Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

 

А.Ліцьвін. Акупацыя Беларусі (1941—44): пытаньні супраціву й калябарацыі. — Менск: «Беларускі кнігазбор», 2000. — 288 с. — Наклад 300 ас. ISBN 985-6318-87-4

Вядомы дасьледнік гісторыі Беларусі пэрыяду другое сусьветнае вайны А.Ліцьвін сабраў пад адной вокладкай свае публікацыі, што пабачылі сьвет за апошнюю чвэртку стагодзьдзя й прысьвечаныя пытаньням супраціву акупацыйнаму рэжыму й супрацоўніцтву зь немцамі на абшары Генэральнага камісарыяту Беларусі ў 1941—44 гады. Кніга ўжо спаткала шмат нараканьняў з боку некаторых вэтэранскіх арганізацыяў за незалежны погляд аўтара на падзеі апошняе вайны.

Arche-Скарына: Аналітыка. Эсэістыка. Крытыка. Рэцэнзіі. № 4 (9), 2000. — Менск, 2000. — 80 с. — Наклад 1100 ас.

Сярод найцікавейшых тэкстаў другога сёлетняга выпуску часапісу «Arche-Скарына»: Валеркі Булгакава «Дэклясаваная эліта» ды Ўладзімера Роўды «Расея й свабода». Найтаньней «Arche-Скарыну» можна прыдбаць у сядзібе БНФ — за 250 рублёў, у іншых месцах — трохі даражэй.

Belarussische Erzahlungen — Беларускія апавяданьні / Укладаньне й прадмова Ў.Сакалоўскага; Пераклад зь беларускае мовы Г.Гэрбат, А.Рандаў ды інш. — Менск: «Беллітфонд», 2000. — 256 с. — Наклад 1000 ас. ISBN 985-6376-07-5

Кніга ўлучае па адным творы ў беларускай ды нямецкай мовах найвыдатнейшых беларускіх пісьменьнікаў ХХ ст.: Ядвігіна Ш., Цёткі, Якуба Коласа, Зьмітрака Бядулі, Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, Кузьмы Чорнага, Максіма Зарэцкага, Янкі Брыля, Івана Шамякіна, Івана Мележа, Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча, Івана Чыгрынава, Алеся Рыбака ды Вольгі Іпатавай. Гэты зборнік будзе карысны выкладнікам нямецкае мовы.

Беларускія пісьменьнікі Польшчы. Другая палова ХХ стагодзьдзя / Укладальнік Я.Чыквін; Прадмова Ў.Конана. — Менск: «Беларускі кнігазбор», 2000. — 576 с., іл. — Наклад 2000 ас. ISBN 985-6318-80-7

Гэтая кніга выйшла пад вокладкаю сэрыі «Беларускі кнігазбор», і ўлучае 18 біяграфіяў ды ўзораў творчасьці беларускіх паэтаў і празаікаў Польшчы (пераважна Беласточчыны).

М.Русак. Лявонава доля: успаміны пра майго бацьку Станіслава Станкевіча. — Вільня: Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь», 2000. — 106 с., іл. — Наклад 500 ас.

Міраслава Русак успамінае пра свайго бацьку Станіслава Станкевіча — віленскага грамадзкага дзеяча й кніжніка міжваеннае пары.

Янка Купала і Адам Міцкевіч. З Купалаўскіх мясьцін: Зборнік / Пад рэдакцыяй Ж.Дапкюнас і В.Рагойшы. — Менск: «Беларускі кнігазбор», 2000. — 160 с. — Наклад 400 ас. ISBN 985-6318-82-3

Зборнік складзены на падставе спавешчаньняў IV Міжнародных Купалаўскіх чытаньняў (Менск, 9 верасьня 1998 г.), дзе асэнсоўваюцца сувязі Янкі Купалы з асобай і творчасьцяй Адама Міцкевіча. Другая частка зборніка — матар’ялы ІІ Міжнародных Ракаўскіх чытаньняў «Ракаўскія Паўночныя Атэны: Мар’ян Зьдзяхоўскі, Эліза Ажэшка й праблемы культурнага кантакту народаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы» (Ракаў, 10 верасьня 1999 г.). У «Дадатку» зьмешчаныя пераклады твораў Адама Міцкевіча, зробленыя Янкам Купалам, а таксама паэтаў выступ з нагоды 85-годзьдзя з дня сьмерці песьняра Наваградчыны.

Г.Давыдова. От Минска до Ла-Манша, или Дорогами Холокоста: Документальная повесть. — Выдавецтва «Чатыры чвэрткі», 2000. — 232 с., іл. — Наклад 500 ас. ISBN 985-6089-58-1

Гэта кніга-памяць сэрца аднэй з шматлікіх ахвяр генацыду супраць жыдоў часу другое сусьветнае вайны — дзяўчынкі, якая, каб выжыць, правандравала дарогамі Галакосту ад Менску да Ля-Маншу.

Л.Левшун. Очерки истории средневековой восточнославянской книжности: Эволюция творческих методов. — Менск: Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, 2000. — 270 с. — Наклад 300 ас. ISBN 985-6614-05-8

Аўтарка па-новаму разглядае гісторыю кніжнасьці земляў Усходняй Эўропы эпохі сярэднявечча. Замест тэрміну «старажытнаруская літаратура» яна прапануе інакшы, «больш прасторавы й важкі», — «усходнеславянская сярэднявечная кніжнасьць». У асобны разьдзел у кнізе вылучаная гісторыя кніжнасьці Вялікага княства Літоўскага XVI—XVII ст.

Агляд падрыхтаваў Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0