Адам Глёбус

Мянты

Апавяданьне

 

Менск -- горад мянтоў, адназначна. Яны ў сталіцы паўсюль. Плюнь угару, і абавязкова патрапіш у мянта, і проста так з гэтай сытуацыі ня выкараскаесься, добра, калі прымуцца прабачэньні, а можна і па галаве гумаю атрымаць.

Як іх толькі ў нас ні называюць: міліцыянэры, паліцыянты, праваахоўнікі… Як іх толькі ні абзываюць: паліцаі, бобікі, лягавыя, мянцяры паганыя, цэнтурыёны і, канечне, мянты. А сутнасьць іх была, ёсьць і будзе адна — не пушчаць нікога нікуды ніколі.

Я нарадзіўся ў год сабакі. А каб далі магчымасьць выбіраць, абраў бы год сьвіньні, яна значна бліжэй да чалавека. А сабака зь ягоным брэхам і ашчэрам — рыхтык мент. Ведаю, што кажу. Каб мянцяры хадзілі на ланцугу, парадку стала б болей. А каб на іх мордах напысьнікі драцяныя сядзелі, дык і спакой быў бы. Дарэчы, апошнім часам яны завялі моду хаваць твары за маскамі. Можа й да ланцугоў справа дойдзе. Раней было яшчэ горай, бо не вялося на зямлі больш паскуднай істоты за савецкага мянта.

Напрыканцы 80-х, у Маскве, каля помніка Пушкіну праваабаронцы зладзілі маленечкі акуратненькі мітынг і патрабавалі свабоды слова. Такая дробязь — свабода выказаць уласныя думкі і меркаваньні. А савецкія мянты білі мітынгоўцаў дубінкамі па галовах і кідалі ў фургоны. І ўсё на вачах у тысячы сьведак. Пераляканы, я прыбег тады ў Саюз пісьменьнікаў, дзе ладзіўся фэстываль «Мастацтва моладзі сацыялістычных краінаў». Лётаў ад аднаго літначальніка да другога й прасіў заступіцца за зьбітых і арыштаваных. Начальнікі глядзелі на мяне, як на ідыёта. А я не разумеў, чаму людзі адукаваныя й прыстойныя, людзі, якія дапамагалі асудзіць дзеяньні менскіх мянтоў, што білі дэманстрантаў на сьвята Дзяды каля Маскоўскіх могілак, і пальцам не кіўнулі, каб асудзіць сваіх маскоўскіх мардаваротаў. І сапраўды я даўн, калі адразу не зразумеў: лёгка асудзіць чужога паліцыянта і небясьпечна — свайго. І менавіта ў той вечар я канчаткова пераканаўся, што ў Маскве я чужы, што імпэрыя валіцца, трашчыць і памірае, што маскоўскія мянты — гэта расейскія лягавыя, а менскія — беларускія паліцаі.

У Барсэлёне, каля пляца Каталуніі, у цяністым дворыку я стаў сьведкам іншай расправы паліцыянтаў зь юнакамі. Трое наркаманаў — два юнакі й дзеўка зь зялёнымі валасамі — сядзелі на асфальце каля сьцяны й пыхкалі самакруткамі. Паліцыянты ўскочылі ў двор на матацыклах. Уварваліся яны сынхронна з розных бакоў і адрэзалі шляхі адыходу. Наркаманы й не паспрабавалі ўцякаць. Паліцаі заглушылі матацыклы, падыйшлі да маладых людзей і без усялякіх словаў пачалі біць. Я выдатна бачыў, як важка-чорны чаравік урэзаўся ў даўгавалосую галаву наркота. Зьбіўшы юнакоў, праваахоўнікі павытрасалі зьмесьціва іхных валізаў на зямлю й нешта там шукалі, мусіць, наркату, і, пэўна, знайшлі. Праз паўхвіліны ў двор заруліла машына, куды й загналі аматараў кайфовага дыму. За падзеяю ад пачатку да канца назіраў толькі я. Астатнія мінакі, пабачыўшы інцыдэнт, прысьпешвалі крок. На мяне ніхто не зьвяртаў аніякай увагі, я быў добра апрануты й паходзіў хутчэй на супрацоўніка пракуратуры, чымся на літаратара, які ня любіць людзей у фуражках і пагонах.

Апрананьне й пераапрананьне — досыць важная рэч у дачыненьнях зь мянтамі, якія ганарацца сваёй формаю. Вось і ў паўднёва-ўсходняй Азіі з-за шмоткі былі ў мяне дробныя непрыемнасьці. У Тайляндзе наведнікам выдаюць паперку з правіламі паводзінаў у краіне. Чорным па белым там напісана, што нельга жартаваць з паліцыянтам, бо ён страляе на пападаньне без усялякага папярэджаньня. Зрэшты, жартаваць зь мянтом і ў Менску не выпадае. Застрэліць не застрэліць, а перацягнуць дручком па сьпіне можа. Ды й як ты пажартуеш на тайскай мове? І я не жартаваў. Паводзіў сябе акуратна. Толькі аднойчы сутыкнуўся з праваахоўнікам. Іду сабе з пляжу й думаю: трэба мокрыя плаўкі зьняць і сухія шорты надзець. Зайшоў за куст і толькі… Адкуль ён узьнік, ня ведаю, але ў гатэль я прыйшоў у плаўках. Ну яго к чорту. Бо ў той паперцы апісваліся тры асноўныя прысуды, што выносіць тайскі суд: пятнаццаць гадоў зьняволеньня, пажыцьцёвы тэрмін і сьмяротнае пакараньне. Адмяніць прысуд можа толькі кароль, а зь ім я не знаёмы. Наогул, я ні разу не гаварыў ні з адным каралём і прэзыдэнтам. Ёсьць у іх нешта вайскова-мянтоўскае. Яны ж кіруюць міністрамі. Такі іх лёс. А пачнеш кіраваць мянтамі — сам станеш паліцаем. А быць галоўным паліцыянтам — справа няўдзячная й небясьпечная.

На менскім пляцы Бангалор на дзень Незалежнасьці я сутыкнуўся ў натоўпе з жонкаю былога мянцярскага міністра Захаранкі. Таго, што выйшаў з дому й не вярнуўся. Чуткі ходзяць розныя… Экс-міністра забілі. Экс-міністра скралі расейскія спэцслужбы. Экс-міністар схаваўся й чакае лепшых часоў. Але факт застаецца фактам: міністра няма, а ягоная жонка стаіць на мітынгу апазыцыі з фотапартрэтам мужа й просіць вярнуць ёй любімага чалавека. Сэрца сьціскаецца ад жалю да змучанай жанчыны, а вось за самога мянтоўскага галаву я ніколі не перажываў і перажываць не зьбіраюся. Не хвалююся я за мянтоў і табе ня раю. Марны гэта занятак.

Аматары апазыцыйных мітынгаў і рок-н-ролу выпусьцілі відэакасэту, дзе на музыку абы як наманціравалі кадры палітычных падзеяў найноўшай гісторыі. Мянты б’юць бабулю. Дзеці шпурляюць камяні ў бобікаў. Мітынгі. Шэсьці. Сутычкі. Звычайныя сучасныя кліпы. А вось адзін сюжэт на касэце зусім ня рок-н-рольны. Малады мент расказвае, як калегі загадзя рыхтуюць камяні, якімі потым падлеткі будуць у іх кідаць. Маўляў, правакатар кіне першы, а падлеткі з натоўпу неабачліва падтрымаюць дурную ініцыятыву. І гэты касэтны мент болей ня хоча служыць у белмянтоўцы. Так я табе і паверыў, мой мілы таварыш — мой мент. Калі ты гэта ведаў, дык чаму не распавёў загадзя й не папярэдзіў, і не перадухіліў бойку? Га? А такая натура, не ратаваць іншых, а сабе выгоды шукаць, каб дабротаў паболей, а працы паменей. Часам мянты могуць і сьведак папраганяць, каб меней пратаколаў пісаць.

На вуліцы Энгэльса, у гнюсным бары «Эліта» я выпіваў са школьным настаўнікам біялёгіі Казіміравічам. Ціхенька так гаварылі пра запаведныя расейскія мясьціны. Ён быў у Яснай Паляне, а я — у Ноўгарадзе. Да нас падыйшоў капітан кацера, што на Менскім моры дзяцей катае. П’яны ён быў моцна. Мы вырашылі пазьбегнуць скандалу й выйшлі з «Эліты». Капітан вывалакся за намі. А скандал насьпяваў сапраўдны. Бармэн, былы вучань Казіміравіча, прапанаваў капітану пайсьці на тры кірылічныя літары. Капітан пакрыўдзіўся і, выйшаўшы на вуліцу імя бацькі навуковага камунізму, пабіў вітрыннае шкло. Разагнаўся й бухнуў у яго плячом. І ўсе гэтыя надпісы «калі ласка, запрашаем», «бар ЭЛІТА прапануе сьняданкі, абеды, вужыны» пасыпаліся на яго. Капітан моцна парэзаўся й яшчэ біўся з бармэнам, пакуль не прыехалі мянты. У пастарунку мы апынуліся ўчатырох. У нас з Казіміравічам спыталі, хто мы такія. А потым лейтэнант сказаў: «Настаўнік і пісьменьнік ідуць на х!.. Мне такія сьведкі не патрэбныя». Вітрыну пастарунка мы біць ня сталі. Ня той стан ап’яненьня. І, у адрозьненьне ад капітанаў, настаўнікі біялёгіі й беллітаратары не крыўдуюць на тыя тры літары.

На рагу той жа вуліцы Энгельса й праспэкта Скарыны аднойчы стаяла купка высокачыноўных мянтоў. Яны пазіралі на Палац Рэспублікі, дзе сабраліся прэзыдэнты Беларусі, Расеі, Казахстану, Кыргызстану й Арменіі. Непадалёк ад мянтоў тоўкся алігафрэн. Ён сьмяяўся й паціраў далоні. Бяскрыўдна дастаў з носу «казла» й паспрабаваў зьесьці. Нясмачна. Выплюнуў сабе на далоні й зноў пачаў іх паціраць. Мянты бачылі забаўкі алігафрэна, але не рэагавалі, пакуль той не падыйшоў да іх і не загарлаў: «Прэзыдэнты! Прэзыдэнты!» Тады самы бурачковаморды мент аддаў загад, і радавы з ачапленьня, што вышнуравалася ўздоўж праспэкту, падляцеў да дурня й пагнаў аматара смаркачоў у двор, за піцэрыю. Прыбіраць маргіналаў з розных сьвяточных мерапрыемстваў — сьвяты абавязак паліцаяў.

9 траўня, на Дзень перамогі над фашыстоўскімі захопнікамі я бачыў, як два вялізныя мянты вялі маленькую бамжыху. Тая румзала й размазвала сьлёзы кулачком па апухла-малінавым твары. «Утаплюся! Утаплюся!» — крычала бамжыха-алькагаліца на ўсю вуліцу Маркса. «Ты лепей павесься, — прапанаваў старэйшы па званьні мент, — нам меней работы».

Розных гісторыяў пра мянтоў можна назьбіраць на раман. Толькі хай тое робяць самі мянцяры. Мне і гэтага хапіла, каб выказаць сваё да іх стаўленьне. А то сустрэў я маладзенькага пісьменьніка, пацякла гаворка. Ён і кажа: «А я міліцыю вельмі паважаю». «Паважай, любі… Твая справа. Проста ты не пацыфіст, не анархіст і ня рок-н-рольшчык, як я».

26.05.2000


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0