малы. То сёньняшні «уравень» тата называў «васарвага», а каб адрысаваць на дрэве пэрпэндыкулярную лінію, гаварыў «вінкель», а не «вугольнік». Хто тады мог падумаць, што ў сталым веку прыйдзецца зьбіраць слоўнік беларускай мовы газэце «Наша Ніва»? Мы так даўно асымілюемся расейцамі, што мне закрадваецца думка, што беларусы конча будуць асыміляваны расейцамі, калі й далей наша эліта беларуская будзе дазваляць зьдзеквацца зь беларусаў.

Паслухаеш наша «беларускае» радыё і думаеш, ці беларусы там працуюць? Якую перадачу ні возьмеш, увесь час праводзіцца ідэя размываньня беларускасьці. Асталося толькі ў кожнай перадачы, што вядучы пачынае гаварыць па-беларуску, а потым розныя «субяседнікі» гавораць па-расейску, і ўсе музычныя ўстаўкі круцяць расейскія песьні.

Калі будавалі камунізм, дык беларускае душылі пралетарскім інтэрнацыяналізмам, а цяпер тое самае робіцца праваслаўнай верай. Філарэт у нядзелю ўжо прыпісаўся на радыё. Усе царкоўныя перадачы гучаць на расейскай мове. Таму невыпадкова перасьледуюць Спасюка зь Бераставіцы і выслалі Караляка зь Берасьця — за іх беларускую мову. Расейскі імпэрыялізм не зьмяніў свайго каляніяльна-акупацыйнага нутра.

Б.Шарашун, Жабінка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0