НАМОРДНІК
Нагубак
Хачу зрабіць невялікае адкрыцьцё. На некалькіх аўтобусах маршруту №87 (Аўтазавод—Зялёны Луг) сустракаў гэткія налепкі на шкле пры ўваходных дзьвярах. Намаляваная сабачая пыса, перакрэсьленая чырвоным і на ёй надпіс па-славацку: уваход з сабакамі без нагубку забаронены. Упершыню гэтую налепку я заўважыў з паўгады таму і перапісаў сабе ў нататнік, бо слова «без нагубку» мяне вельмі ўразіла сваёй дакладнасьцю, мяккасьцю, што вельмі пасуе і беларускай мове.
Да таго і герб у славакаў — наш, Эўфрасінеўскі крыж.
Мусіць, вельмі неабходна нам дзеля пашырэньня свайго слоўнага запасу мець як мага большы славацка-беларускі слоўнік, дзе мы б маглі шмат знайсьці цікавага.
Сяргей Трыпуцін, Менск
Батак
Хачу ўступіць у палеміку наконт абеларушчваньня беларускае мовы. Зараз ідуць спрэчкі, як правільна і прыгажэй гучыць слова «наморднік». Я прапаную рабіць так, як робяць нашы браты-прыбалты, каб гэтае слова не было калькаю зь іншае мовы, найперш расейскай. Трэба слова проста прыдумаць, але каб было беларускае гучаньне ці вымаўленьне. Напрыклад, я прапаную слова «батак», пару разоў я сабе гэта слова паўтарыў і ўжо здаецца, быццам так і мае быць. Такім чынам можна назваць і «дзяпан», «рацяк» і гэтак далей, але больш неяк мне здаецца «батак».
Валодзя Бандарчык, Менск
Намызьнік
Я дазволю сабе прапанаваць свой варыянт перакладу на беларускую мову слова «наморднік».
Пачнем з таго, куды адзяецца гэта рэч сабаку. На морду. А як у беларускай мове будзе называцца сабачая морда? Я ведаю два варыянты: мыза і пыса. Я не сьцьвярджаю, што гэта агульнабеларускія назвы, але так называюць твары жывёл у маёй вёсцы. Пачнем з пысы. Наморднік — напысьнік. Скажу адразу, мне гэты варыянт не падабаецца. Бо словы «пыса» і «напысьнік» у некаторых могуць выклікаць нездаровыя асацыяцыі. А вось што датычыцца слова «мыза», дык тут, на мой погляд, усё выдатна: наморднік — намызьнік. Як гучыць! Выдатна? А то!!!
Вось як будзе гучаць вытрымка з вашага паведамленьня «Наморднік» («НН» (27) ад 4.07.2000): «Трэба было паведаміць, што міліцэйскія сабакі — гэтыя страшэнныя ратвэйлеры — былі на вуліцах Менску без намызьнікаў».
Абалік Юры, Менск
Пра наморднік і рацыю
Прадмет дыскусіі, нагадаю, — беларускае ці не слова «наморднік». Рэдакцыя НН лічыць, што не, і ў адказе на мой ранейшы ліст абгрунтоўвае гэта такім чынам: «Мы... не аспрэчваем беларускасьць слова «морда». Але слова «наморднік» (яго, дарэчы, няма і ў Насовіча) — гэта відавочнае наступства русіфікацыі (тут нехарактэрны для беларушчыны зьбег зычных «рдн»), прычым відавочна позьняе».
Вось жа, «морда» — слова беларускае. Словаўтваральная мадэль, паводле якой яно ўтворана (конфікс на-...-нік) — пэўна ж, таксама. Паводле гэтае мадэлі ўтвараюцца такія бясспрэчна беларускія словы, як настольнік (абрус), набожнік (ручнік на абразы), нарамнік (наплечнік), нарожнік... Як жа зь беларускага кораню паводле беларускае словаўтваральнае мадэлі магло ўтварыцца небеларускае слова?
Рэдакцыя падае адзіны довад супраць беларускасьці «намордніка»: там «нехарактэрны для беларушчыны зьбег зычных «рдн»».
Мушу прызнацца, што гэтага доваду я не разумею. Што значыць «нехарактэрны»? Ён рэдкі, так; але няўжо любое рэдкае спалучэньне гукаў — падстава, каб выкараняць з мовы адпаведнае слова? Гэты зьбег зычных сустракаецца на сутыку кораню і суфіксу; а паколькі каранёў на -рд у нас мала, дык няшмат і суфіксальных утварэньняў ад іх. Але яны ёсьць; прычым, калі гняздо «пагардны, пагарднасьць» яшчэ можна палічыць штучным утварэньнем — пазьней яно так і не замацавалася ў мове — дык такія словы, як «прасьмерднуць» альбо «жардняк» (жэрдкавы лес) — бясспрэчна народныя.
Як паказалі допісы ў рэдакцыю, дыялекты «маюць» адмысловыя назвы для намордніка, хоць і ня так далёкія ад расейскага варыянту. Прыдумаць можна ўсё, што хочаш, але, па-мойму, спроба растлумачыць вясковаму дзядзьку, што намызьнік ягонага Тузіка на сапраўднай беларускай мове яшчэ з пазамінулага панядзелка называецца зашчар — тэма для вадэвілю.
Яшчэ адно, на першы погляд, нечаканае назіраньне. Як паказала дыскусія пра «наморднік», ні дапісчыкі, ні рэдакцыя не чытаюць слоўнікаў. Інакш дапісчыкі не прапаноўвалі б у якасьці намордніка то налыгач («поводок»), то вось аброжак («ошейник»; дарэчы, аднаго кораню не зь «берагчы», а, як ні дзіўна, з «отверзти»); альбо, апублікаваўшы гэтыя допісы, рэдакцыя б напісала, што гэтыя словы значаць насамрэч. Абодва словы ёсьць у Тлумачальным слоўніку (у 5 тамох).
Наконт «рацыі», якая ня лезе ў вуха Артуру зь Менску. Магу запэўніць: гэта «сапраўды» натуральна па-беларуску. Хто і калі ўвёў яе ва ўжытак — сказаць немагчыма, бо надта ж даўно было. Слова сустракаецца яшчэ ў старабеларускай мове, а ў сучасную эпоху фіксуецца ўсімі слоўнікамі, пачынаючы з Насовіча (1870); у ТСБМ прыклады зь Цішкі Гартнага, Лынькова і Якуба Ермаловіча. Запазычана яно, вядома, не з ангельскае (ангельскія запазычаньні шырока пайшлі ў беларускую мову толькі ў 20 ст.), а з лаціны (ratio), адкуль і ангельскае ration (rate яму роднаснае, а вось right — слова чыста англасаксонскае). Мабыць, пасярэднікам пры запазычаньні выступіла польская мова, у якой racja таксама ёсьць. Я гэтае слова ведаю з дому.
Мікола Раманоўскі, Менск
Абас
Для мяне самая цікавая рубрыка «НН» за 2000 год — гэта «слоўнік-2000». Такая цікавая, што вырашыў далучыцца да моватворчасьці.
Па-першае, наморднік...
Згодны, што налыгач — гэта на каня ці якога сайгака. Мызы-пысы — гэта ў тхароў, вавёрак, катоў і іншай драбязы. «Наморднік» — найбольш архаічнае слова, але калі так трэба прыдумаць нешта новае, дык больш слушная прапанова кінолягаў: «нашчэрнік, зашчар», але найлепш суплёт гэтых словаў — «нашчар» — і прамаўляецца лягчэй, і добра рыфмуецца:
Каб не разяваў сабака пашчу
Нацягну яму на морду нашчар.
Дарэчы, што зацыклівацца на адным слове. Чаму не друкуюцца новыя словы, якія дасылаюць чытачы? Вось мне спадабаліся словы Скіргайлы Палянэцкага:
утор — штэкер
уторына — разэтка
Як добра гучыць — утыркні ўтор ува ўторыну.
Я прыдумаў свае словы на запрапанаваныя, напрыклад:
унітаз — дусель (дупай сеў)
лесьвічная пляцоўка —
лесьня
падшыпнік — кокуль (кокан для куляў-шарыкаў)
парашут — падарон (рон — абарона, пада — падаць)
радыятар — рэльд — (грэль — радыятар ацяпленьня)
бульдозэр — капарол (капа — капаць, рол — мэханізм)
магнітафон — зыкаль (зык — гук, каляваць — «воспроизводить»)
пад’езд — дарб
шчыліна — шчыля (простыя скарачэньні)
адтуліна — туля (простыя скарачэньні)
цэнтар — даж (Дажбог — бог Сонца, а сонца ў цэнтры)
жам — сухая рэшта (жамеры — сухія парэшткі ч.н.)
накоўдраньнік — накоўдрак
бактэрыі — бузахі (выклікаюць бузу і хіру арганізму)
бар’ер — рар
памяшканьне — кан
бункер — канкан
разумею — цям, зразумей — уцям, провад — цяг (некаторыя падмяняюць сэнс гэтых словаў)
Што за «сос» у слове пыласос? Пыласос — пыласыс (сысаць, сысуны, а не інакш)
Ну, а верхаліна выдумкі — гэта замена доўгага слова «інфармацыя» на «абас»: а — адна, б — баба, а — аднойчы, с — сказала
праграма — бул
мерапрыемства — задр
Мікола Максвіл