Аляксей Шыдлоўскі

Захад Маладога Фронту ўручную

 

Не зьбіраўся пісаць аб тым, што адбылося на трэцім Сойме «Маладога Фронту», бо не хацеў першы пачынаць завочную перапалку. Навошта, калі былі цэлыя суткі, каб сказаць усё адзін адному ў твар, ня тоячыся. Але ж тады сп.Севярынец прамаўчаў, выгукнуўшы хіба сваё звычайнае «а-яй-яй, як шкода, як шкода…» І больш ні слова, ні паўслова. І тут — вялізны опус у «Нашай Ніве», а ў ім…

Трэці Сойм МФ сапраўды стаў самым гарачым, але не гітом, а скандалам лета-2000. І калі б на наступны дзень не адбываўся Кангрэс Дэмакратычных Сілаў, пра яго, безумоўна, больш пісала б прэса. Тады б, магчыма, журналісты здолелі ўдзяліць больш часу перачытваньню дзьвюх прапанаваных на Сойме праграмаў і лепш зразумелі б карані канфлікту. Насамрэч, нягледзячы на ўсе мае і маіх сяброў намаганьні, большая частка айсбэргу так і засталася пад вадою, нябачная ні для дэлегатаў Сойму, ні для назіральнікаў. Але ня гэта перадвызначыла нашую паразу ў галасаваньні, а зусім іншае.

 

Сэкта

Што такое сэкта, скажэце? Сэкты — гэта ня толькі найбольш адыёзныя і вядомыя ў сьвеце суполкі. Сэкта бывае і іншаю, ціхай і талерантнаю, усьмешлівай і добразычліваю. Але гэта на выгляд, на людзях. Калі я ўпершыню пабачыў скокі на пінжаках пад дзікі грукат тамтамаў, калі ўпершыню пачуў ад людзей заўсёды да ўсіх ляяльных, спакойных, да якіх я добра ставіўся, істошныя ляманты «Ісус — гэта крута!!! Е-ээ, давай з намі! Окей-окей, бог у натуры з намі!» і г.д., я спачатку не паверыў у шчырасьць гэтага вар’яцтва і падумаў, што людзі проста «прыколваюцца». Але прайшоў час, і стала зразумела, што гэта якраз і называюць сэктай.

І гэта не эпізод з таннага амэрыканскага фільму жахаў. У пералік увайшлі ўсяго толькі эпізоды паседжаньняў «Хрысьціянскай ініцыятывы» на Сядзібе БНФ (!) і сьвяткаваньня 23-га дня народзінаў Пашы Севярынца тамсама 30 сьнежня 1999 году.

Мы спрабавалі паводзіцца міралюбна, запрасілі Пашу і ягоных калегаў па новым напрамку дзейнасьці за своеасаблівы круглы стол, паразмаўлялі і зразумелі, што трапіў Паша ў гэтую сэкту ўсур’ёз. Пасьля нашай размовы ён зразумеў, што занадта дэманструе свае новыя прыхільнасьці, што людзей гэта раздражняе і пужае, і таму прыхаваў іх. На час. Больш не было на Ўправе лямэнтацыяў, затое зьявілася своеасаблівая тайная супольнасьць, якая мэтанакіравана рыхтавалася да свайго галоўнага мерапрыемства ў 2000 годзе. І гэтым мерапрыемствам быў ня Марш Свабоды і не Чарнобыльскі Шлях, а трэці Сойм МФ.

Мы спрабавалі высьветліць, што ж гэта за сэкта, і чаму там апынуўся Севярынец. І высьветлілі. Так званая «супольнасьць Яна Хрысьціцеля» (гэтая царква незарэгістраваная) мае свае карані ў Італіі. А цяперашні яе кіраўнік, нейкі Янэк — родам з Польшчы. У супольнасьці існуе некалькі так званых колаў праходжаньня, пераадольваючы кожнае зь якіх, чалавек становіцца больш прыбліжаным да цэнтру. На жаль, мы так да канца і не здолелі высьветліць, уваходзіць Севярынец хаця б у першае кола, ці пакуль знаходзіцца там на праглядзе, але гэта ўжо не настолькі істотна. Сэкта мае чыста беларускую накіраванасьць, размаўляюць там выключна па-беларуску, і гэтак жа лічаць Лукашэнку шкодным для Беларусі, хоць не ненавідзяць яго, бо нянавісьць там забароненая катэгарычна. Гэтым людзям, некаторыя зь якіх былі раней у МФ, патрэбныя новыя надзейныя кадры, і дзе ж яшчэ знойдзеш лепшую іх кузьню, як не ў МФ? Ну, і праз каго ж гэта рабіць, як не праз старшыню, што толькі што выйшаў з-за кратаў, крыху спужаўся і шукае спакайнейшую нішу, чым «Севярынец — вулічны ваяр»? І гэтую нішу яму вельмі хутка падшукалі…

 

Сойм

Паша Севярынец — ня проста лідэр па натуры, ён яшчэ й фанатычна прыкіпеў да гэтага лідэрства. Было бачна, як ён баіцца прайграць выбары. Можна меркаваць, што, калі б ён іх усё ж прайграў, адбыўся б ня проста сыход Севярынца з палітыкі, а нават, магчыма, ягоны сыход у манастыр ці кшталту таго. Ягоная праграма была набітая лёзунгамі, заклікамі і крыкамі «Гура!» «Малады Фронт пераменаў» — ня што іншае, як фактычны паўтор са змяненьнем іксоў у патрэбных месцах ранейшых праграмаў Севярынца, тыпу «Другога дыханьня фронту». Гэтых дыханьняў пад рознымі назвамі ў яго будзе яшчэ шмат...

Усе ведаюць пра вынікі галасаваньняў і па праграме, і па старшыні. І казаць, чаму людзі зноў прагаласавалі па большасьці сваёй не за справу, а за словы, можна доўга. Дасюль ніхто не разумее эфэкту лукашэнкаўскага папулізму. Адзінае, што я б пазбавіў гэтую іхную «Піраву» перамогу налёту чысьціні. Мы не пажадалі на Сойме падымаць увесь гэты сэктанцкі сьлед, абмежаваўшыся выкладаньнем сваёй праграмы зьменаў. Мы не паказвалі дэлегатам сырой курынай нагі з «гравіроўкай» Лёшачку Шыдлоўскаму і не пыталі ў «каманды» Севярынца, што гэта за цынічныя штучкі з налепкамі «стоп лука» з маім партрэтам усярэдзіне. Ня мы, а яны паздраджвалі ўсім сваім хрысьціянскім прынцыпам пра сумленнасьць і нянавісьць.

 

Вынікі і прагнозы

З вынікамі як для мяне, дык усё зразумела. Сэкта трыюмфуе, трыюмфуюць маладыя пятнаццацігадовыя німфэткі, якія праз паўгады сыдуць з арганізацыі і забудуцца на яе існаваньне, але ж сваю справу яны зрабілі. Менскі МФ перастаў быць МФ-ам, якім ён быў народжаны. Так, сп.Севярынец, Вы пазбавіліся і партыйных пінжакоў, і камуфляжу, але вы ня сталі агульнанацыянальным рухам моладзі, пра што заяўляеце. Хутчэй нейкае замкнёнае ўнутры сябе кола людзей, якія лічаць, што бязьдзеяньнем і лагоднасьцю да ўладаў змогуць дапамагчы Беларусі. Рэгіёны так нічога і не зразумелі, бо ў МФ яны жывуць збольшага асобным жы-цьцём. Хаця толькі рэгіёны здольныя нешта ў МФ зьмяніць. У Менску ж працягнецца зацягваньне малых у Хрысьціянскія Ініцыятывы, Супольнасьці Яна Хрысьціцеля і г.д.

Мы, што стваралі калісьці МФ і сышлі 1 ліпеня з арганізацыі, не апраўдваем сябе. У цяперашнім становішчы ёсьць і наша віна. Дапусьціліся, не дагледзелі... Паспрабуем згладзіць гэтую віну — стварыць новую арганізацыю. Гэта будзе ня ў піку МФ — мы не палезем на поле рэлігіі — арганізацыя будзе адкрытай, палітычнай, элітнай. І менавіта зь яе, а не з Маладога Фронту, вырастуць будучыя міністры ўраду і дэпутаты парлямэнту сапраўды незалежнай Беларусі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0