Менскія показкі

 

За грошы

У ЦУМе спадар адвярнуўся ў кутку ад усіх, каб палічыць уласныя грошыкі. Выгляд ягонай паставы ззаду — з нахіленай галавою ды рукамі, што нешта трымаюць ніжэй пасу, — намаляваў у сьвядомасьці аднае супрацоўніцы дастаткова амаральную карціну. Абураная ўпэўненасьцю ў тым, што паскуднік спраўляе патрэбу, кабета рынулася таўчы небараку кулакамі, пры гэтым гучна абсыпаючы яго адпаведнымі эпітэтамі.

Вось дык недарэчнасьць! Бедны спадар!..

 

Цячэ вада ў парток

Нейкі п’яндыла ўжо сапраўды ня мог стрымаць у сабе залішнюю перапрацаваную вадкасьць ды, ні на кога не зважаючы, узяўся пазбаўляцца ад яе проста ў фае вакзалу, там, дзе й стаяў ледзь. Працэс, як той казаў, пайшоў, але атрымаўся наступны эксцэс: абстрагаваны ад рэчаіснасьці дзядзька трымаў у руцэ зусім ня тое, што трэба ў падобных выпадках, а выцягнуты з парткоў кавалак рэменю, які ў пэўны момант і здаўся жлукту зьмесьцівам ягоных споднікаў. Добра так, трэба зазначыць, вадзіў ён у бакі тым кавалкам дзягі, нават абтрос напрыканцы...

Абедзьве показкі пачутыя ад вайсковага музыкі.

 

На ўсё жыцьцё

Адзін вясковец пасьля люднага гасьцяваньня ў свайго менскага сваяка ехаў раніцай у напхнёным людзьмі аўтобусе на вакзал. Жанчыне, якой лёсіла апынуцца побач з гэным чалавекам, стала млосна ад ягонага сьмярдзючага перагару, і яна ня вытрымала:

— Мужчіна, атвірніцесь! Ат Вас пірігарам нісёт!

А той, зірнуўшы на кабету, адсёк:

— Дык я ж то прыеду дамоў, прасплюся й нармальны буду, а ў цябе як былі ногі крывыя, так і астануцца на ўсю жызь!..

Пасьля таго, як насьмяесься з гэтае показкі, робіцца шкода няшчасную спадарыню, ды крыўдна за няветлівую трапнасьць беларускага селяніна. А распавёў былы супрацоўнік КГБ.

 

Я дома

Гэта было ў мэтро на нейкай канцавой станцыі.

«... Поезд далей не ідзе. Калі ласка, пакіньце вагоны!» — люд, як зазвычай, выконвае гэтую фанаграмную просьбу аднаго з артыстаў-дыктараў айчыннага радыё, але адзін апоек, які ўсю дарогу спаў седзячы, зусім не зьбіраецца браць удзел у агульным працэсе выйсьця. Нарэшце ён прачынаецца, уздымае ледзь жывую хісткую сваю галаву, аглядаецца — ужо нікога наўкол, і пачынае распранацца: зьдзявае куртку, здымае чобаты, нагавіцы і, да рэшты іх так і не сьцягнуўшы, кладзецца сабе спаць.

Вядома, спадара мусіў расчараваць машыніст, а потым і міліцыя, якія разьвеялі ягоную ўпэўненасьць у тым, што знаходзіцца ён дзесьці ў хаце на канапе.

Пачута ў вайсковым аркестры, як і тры наступныя байкі.

 

Капэрфільд у камуфляжы

Адзін вайсковы музыка, вяртаючыся са службы дамоў у стане «аўтапілёту», звыклым шляхам рушыў у мэтро. Магутныя шкляныя дзьверы, якія ён штурхануў з мэтай патрапіць на станцыю, на ліха аказаліся замкнёнымі. Але сяржант, не жадаючы мірыцца зь перашкодаю, упарта імкнуўся іх адчыніць, ляскатаў і грукатаў, нягледзячы на тое, што астатнія трое дзьвярэй былі цалкам даступныя для ўваходу, і празь іх пэрыядычна праходзілі грамадзяне, якія дзівіліся з апантанага ды нецьвярозага вайскоўца.

Міліцыянты, што затрымалі музыку, які гэтак і ня здолеў прайсьці на станцыю, сфармулявалі ў складзеным пратаколе ягоныя дзеяньні наступным чынам: «... Пытался проникнуть сквозь стекло...»

 

Аўтастопам

Яшчэ адзін вайсковы музыка прадаў другому сьпінінг, што й было імі грунтоўна адзначана дома ў пакупніка. Прынятае новым уладальнікам сьпінінгу рашэньне выпрабаваць прыладу ў той жа вечар на вадаёме было ўхвалена ўладальнікам былым, і, сабраўшы прычындалы ды адпаведна апрануўшыся, калегі рушылі з кватэры.

Праз колькі кварталаў музыка зь сьпінігам зусім ужо прыслабеў быў ды заўважыўшы, нарэшце, што дружбак недзе згубіўся, лёг наўзбоч праезнай часткі, задраў угару руку з вудзільнам ды пачаў галасаваць. Першым і спыніўся міліцыянцкі ЎАЗік.

— Атвізіце міня дамой!

— Ні біспакойся, шчас атвізём! — і адвезьлі яго ў вайсковую камэндатуру на Кірылы й Мяфодзія.

Калі з палку прыехалі забіраць калегу па заканчэньні 10-ці сутак гаўптвахты, той і паўстаў перад аднапалчанамі на ганку камэндатуры са сьпінінгам, сакам, у куртцы вайсковага камбінэзону «ОЗК», у трыко ды ў кедах.

 

Лавіся, рыбка!

А ўжо іншы вайсковы музыка ішоў зімовым ранкам ад каханкі з Масюкоўшчыны на аўтобусны прыпынак, каб паехаць на службу. Ішоў ды ўбачыў наступнае: ля чыгункі сядзяць на сваіх скрынках рыбары. Носам дзяўбуць, але вудаў з рук не выпускаюць. Лёска адматаная, мармышкі ў сьнезе патанулі — забурыліся й ловяць. Думалі, што ўжо на Менскім моры...

 

Толюсь Карабенік, Мядзел-Менск-Мядзел


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0